Высновы і стратэгіі за дзень да калегіі

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

27 студзеня пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі прайшла нарада з кіраўнікамі сферы культуры па актуальных пытаннях развіцця галіны. У мерапрыемстве бралі ўдзел намеснік кіраўніка ідэалагічнага аддзела Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, намеснікі міністра культуры, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў Міністэрства, Дэпартамента па кінематаграфіі, начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, кіраўнікі падпарадкаваных Міністэрству арганізацый і кінавідэапракатных арганізацый аблвыканкамаў, начальнікі аддзелаў культуры гарадскіх і раённых выканкамаў, раённых адміністрацый. Як зазначыў міністр культуры Уладзімір Матвейчук, нарада прызначана для разгляду практычных пытанняў па-за межамі парадку дня выніковай калегіі Міністэрства культуры, для падвядзення вынікаў 2008 года і пастаноўкі задачна год бягучы.

 /i/content/pi/cult/193/2132/Vysnovy.jpg
Культура і мастацтва, як неаднойчы зазначаў у час вытворчай нарады міністр культуры Рэспублікі Беларусь, павінны дзейнічаць на сёння ў шчыльным саюзе з эканомікай. Начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Вольга Кананюк, аналізуючы леташняе выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сферы, падкрэсліла, што хоць пэўныя раёны краіны не справіліся з планамі па аказанні платных паслуг насельніцтву, але неаспрэчным з’яўляецца тое, што сфера культуры — надзвычай запатрабаваная. Па папярэдніх звестках, леташнія бюджэтныя асігнаванні на яе развіццё, без уліку расходаў на капітальнае будаўніцтва, склалі больш за 930 млрд. рублёў (прырост у адносінах да 2007 года — 26%). На бягучы год запланавана выкарыстаць 1 трыльён 171 мільярд рублёў. Аднак узровень фінансавання культуры знізілі 8 рэгіёнаў: 2 — у Брэсцкай, столькі ж — у Гомельскай, 4 — у Магілёўскай абласцях.
Пазабюджэтныя і ўласныя даходы, з улікам дзейнасці кінавідэапракату, — 141 млрд. рублёў, што больш за даходы 2007-га на 22%. Удзельная вага наяўных даходаў у агульным аб’ёме фінансавых сродкаў на развіццё культуры склала 13%. План на бягучы год — 159 млрд. рублёў.
Бягучы год вымагае адмысловай рацыянальнай эканамічнай палітыкі. Таму і набывае надзвычайную актуальнасць прыцягненне спонсарскіх сродкаў, пашырэнне пазабюджэтнай дзейнасці. За 2008 год аб’ём платных паслуг складзе, па прагнозе, 158 млрд. рублёў і павялічыцца, у параўнанні з 2007-м, на 32 млрд. Чакаемы тэмп росту — не ніжэй за 120% пры плане 112%. Усе вобласці і Мінск выходзяць на гэты паказчык. За студзень — лістапад самы высокі тэмп росту рэалізацыі паслуг забяспечаны на Магілёўшчыне — амаль 136%.
Не выканалі план арганізацыі камунальнай уласнасці Гродзенскай вобласці — 111,4%. Ніжэй за пазалеташні ўзровень спрацавалі ў дзіцячых школах мастацтваў. Вымушае жадаць лепшага і наведвальнасць тэатральных прадстаўленняў.
Актыўна аказваюцца платныя паслугі па Міншчыне і Брэстчыне (канцэртныя праграмы), Віцебшчыне (дыскатэкі), Гомельшчыне (музеі і выстаўкі), Гродзеншчыне (цыркавыя прадстаўленні і канцэрты), Магілёўшчыне (канцэрты, кіно, музеі)...
Не забяспечылі за студзень — лістапад 2008 года выкананне планаў па платных паслугах у 59 рэгіёнах (45% — ад іх агульнай колькасці), у тым ліку па Брэстчыне (68% рэгіёнаў), Віцебшчыне (48%), Гомельшчыне (41%), Гродзеншчыне (50%), Міншчыне і Магілёўшчыне (па 35% рэгіёнаў)...
Добрыя эканамічныя паказчыкі ў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Белдзяржфілармоніі, Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага, Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі...
Не выйшлі на планавыя паказчыкі за 11 месяцаў 2008 года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску, Маладзёжны тэатр эстрады, Нацыянальны мастацкі музей. Прычына — недастатковы рост колькасці спектакляў, канцэртаў, зніжэнне запаўняльнасці глядзельнай залы і колькасці музейных наведвальнікаў.
