Галіна НЯЧАЕВА, дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Арнамент як тэкст — у этнакантэкст”

 /i/content/pi/cult/193/2133/Nyachajeva.jpg
— Веткаўскі музей народнай творчасці быў заснаваны 30 лістапада 1978 года як установа мастацкага профілю. Пачатковая калекцыя склалася са збору веткаўчаніна, аматара роднай спадчыны і калекцыянера Фёдара Рыгоравіча Шклярава (1925 — 1988 гг.), які стаў першым дырэктарам музея. Асноўныя экспазіцыі адкрыліся 1 лістапада 1987 года ў рэканструяваным гістарычным будынку. У 1992 і 2005 гадах музею былі перададзены яшчэ два памяшканні: у адным з іх размешчаны восем фондасховішчаў (сёння патрабуюць рэканструкцыі з мэтай стварэння адпаведных умоў захавання унікальных калекцый), другое знаходзіцца ў аварыйным стане. Праектна-каштарысная дакументацыя распрацавана, нас чакае вялікі рамонт. У 2008 годзе музею перададзены ў карыстанне гістарычны будынак XIX ст., што належыць ДГКУ “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”. У верасні 2008 г. тут адкрыліся новыя экспазіцыі філіяла Веткаўскага музея народнай творчасці ў Гомелі. З агляду бачна, што асноўныя праблемы “архітэктурнага напрамку” складаюцца як з адпаведнага выкарыстання архітэктурных гісторыка-культурных каштоўнасцей, так і з пытанняў іх рэстаўрацыі, стварэння адпаведных умоў захавання. Так, сёння і ў асноўным будынку музея, нягледзячы на рэстаўрацыю 2002 — 2003 і 2005 — 2006 гг., не ўдаецца вырашыць праблемы з гідраізаляцыяй цокальнага паверху, вентыляцыяй. Усё гэта патрабуе больш намаганняў і сродкаў, чым уласна збіранне і вывучэнне помнікаў культуры.
Задуманы як экспазіцыя адной калекцыі (у першым праекце не было запланавана фондавых памяшканняў), з часу свайго заснавання музей ператварыўся ў сапраўдны даследчы і мастацкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай беларускай культуры. Гэта — унікальная “палявая лабараторыя”, што дзейнічае ў асяроддзі жывых этнічных традыцый цягам 30 гадоў. Захапленне збіральніцкай працай — традыцыя калектыву, закладзеная яшчэ яго першым дырэктарам Фёдарам Шкляравым. Ва ўмовах чарнобыльскай “спадчыны” музею ўдалося не толькі захавацца, але і прадоўжыць працу па зборы і стварэнні унікальных мастацкіх калекцый, даследуючы іх у жывым кантэксце духоўнай культуры. Такімі сталіся экспедыцыі комплекснага археалагічна-этнаграфічнага праекта“Па шляхах старажытных славянскіх родаў”, што прайшлі ўздоўж славянскіх рэк. Як і раней, музей выступае ініцыятарам набыцця для Музейнага фонду краіны новых рухомых каштоўнасцей. Як і раней, мы не адмовіліся б ад фінансавай падтрымкі любога ўзроўню, каб утрымаць унікальныя творы мастацтва, што знікаюць з нашай зямлі альбо пераходзяць у больш “мабільныя” кішэні прыватных калекцыянераў, знікаючы з культурнага кантэксту.
Таксама вялікі непакой выклікае стан захавання археалагічных помнікаў і тыя абставіны, што ў нашай “чарнобыльскай” зоне яны робяцца аб’ектамі зруйнавання і крадзяжу з боку “чорных” археолагаў (а спадчына гэтая складае толькі па Веткаўскім раёне больш за 400 помнікаў, 34 з якіх унесены ў Дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). З дазволу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў межах Веткаўскага раёна за 2007 — 2008 гг. намі праведзена археалагічнае даследаванне правага і левага берагоў Сожа. Зроблены фотаздымкі, апісанне, культурна-храналагічная атрыбуцыя больш чым 80 мясцовых помнікаў археалогіі, сярод якіх— некалькі новавыяўленых. Тым не менш, нават маючы цудоўных спецыялістаў, музеі не могуць супрацьстаяць “вольным” шукальнікам скарбаў з прычыны нізкай фінансавай і тэхнічнай забяспечанасці.
Напрыклад, Веткаўскі музей цягам двух гадоў спрабуе набыць сучасны металадэтэктар з камп’ютэрным забеспячэннем для выкарыстання яго ў разведачных работах, але ў Беларусі яго магчыма набыць толькі за наяўныя грошы. Музеі вымушаны набываць цудоўныя рэліквіі ў калекцыянераў, каб выратаваць хаця б частку.
Веткаўскі музей застаецца “жывым” і цікавым — нездарма ён лічыцца адной з “перлін” Беларусі і з 2004 года ўваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”.
