Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар установы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы”:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Event” на клубнай карце"

 /i/content/pi/cult/193/2134/Hmyalkou.jpg
— У справаздачны перыяд актывізаваўся працэс развіцця і ўмацавання метадычных службаў, асноўная мэта якіх — аказанне дзейснай метадычнай і практычнай дапамогі клубным установам вобласці. Значна ўмацавалі свой інфармацыйны патэнцыял раённыя метадычныя цэнтры.
У дадзены час метадычная дзейнасць на абласным і раённым узроўнях ажыццяўляецца на аснове ўкаранення новых інфармацыйных тэхналогій. Банкі даных, Інтэрнет, электронная перадача даных, мультымедыйныя выданні, сайты і электронная пошта робяцца ўжо звычнымі і неабходнымі ўмовамі аператыўнага інфармавання, метадычнага забеспячэння і рэкламавання прафесійнай дзейнасці.
Пры падтрымцы ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ўсе раённыя цэнтры і дамы культуры ў цэнтралізаваным парадку абсталяваны камп’ютэрнай тэхнікай і прыладамі з функцыямі чорна-белага друку, сканіравання, капіравання і перадачы факсаў. За ўласныя сродкі шэраг раённых цэнтраў культуры набыў каляровыя лазерныя капіры і каляровыя струменныя прынтэры. Усё гэта дазволіла павысіць узровень інфармацыйна-метадычнага забеспячэння непасрэдна на раённым узроўні.
Адпаведна і мы з улікам гэтага прад’яўляем да сваёй работы павышаныя патрабаванні і выпрацоўваем сучасныя новыя падыходы і тэхналогіі да метадычнага забеспячэння клубных устаноў вобласці. Раённыя ўстановы культуры падключаны да сеткі Інтэрнет. Для перадачы інфармацыі і аказання аператыўнай метадычнай дапамогі выкарыстоўваецца электронная пошта. У абласным метадычным цэнтры ўсе творчыя работнікі забяспечаны камп’ютэрамі, што злучаны ў лакальную сетку. Мы максімальна імкнёмся скараціць папяровы дакументазварот як унутры ўстановы, так і паміж метадычнымі службамі вобласці. Усё больш метадычных матэрыялаў рыхтуецца ў нас на новых электронных носьбітах. Гаворка ідзе пра мультымедыйныя дыскі і электронныя кнігі, выданне якіх ажыццяўляе наш Цэнтр з 2007 года. Інфармацыя аб гэтай прадукцыі размешчана на нашым сайце па адрасе www.mogomc.com.
Усё больш актыўна праходзіць працэс мадэрнізацыі сеткі ўстаноў культуры вобласці. У 2008 годзе было рэарганізавана 28 клубных устаноў у новыя тыпы:сельскія цэнтры культуры і адпачынку, клубы народнай творчасці, дамы фальклору, клубы-музеі. Такім чынам, налічваецца 100 клубных устаноў новага тыпу, што складае амаль пятую частку ад агульнай колькасці. У Чавускім раёне прыярытэт аддаецца мадэрнізацыі ўстаноў культуры з мэтай захавання і развіцця традыцыйнай культуры рэгіёна (Дом народнай творчасці, Дом фальклору). У Горацкім, Касцюковіцкім, Шклоўскім раёнах выявілася яскрава акрэсленая разнавектарнасць па тыпах клубных устаноў, выяўляюцца і апрабіруюцца разнастайныя мадэлі клубных устаноў.
Аднак лічу, што рэзервы мадэрнізацыі і аптымізацыі сеткі выкарыстаны далёка не напоўніцу. Гэтую працу, з улікам мясцовых умоў і патрэб насельніцтва, фінансавых, кадравых і матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей, неабходна актывізаваць, укараняючы лепшы вопыт работы новых тыпаў устаноў. Так, да прыкладу, плануецца, што ў 2009 годзе на карце клубных устаноў Магілёўскай вобласці з’явяцца сельскі Клуб народных рамёстваў — у Чавускім раёне, сельскі Клуб-музей, Дом рамёстваў — у Крычаўскім раёне, два сельскія клубы-бібліятэкі.
Планамерная праца, што праводзіцца МАМЦНТ, дазваляе ажыццяўляць аналітычную і метадычную дзейнасць па розных накірунках і жанрах. Абласныя агляды-конкурсы, разнастайныя творчыя праекты, семінары-практыкумы, лабараторыі, майстар-класы, канферэнцыі дапамагаюць адсочваць становішча і развіццё народнай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці ў вобласці, выяўляць і абагульняць лепшы вопыт работы клубных устаноў вобласці, а таксама і памылкі ў арганізацыі клубнай работы.