В.Кананюк нагадала, што павелічэнне тарыфаў на паслугі ажыццяўляецца арганізацыямі самастойна, без рэгістрацыі ў адпаведных фінансавых органах, бо пакуль не ўстаноўлены гранічны індэкс цэн. Аднак пры павышэнні тарыфаў неабходна ўлічваць прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, акрэсленыя пастановай Міністэрства эканомікі (цэны і тарыфы можна павялічваць штомесяц у межах 0,7% — 0,9%)...
Выдаткі на культуру, згодна з папярэднімі фактычнымі паказчыкамі бюджэтнага фінансавання і прагнознымі аб’ёмамі платных паслуг, склалі летась у разліку на аднаго жыхара 3,1 базавай велічыні, у тым ліку за кошт бюджэтных сродкаў — 2,7 і за кошт платных паслуг — 0,4 базавай велічыні.
А сярэднямесячны заробак у галіне дасягнуў летась 656,1 тыс. рублёў (больш, чым у сферы адукацыі). Самы нізкі заробак — 459,5 тыс. рублёў — на Віцебшчыне.
Як паказала рэвізія...
Начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Аляксандр Кізім спыніўся на тыповых парушэннях, выяўленых у ходзе леташніх праверак гаспадарчай дзейнасці (больш дэталёвы аналіз будзе зроблены на лютаўскай калегіі міністэрства). Адно з асноўных парушэнняў — няправільная аплата працы, у выніку якой выяўлены па рэспубліканскіх арганізацыях 81 мільён рублёў — гэта 70% сум шкоды, устаноўленых кантрольна-рэвізійным аддзелам. Другая група парушэнняў звязана з ігнараваннем інструкцыі аб парадку планавання, уліку і выкарыстання сродкаў, што атрымліваюцца арганізацыямі. Усяго летась вернута ў бюджэт 58,5 млн. незаконна выкарыстаных рублёў.
Ёсць парушэнні пры будаўніча-рамонтных работах. Маюць месца завышэнні коштаў. У выніку — незаконныя расходы. Па словах А.Кізіма, у галіне за мінулы год выяўлена парушэнняў на 670 мільёнаў рублёў, 600 з іх — кампенсавана. Да адказнасці прыцягнута 312 чалавек.
Яшчэ 16 аб’ектаў
Пра ход рамонтна-будаўнічых работ на аб’ектах культуры аграгарадкоў 2005 — 2008 гг. распавёў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Віктар Рымашэўскі. Работы завершаны на 316 аб’ектах 271 аграгарадка. Асвоена 73 млрд. рублёў. Цалкам выкананы заданні па ўводзе аб’ектаў культуры на Віцебшчыне, Міншчыне, Магілёўшчыне. Не справіліся з заданнем у Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай абласцях.
У 2008 годзе рамонтна-будаўнічыя работы выкананы на ўсю суму, а гэта больш за 90 млрд. Але на 16 аб’ектах культуры аграгарадкоў работы будуць прадоўжаны і ў бягучым годзе.
Тры “кінакіты”
Як зазначыў дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Максім Буданаў, летась у галіне адбыліся значныя падзеі — сустрэча Кіраўніка дзяржавы з дзеячамі кіно ў першым айчынным мультыплексе “Беларусь” і калегія па пытаннях гэтай галіны, што адбылася ў Адміністрацыі Прэзідэнта. У ходзе сумесных плённых пошукаў былі вызначаны “тры кіты” айчыннай кінавытворчасці — якасць, запатрабаванасць, самаакупнасць і прынята Канцэпцыя развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009 — 2014 гг.
Змяненні і дапаўненні, што плануюцца ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь”, удасканаленне тэхнічнай і тэхналагічнай базы кінагаліны краіны павінны палепшыць становішча айчыннай кінаіндустрыі.
Па словах Максіма Буданава, цяжкасці ўзніклі з кінапракатчыкамі, якія часам праводзяцьрэкламную акцыю фільма яшчэ да атрымання на стужку дзяржаўнага пракатнага пасведчання.
Да ўсяго, неабходна больш уважліва ставіцца да пытанняў фарміравання рэпертуару.
Кінапракатныя арганізацыі абласцей і сталіцы неахвотна закупляюць беларускія мастацкія, мультыплікацыйныя і дакументальныя фільмы. Да прыкладу, на працягу ўсяго 2008 года Брэсцкая вобласць закупіла менш за астатніх прадукцыі “Беларусьфільма”, некаторыя вобласці ўвогуле не набылі айчынную мультыплікацыю.