Апублікаванасць вынікаў доследаў супрацоўнікаў музея з’яўляецца адным з паказчыкаў не толькі паспяховасці яго дзейнасці, але і папулярызацыі культурнай спадчыны рэгіёна, ступені ўвядзення яе ў навуковы і культурны кантэксты. На сённяшні дзень бібліяграфія работ супрацоўнікаў складае больш за 270 назваў, пачынаючы ад пастаянных старонак у мясцовым друку да навуковых выданняў міжнароднага характару (Расіі, Украіны, ЗША). Навуковыя даследаванні, удзел у канферэнцыях характарызуюць музей як адзін з сур’ёзных навуковых цэнтраў. У 2008 годзе падрыхтавана і прачытана 9 навуковых дакладаў на міжнародных канферэнцыях у Мінску, Гомелі, Рэчыцы, Навазыбкаве, Бранску, надрукавана 12 навуковых артыкулаў, здадзены ў друк яшчэ 9. Працуючы над тэкстамі, мы выкарыстоўваем бібліятэку, што сабралі самі, фонды іншых бібліятэк. Аднак грошай і часу на камандзіроўкі мала. Як добра было б атрымліваць па міжнародным бібліятэчным абмене, напрыклад, электронныя выданні!
З 1994 года па матэрыялах, падрыхтаваных музеем, здзейснены шэраг выдавецкіх праектаў. У 2008 годзе ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшла калектыўная манаграфія супрацоўнікаў музея “Голоса ушедших деревень”. Тут атрымаў лагічны творчы вынік калектыўны праект музея па збіранні і сістэматызацыі мастацкай спадчыны “чарнобыльскіх” адселеных вёсак Веткаўскага раёна. Выданне — вялікае (342 старонкі) і багата ілюстраванае (звыш 300 каляровых рэпрадукцый і фотаздымкаў). Да публікацыі было падрыхтавана 176 помнікаў матэрыяльнай культуры, звыш 240 фальклорных тэкстаў, багаты фотаматэрыял, гістарычныя даведкі аб 57 вёсках, створаны мастацкія нарысы і навуковыя каталогі.
Асветлены тэмы: кніжная культура Веткі — старадрукі, рукапісы; іканапіс стараабрадчых слабод; беларуская народная ікона; узорнае ткацтва: народныя строі, ручнікі; дамавая разьба; фальклор, абрады, міфалогія.
Сярод планаў на бліжэйшы час — выданне кнігі па самабытнай веткаўскай кніжнай культуры (наша калекцыя— адна з найбагацейшых у Беларусі: мясцовыя рукапісы аздоблены унікальным арнаментам; старадрукі змяшчаюць гістарычныя запісы). Аднак бібліяграфічнай рэдкасцю стаў і цэлы шэраг нашых выданняў, пра якія пастаянна пытаюцца наведвальнікі: “Веткаўскі музей”, “Веткаўская буквіца”, “Веткаўская ікона”.
Школа традыцыйнай культуры “Аз-букі-ведзі” для дзяцей і юнацтва выкарыстоўвае толькі творы мясцовых традыцый, будуючы заняткі як гульню дзіцяці з патаемнымі сэнсамі старых рэчаў, кампазіцый, арнаментаў. Галоўная мэта школы — выхаванне высокіх пачуццяў у адносінах да сваёй культуры. Але цяжкасці ўзніклі з пераводам “Школы” на платныя паслугі.
Праект “Арнаменты Падняпроўя”, як і іншыя, — шматгадовы. Калекцыя ўзорных ручнікоў складае сёння каля 1000 адзінак. Такая ж па аб’ёме — калекцыя прыватных рэчаў і народных строяў. Усё гэта— вынік экспедыцыйнай дзейнасці музея за 1979 — 2008 гг. Мы маем самы буйны рэгіянальны збор у Беларусі. У працу над вывучэннем семантыкі арнаменту ўзорных тканін з 2007 года ўключыліся работнікі сельскіх клубных і бібліятэчных устаноў, што ўдзельнічаюць у сумесным праекце “Выратаванне старажытных знакаў”.
Працуючы над праектам “Выратаванне...”, супрацоўнікі збіраюць мастацкія помнікі як рэчавай, так і нематэрыяльнай культуры. Так, у 2008 годзе: сабраны этнаграфічны і фальклорны матэрыял у 19 населеных пунктаў і ў перасяленцаў з 9 выселеных вёсак Веткаўскага раёна. Тэмы: абрады “Страла” і “Свечка”, народны каляндар, замовы, народнае праваслаўе, стараабрадніцкая культура, старыя тэхналогіі, архітэктурны дэкор народнага жытла. Прынялі ўдзел у міжнароднай экспедыцыі “Дорогами предков. Актуальные проблемы старообрядчества” (сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі Навазыбкаўскага педагагічнага каледжа Бранскай вобласці).
Пад час яе працавалі ў 7 населеных пунктах. Вынікі— каля 4000 фотаздымкаў, 182 новыя аркушы ў архіве: “Навуковыя сшыткі Веткаўскага музея народнай творчасці”, што на сёння складаюць 133 сшыткі (з іх 8— новыя).