Рэгулярна на пасяджэннях Савета дырэктараў цэнтралізаваных клубных сістэм і раённых метадычных службаў вобласці разглядаюцца пытанні аб наяўных недахопах і вызначаюцца задачы па далейшым паляпшэнні культурна-асветніцкай работы.
Паспяховым лічу і ажыццяўленне сумеснага аўтарскага праекта “Клуб у люстэрку прэсы” Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра і абласной газеты “Магілёўскія ведамасці”, дзякуючы якому сельскія дамы культуры і клубы, раённыя цэнтры атрымалі унікальную магчымасць паказаць свае дасягненні шырокай аўдыторыі і прыцягнуць увагу розных груп насельніцтва да дзейнасці ўстаноў культуры. Дзякуючы цесным кантактам з расійскім часопісам “Праздник”, на старонках выдання была асветлена культурная падзея вобласці — Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Акрамя таго, спецыялісты Цэнтра змаглі прыняць удзел у рабоце семінара-трэнінгу “Крэатыў у распрацоўцы святочных і event мерапрыемстваў”, што праводзіўся вучэбным цэнтрам фонду “Праздник”.
У працэсе рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла пераўтвараецца аблічча беларускай вёскі, пашыраецца сацыяльна-культурны асяродак на сяле, пералік прадастаўляемых культурных паслуг насельніцтву робіцца больш шырокім і разнастайным. На сённяшні дзень установы культуры могуць прапанаваць разнастайныя формы арганізацыі творчай і культурна-адпачынкавай дзейнасці, пачынаючы ад звычайных гурткоў і калектываў аматарскай творчасці, выставак і канцэртаў і заканчваючы камп’ютэрнымі класамі, фітнес-клубамі, трэнажорнымі заламі і сямейнымі гасцёўнямі. У шэрагу раёнаў для арганізацыі адпачынку моладзі выкарыстоўваюцца камп’ютэрныя тэхналогіі. Пакуль яшчэ на ўзроўні камп’ютэрных клубаў і гульняў.
Арганізацыя работы па культурным абслугоўванні жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў знаходзіцца пад пільнай увагай як з боку ўпраўлення культуры аблвыканкама, аддзелаў культуры райвыканкамаў, так і месных распарадчых органаў. За два апошнія гады ў вобласці сфарміравана сетка мабільных устаноў культуры, якая ўключае ў сябе 20 аўтаклубаў, 13 бібліобусаў і 21 кінавідэаперасоўку.
Адным з найважнейшых мерапрыемстваў, праведзеных МАМЦНТ, з’явіўся абласны конкурс на лепшую пастаноўку работы аўтаклубаў “Сельская глыбінка”, накіраваны на развіццё мабільнай сістэмы ўстаноў культуры і актывізацыю дзейнасці па культурным абслугоўванні сельскага насельніцтва. У час конкурсу была ўпарадкавана ўлікова-справаздачная дакументацыя аўтаклубаў, вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці аўтаклубаў і выяўлены пытанні, што патрабуюць неадкладнай дапрацоўкі.
Актыўная праца аўтаклубаў забяспечыла павелічэнне паказчыка па канцэртным абслугоўванні сельскага насельніцтва ў 2007 годзе на 9,1%, у 2008 — на 11,6%.
Вопыт працы перасовачных устаноў культуры Магілёўскай вобласці быў прааналізаваны ў час правядзення Рэспубліканскага семінара-практыкума па арганізацыі культурнага абслугоўвання аддаленых і маланаселеных вёсак Магілёўскай вобласці”, у якім прынялі ўдзел галоўныя спецыялісты ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў, дырэктары абласных і раённых метадычных цэнтраў і цэнтралізаваных клубных сістэм Беларусі.
Сёння, дзякуючы наладжанай рабоце перасовачных устаноў культуры, стварэнню пляцовак філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання, узмацненню ролі клубных устаноў аграгарадкоў у культурным забеспячэнні прылеглых тэрыторый, практычна ўсе населеныя пункты ў раёнах Магілёўскай вобласці ахоплены культурным абслугоўваннем. Гэтая праца набыла разнастайныя формы, у ёй задзейнічаны як установы культуры, так і ўсе зацікаўленыя структуры рэгіёна. Аўтаклубы, бібліобусы, кінавідэаперасоўкі запатрабаваны, прыняты і чакаюцца насельніцтвам нашай вобласці.
Прыярытэтным накірункам дзейнасці МАМЦНТ і ўстаноў культуры вобласці ў 2008 годзе застаецца работа па захаванні і развіцці традыцыйнай культуры Магілёўскай вобласці.
