Сяргей ПЕРАПЕЧА, дырэктар дзіцячай музычнай школы № 1 імя Л.П. Александроўскай г. Мінска:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Новая канстытуцыя” ДШМ з дыферэнцыраваным падыходам”

 /i/content/pi/cult/193/2139/Perapecha.jpg
— Школы мастацтваў рэспублікі аб’ядноўваюць больш за 500 навучальных устаноў, дзе выкладаюць музычнае мастацтва, жывапіс, харэаграфію, асновы тэатральнага і эстраднага майстэрства, народныя рамёствы. У аснове работы школ ляжыць дыферэнцыраваны падыход да індывідуальных здольнасцей, фізічных магчымасцей і духоўных патрэб юнай асобы.
У 2008 г. Міністэрствам культуры прынята новае Палажэнне аб школах мастацтваў, якое дакладна вызначыла іх статус у дзяржаўнай сістэме адукацыі, прадастаўляе новыя магчымасці ва ўдасканальванні працэсу навучання і вядзенні фінансава-гаспадарчай дзейнасці, вызначае новую, больш высокую ступень адказнасці кіраўнікоў і работнікаў за вынікі сваёй працы. Карыстаючыся магчымасцю, ад імя кіраўнікоў школ мастацтваў я хачу выказаць словы ўдзячнасці Міністэрству культуры за энергічную і выніковую працу над гэтым складаным і важным дакументам. Для школ мастацтваў гэта “новая канстытуцыя”, якая будзе вызначаць іх работу ў дынамічны і зменлівы сённяшні і будучы час.
Нягледзячы на складаныя эканамічныя працэсы, школам мастацтваў дзяржава пастаянна аказвае вялікую ўвагу, выдзяляючы значныя фінансавыя сродкі на рэканструкцыю і рамонт будынкаў, набыццё высакаякасных і каштоўных інструментаў, сучаснай электроннай апаратуры, камп’ютэрнай тэхнікі, абнаўленне бібліятэчных фондаў.
Разам з тым, хацелася б спыніцца на нявыкарыстаным патэнцыяле, які мог бы значна пашырыць магчымасці рашэння гэтых пытанняў. У першую чаргу, гэта развіццё ў краіне ўласнай вытворчай базы музычных інструментаў. Сёння мы выдаткоўваем немалыя сродкі для набыцця фартэпіяна, баянаў, акардэонаў, народных і духавых інструментаў, прымаючы фінансавыя ўмовы вытворцаў з блізкага і далёкага замежжа, якія часам з цяжкасцю паддаюцца асэнсаванню. Вось толькі некаторыя цэны на музычныя інструменты, якія можна вызначыць як вучэбныя: фартэпіяна— ад 5 тысяч у.а.; баяны — ад 2 тысяч у.а.; акардэоны — ад 3 тысяч у.а.; струннанародныя — ад 1 тысячы у.а.; рэкордны пачатковы кошт устаноўлены на такі інструмент, як габой, — ад 6 тысяч у.а. Беларускія цымбалы на сёння не вырабляюцца нідзе, і набыць іх немагчыма.
У апошні час школы мастацтваў атрымалі шэраг новых праграм па разнастайных спецыяльнасцях, якія грунтуюцца на вопыце і дасягненнях вядучых спецыялістаў. Аднак школы мастацтваў просяць Міністэрства культуры аб больш хуткім завяршэнні работы над праграмай новага накірунку дзейнасці школ мастацтваў — эстраднага, і менавіта, для інструментальных класаў. Доўгі час у школах не выкарыстоўваўся велізарны патэнцыял гэтай формы навучання. Адносна невялікі вопыт і нядаўна дасягнутыя бліскучыя вынікі, а самае галоўнае — вялікая цікавасць да гэтага накірунку з боку дзяцей і іх бацькоў абавязваюць нас хутка ўносіць адпаведныя карэктывы ў свае дзеянні.
Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да Міністэрства культуры з прапановай вярнуцца да разгляду пытання аб прадастаўленні магчымасці выкладчыкам-сумяшчальнікам выконваць дадатковую работу ў аб’ёме 240 педагагічных гадзін у год. Гэтая норма ў школах мастацтваў эфектыўна дзейнічала на працягу многіх гадоў і выкарыстоўвалася, як правіла, для развіцця рэдкіх спецыяльнасцей, у першую чаргу — на духавым і народным аддзяленнях. Другі год работы ў новых умовах паказвае актуальнасць гэтага пытання.
Змена умоў працы школ мастацтваў, адкрыццё новых накірункаў і спецыяльнасцей ставяць яшчэ адну праблему — неабходнасць распрацоўкі і прыняцця новых тыпаў штатаў, якія адпавядалі б сучасным патрабаванням.
Інтэнсіўная і напружаная праца выкладчыкаў прыносіць свой плён. Навучэнцы школ мастацтваў, прымаючы ўдзел у самых прэстыжных міжнародных конкурсах і фестывалях, вяртаюцца з узнагародамі самай высокай пробы. Гэта перамогі ў нашай краіне, Расіі і Прыбалтыцы, Польшчы і Чэхіі, Францыі і Германіі ды іншых краінах. У сувязі з гэтым я хачу выказаць словы ўдзячнасці ад імя школы мастацтваў за адрасную дзяржаўную падтрымку таленавітых і адораных дзяцей. Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі штогод выдзяляюцца значныя сродкі для выплаты стыпендый лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, прэмій творчым калектывам, фінансавання найбольш значных творчых праектаў. Прэміі і стыпендыі таксама ўстанаўліваюццамясцовымі органамі ўлады. Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам зацверджаны 5 прэмій для найбольш адораных навучэнцаў. Найвышэйшай ацэнкай работы школ мастацтваў рэспублікі ў 2008 годзе з’явілася прысуджэнне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Дзяржынскай школе мастацтваў за выхаванне творчай моладзі. Узнагарода была ўручана Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.
Паважаныя калегі! 2009 год ужо набраў свой тэмп. Пастаўлены новыя задачы і мэты, вызначаны шляхі іх дасягнення. Мы, работнікі школ мастацтваў, зробім усё магчымае для таго, каб наша сумесная праца ў гэтым годзе прынесла важкія вынікі ў справе духоўнага адраджэння краіны, адкрыла новыя таленты і стварыла ўмовы для іх творчай рэалізацыі на каpысць нашай любімай Беларусі.