Выданне сувенірнай прадукцыі для Веткаўскага музея — таксама творчы працэс, бо макеты календароў, паштовак, кніжных закладак мы робім самі.
Новыя экспазіцыі — асноўнае “поле” дзейнасці музея. Асаблівасць нашай “методы” — прадстаўленне рэчавых помнікаў у якасці “тэкстаў” духоўнай культуры. Шмат увагі надаецца інфармацыі, што нясуць старыя тэхналогіі, рытуальнаму боку выкарыстання прадмета, яго знакавай структуры, месцы ў народным “космасе” і ў коле жыцця, псіхалогіі майстроў і іх заказчыкаў.
У 2008 годзе мы аднавілі экспазіцыі “Вуліца майстроў”, “Кузня”, “Майстэрня залатога кавальства”. Як і ўсе астатнія, яны рабіліся ўласнымі сіламі супрацоўнікаў, уключаючы і мастацкае афармленне,і мантаж.
У III квартале 2008 г. работа ўсяго калектыву падпарадкавалася адной агульнай мэце: зрабіць новыя экспазіцыі філіяла музея ў Гомелі, не “агаляючы” веткаўскіх экспазіцый. Гэта адбылося ў другой палове верасня. 4 залы абагульнены тэмай Традыцыі. Падзелы экспазіцыі — своеасаблівыя. Зала № 1 — “Шэдэўр” (выстаўка адной рэчы, сёння прадстаўляе рукапіснае Евангелле XVI ст. са слабады Косіцкай, знойдзенае намі ў канцы 2005 года), № 2 — “Чалавек традыцыі” (зараз гэта “дарожныя” іконы з ліццём у кантэксце рамёстваў і падарожжаў стараабрадцаў), № 3 — “Рэчы як тэксты духоўнай культуры” (мы прысвяцілі залу расшыфроўцы знакаў ручнікоў), № 4 — “Жывое рамяство” (гэта інтэрактыўная частка экспазіцыі з магчымасцю навучання старадаўнім тэхнікам ткацтва).
Выстаўкі прадстаўляюць не толькі музей за яго сценамі, але і робяць культурную спадчыну рэгіёна здабыткам больш шырокага кола гледачоў. Шматгадовыя праекты атрымліваюць усё новыя рысы, адпаведна развіццю доследаў. Гэта творчая лабараторыя, што падштурхоўвае да развіцця экспедыцыйнай, даследчай, рэстаўрацыйнай працы.
Сярод выставак 2008 года — “Святое воінства” (да 1020-годдзя Хрышчэння Русі: вобраз святога воіна ў традыцыйнай культуры і народных тэкстах) — Бабруйск; “Горад, дом, міф” (вобразы дамавой разьбы) — Гомель, Добруш; “Святы Спас” — да свята Мядовага Спаса — Добруш. 14 выставак аднаго дня прайшлі ў навучальных установах Гомеля, Веткі, на раённых святах, у аграгарадках.
Супрацоўнікі музея набывалі помнікі не толькі ў добрым стане. Часта важна прадставіць, напрыклад, уласную “веткаўскую” іканаграфію на зруйнаванай іконе, а тэхніку ткацтва і арнамент — на старым ручніку. Гэтыя абставіны, а таксама вялікая даследчая работа па вывучэнні помнікаў (і наогул з’яў мясцовых традыцый) прывялі да разумення неабходнасці кансервацыі і рэстаўрацыі экспанатаў. Створаны некалькі гадоў таму Цэнтр адраджэння традыцыйных рамёстваў зрабіўся і рэстаўрацыйным аддзелам музея. Выратаваныя ад зруйнавання такім чынам, рэчы цяпер паступова пераводзяцца з навукова-дапаможнага ў асноўны фонд калекцый музея, а новыя экспазіцыі “адкрываюць” усё большую колькасць раней не апублікаваныхтвораў. За апошні год прайшлі праз розныя віды рэстаўрацыйных работ наступныя рэчы: іконы — 32, аклады металічныя — 7, аклад бісерны — 1, ліццё — 42, элементы дамавой разьбы — 19, прадметы побыту (дрэва) — 6, метал (чыстка и пакрыццё) — 30 прадметаў, інструменты сталярныя — 18, ручнікі— 4. Праведзены шэраг рэканструкцый: археалагічныя тканіны, вертыкальныя кросны, тэхналагічныя рэканструкцыі арнаментальных элементаў архаічнага тыпу. Выканана 10 копій драўлянага дэкору вокнаў па старых узорах. Сярод праблем рэстаўрацыйнай працы — адсутнасць цэнтралізаванага забеспячэння матэрыяламі.
Сярод напрацовак метадычнай работы ў 2008 годзе — 6 “Апытальнікаў” па арыгінальных методыках Веткаўскага музея, што былі складзены, раздрукаваны і перададзены сельскім работнікам Веткаўскага аддзела культуры і Навазыбкаўскаму педагагічнаму каледжу.
За плённую работу па вывучэнні і прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, значны ўклад у захаванне і адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны калектыў установы “Веткаўскі музей народнай творчасці” ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Музейная справа” за 2008 год.