Юрый ЛЯЙКО, дырэктар установы адукацыі “Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў”:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Крок насустрач маладому спецыялісту”

 /i/content/pi/cult/193/2137/Lyajko.jpg
— Асноўнай задачай нашай навучальнай установы — Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — з’яўляецца забеспячэнне якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне культуры, канкурэнтаздольных на рынку працы, гатовых для далейшага прафесійнага і асобаснага развіцця.
За трыццаць гадоў існавання ўстановы падрыхтавана звыш 5,5 тыс. спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах культуры і мастацтва Мінскай вобласці, рэспублікі, бліжэйшага замежжа. Сёння каледж ажыццяўляе выпуск па 11 спецыяльнасцях.
Аналізуючы працаўладкаванне выпускнікоў каледжа, трэба адзначыць, што найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца спецыяльнасці “харэаграфічнае майстэрства”, “харавая музыка (народная)”, “рэжысура народных абрадаў і свят”. За кошт менш запатрабаваных спецыяльнасцей з 2006 навучальнага года ўведзена новая — “мастацтва эстрады (вакал)”.
Маніторынг кадравага забеспячэння ўстаноў культуры Міншчыны вызначыў неабходнасць адкрыцця завочнага аддзялення па спецыяльнасці “рэжысура народных абрадаў і свят”. У 2007 годзе быў ажыццёўлены першы набор па дадзенай спецыяльнасці на платнай аснове з прыёмам абітурыентаў адзін раз на два гады.
У мінулым навучальным годзе з 95 выпускнікоў, якія навучаліся на бюджэтнай аснове, 31 працягвае навучанне ў ВНУ, 62 пацвердзілі сваё працаўладкаванне, з іх 31 працуе ў сельскай мясцовасці. 2, у адпаведнасці з Палажэннем аб размеркаванні, атрымалі права на вольнае працаўладкаванне. Толькі за апошнія тры гады са 192 выпускнікоў, працаўладкаваных ва ўстановы культуры вобласці, больш за 50% накіраваны ва ўстановы культуры сельскай мясцовасці. Акрамя таго, назіраецца рост колькасці размеркаванняў выпускнікоў у аграгарадкі. Да прыкладу, калі ў 2006 годзе было накіравана ўсяго 4,2%, то ў 2007 гэтая лічба ўзрасла да 23%, а ў 2008 — да 27,5%. Сёння ж мы маем стопрацэнтнае прыбыццё выпускнікоў на месцы размеркавання.
Штогод ажыццяўляецца набор абітурыентаў у нашу навучальную ўстанову па мэтавых накіраваннях (у сярэднім — каля 20 чалавек). Гэта эфектыўная форма замацавання кадраў у рэгіёнах. Карыстаючыся магчымасцю, просім Міністэрства культуры разгледзець пытанне аб прадастаўленні мэтавых накіраванняў абітурыентам з гарадскіх пасёлкаў і раённых цэнтраў з наступным размеркаваннем іх у сельскую мясцовасць накіроўваючага рэгіёна. Таму што Правілы прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, якія зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 г. № 80 і дзейнічаюць сёння, не прадугледжваюць дадзеную пазіцыю.
Тэорыя і практыка не могуць існаваць аўтаномна. За апошнія гады наладжаны ўзаемаабмен вопытам работы кіраўнікоў устаноў культуры вобласці з выкладчыкамі нашай навучальнай установы. У склад Савета каледжа ўключаны кіраўнікі аддзелаў культуры райвыканкамаў з мэтай абмену вопытам, а таксама для правядзення цыкла лекцыйных мерапрыемстваў аб дзейнасці ўстаноў культуры па развіцці пазабюджэтнай сферы, планавання, змесце работы, пытаннях стварэння інфраструктуры культуры на сяле, сучасных форм арганізацыі вольнага часу сельскага насельніцтва, у тым ліку ў аграгарадках.
Задачы, абазначаныя Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады, вызначылі прыярытэты ў арганізацыі навучальнага працэсу па падрыхтоўцы спецыялістаў галіны культуры.
У сувязі з гэтым: педагогамі нашага каледжа распрацаваны праграмы па прадметах “Сацыяльна-культурная дзейнасць”, якія прадугледжваюць комплексную адукацыю і рэалізацыю асобасных творчых здольнасцей выпускніка ва ўмовах работы на сяле (дадзеныя праграмы выкарыстоўваюцца не толькі ў нашай навучальнай установе, але і шматпрофільнымі сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі рэспублікі); створаны і пастаянна абнаўляецца банк даных размеркавання і працаўладкавання выпускнікоў, што дазваляе нам адсочваць працэс кадравага забеспячэння; актыўна дзейнічае сістэма правядзення творчых семінараў і кансультацый. У мінулым годзе на базе каледжа найбольш вынікова прайшлі абласныя семінары па харэаграфічным мастацтве, эстрадным вакале, народных спевах, а працэс падачы тэарэтычнага і практычнага матэрыялу праз інтэграцыю дысцыплін псіхалогіі, педагогікі і методыкі выкладання — карысны і эфектыўны; педагагічны калектыў каледжа вядзе мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу, штогод ствараюцца план мерапрыемстваў па прафарыентацыі, графік выездаў у рэгіёны вобласці па правядзенні майстар-класаў, прэзентацый прафесіі, выступленняў па актуальных праблемах падрыхтоўкі абітурыентаў, клас-канцэртаў; створаны і пастаянна абнаўляецца сайт каледжа ў Інтэрнеце, дзе размешчана рэкламна-інфармацыйная панарама нашай навучальнай установы.
Безумоўна, у замацаванні кадраў на месцах немалаважнымі з’яўляюцца пытанні бытавога ўпарадкавання, узняцця прэстыжу і статуса маладога спецыяліста. У асноўным, у рэгіёнах створаны неабходныя ўмовы для гэтых мэт. Думаю, дарэчы будзе агучыць вопыт аднаго з рэгіёнаў Міншчыны. У мінулым годзе ў Нясвіжы адбыўся раённы злёт маладых спецыялістаў усіх галін дзейнасці.
Праграма дня прадугледжвала арганізаваны выезд і азнаямленне з дзейнасцю вядучых сельскіх устаноў раёна, ушанаванне маладых спецыялістаў, “круглы стол” з удзелам кіраўніцтва і структурных падраздзяленняў райвыканкама. Лічу, што гэта крок насустрач маладому спецыялісту і ўдзел у вырашэнні яго сацыяльна-побытавых праблем.