Галоўным праектам года з’явілася рэалізацыя плана мерапрыемстваў па развіцці традыцыйнага мастацтва Магілёўшчыны “Год рамёстваў — 2008”. Цягам года спецыялістамі Цэнтра праводзіліся вывучэнне і аналіз тэндэнцый, якія склаліся ў развіцці традыцыйных для Магілёўскай вобласці відаў і жанраў народных рамёстваў. У межах Года рамёстваў адбыліся семінары, практыкумы, майстар-класы, абласныя конкурсы па кераміцы “Ганчарнае кола”, па саломка- і лозапляценні “Карункі роднай спадчыны”, па рэканструкцыі нацыянальнага строю “Традыцыйны касцюм Магілёўшчыны”. Яны дазволілі не толькі знайсці цікавыя напрацоўкі, але і выявіць праблемныя зоны, над якімі мы будзем працаваць.
Цягам усяго 2008 года работнікамі культуры вобласці пры непасрэдным удзеле абласнога метадычнага цэнтра праводзілася экспедыцыйная праца па зборы і вывучэнні ўзораў традыцыйных аўтэнтычных народных касцюмаў і прадметаў побыту, што захаваліся ў раёнах. Заканамерным вынікам з’явілася арганізацыя і правядзенне першай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйны касцюм Магілёўшчыны. Гісторыя і сучаснасць”. У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 100 чалавек з раёнаў Магілёўскай вобласці, работнікі культуры з абласцей краіны, навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, спецыялісты па традыцыйным касцюме з Масквы, Смаленска. Па выніках вывучэння традыцыйнага нацыянальнага строю быў выдадзены зборнік матэрыялаў. У межах канферэнцыі адбыліся прэзентацыі традыцыйнага касцюма рэгіёнаў вобласці, якія прадставілі ўсе раёны вобласці, Магілёў і Бабруйск.
Фінальным мерапрыемствам “Года рамёстваў-2008” з’явілася абласная выстаўка лепшых вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Магілёўшчыны (экспазіцыя сёння размешчана ў абласным мастацкім музеі).
Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам наладжаны цесныя дзелавыя сувязі з Дзяржаўным расійскім Домам народнай творчасці. Пад час сустрэч і перамоў было вызначана шырокае кола пытанняў, якія датычацца супрацоўніцтва ў сферы культуры. Гэта — абменныя семінары паміж дамамі народнай творчасці іншых рэгіёнаў Расіі, павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры, удзел у конкурсах, фестывалях, святах, канферэнцыях і многае іншае.
Па запрашэнні Дзяржаўнага расійскага Дома народнай творчасці ў верасні 2008 года народныя майстры Магілёўшчыны прадстаўлялі Рэспубліку Беларусь у ІІ Маскоўскай міжрэгіянальнай выстаўцы-конкурсе народных майстроў “Русь мастеровая”; сёлета ў Маскве плануецца арганізацыя выстаўкі вырабаў народных майстроў і ўмельцаў Магілёўскай вобласці.
Дынамічнае шматпланавае развіццё культурнага супрацоўніцтва садзейнічае пашырэнню творчага дыяпазону, умацаванню творчых кантактаў, узаемаўзбагачэнню і абмену вопытам работы паміж установамі культуры і аматарскімі калектывамі. Мы заўжды адкрыты да супрацоўніцтва, таму што ад гэтых кантактаў выйграюць усе.
Сёння галоўная наша задача заключаецца ў тым, каб не проста захоўваць пазітыўныя імпульсы, якія ёсць у нас у вобласці, але і актыўна іх развіваць праз канцэртную дзейнасць, творчыя паездкі, конкурсы і фестывалі, выстаўкі. Сёлета будзе прадоўжана работа па выяўленні і вывучэнні традыцыйных рамёстваў, прыцягненні майстроў і ўмельцаў да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах па адраджэнні, захаванні і развіцці традыцыйнага мастацтва, а таксама практычным забеспячэнні працэсаў укаранення новых інфармацыйных тэхналогій і прымянення ў дзейнасці клубных устаноў.
У апошнія гады адчуваецца рост увагі з боку Міністэрства культуры да пытанняў арганізацыі працы клубных устаноў, пра што сведчыць правядзенне семінараў рэспубліканскага ўзроўню, агляду-конкурсу маладзёжных дыскатэчных мерапрыемстваў, аб’яўленага ў 2009 годзе конкурсу абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці.
Але, на наш погляд, эфектыўнасці працы ў дадзеным накірунку садзейнічала б стварэнне каардынуючага і накіроўваючага Рэспубліканскага метадычнага цэнтра, які меў бы зваротную сувязь як мінімум з усімі абласнымі цэнтрамі і непасрэдна ажыццяўляў метадычнае кіраўніцтва іх работай, такім чынам аказваючы дзейсную метадычную і інфармацыйную падтрымку раённым і гарадскім метадычным службам.