ВНУ чакаюць абітурыентаў з вёскі
Актуальныя праблемы кадравай працы ў рэгіёнах рэспублікі ўзняла ў час нарады начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Наталля Шмакава. На сённяшні дзень 12% культасветнікаў — пенсіянеры. Гэтая лічба змяняецца па рэгіёнах, часцяком не ў бок памяншэння. Прыкладам, сярод музейных супрацоўнікаў пенсіянераў налічваецца каля 20%. У асноўным, дадзеная праблема звязана з тым, што на іх месцы не прэтэндуюць маладыя кадры. Летась па рэспубліцы 671 месца ў галіне заставалася вакантным!
Як паказаў вынік размеркавання мінулага года, ВНУ сферы культуры задавальняюць толькі каля 35% заявак з глыбінкі на запатрабаваных спецыялістаў. Ды і як можа быць інакш, калі ў вядучай установе адукацыі па забеспячэнні кадрамі галіны — Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — навучаецца 54,5% студэнтаў з Мінска і Мінскай вобласці!
Н.Шмакава адзначыла і той факт, што летась на 416 чалавек менш захацелі связаць свой лёс з культасветработай. Прычым колькасць вяскоўцаў сярод абітурыентаў ледзь дасягнула 15%. Міністр культуры У.Матвейчук патрабаваў ад начальнікаў аддзелаў культуры ўзяць гэтую праблему на кантроль.
Начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў папрасіла таксама пільна адсочваць пытанні забеспячэння жыллём маладых кадраў, бо каля 9% выпускнікоў просяць размеркаваць іх не па месцы жыхарства, а ў іншыя вобласці.
Каб палепшыць сітуацыю, паступова павялічваецца колькасць мэтавікоў: прыкладам, у БДУКіМ падобным чынам зараз навучаецца 30 чалавек. У тым жа універсітэце сёлета ўводзяць новую запатрабаваную спецыяльнасць — “сацыяльна-культурная дзейнасць” дзённайі завочнай форм навучання.
Праблема ўсплыла і там, дзе яе не чакалі: часам маладых спецыялістаў размяркоўваюць па заяўках, аднак працадаўца замест абяцанай працы, да прыкладу, дызайнера прапаноўвае выпускніку... аформіцца інжынерам-канструктарам ці прадаўцом. Як падкрэсліла Наталля Шмакава, падобныя абуральныя факты не павінны паўтарацца.
Новы статус ДШМ
Зацікаўлена зала рэагавала на выступленне начальніка юрыдычнага аддзела Міністэрства Алены Вештарт, у якім прагучалі асноўныя прававыя палажэнні, прысвечаныя дзейнасці дзіцячых школ мастацтваў (Каментарый да Палажэння аб установах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры наша газета друкавала ў папярэдніх нумарах). Само Палажэнне ўступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, што павінна адбыцца на пачатку лютага.
А.Вештарт акцэнтавала ўвагу прысутных, што з гэтага часу дзіцячыя школы мастацтваў набудуць новы статус — яны стануць паўнавартаснымі юрыдычнымі асобамі. У новым Палажэнні будзе зафіксаваны водпуск супрацоўнікаў гэтых устаноў, які складзе 56 каляндарных дзён.
На жаль, у Палажэнні не знайшлі адлюстраванне такія пытанні, як парадак пераводу з установы ва ўстанову ці ўнутры ўстановы, адлічэнне і аднаўленне ў ДШМ, таксама, як і выдача пасведчання аб заканчэнні ДШМ. Зараз падобныя пасведчанні не суадносяцца з Законам “Аб адукацыі”, бо ў адпаведнасці з яго артыкуламі дакументы, якія выдаюць напрыканцы навучання ва ўстановах адукацыі, даюць асобам права на паступленне ў наступную навучальную ўстанову ці на далейшую працу. Зараз пасведчанні такога права не даюць. Як падкрэсліла Алена Вештарт, заканадаўцы прадоўжаць працаваць над гэтымі пытаннямі.
Не рабіць самастойна, а — умела арганізаваць
У выступленні начальніка ўпраўлення гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага ўвага была лакалізавана на двух канкрэтных аспектах той праблематыкі, на якой ён спецыялізуецца: аховы помнікаў археалогіі і падрыхтоўкі дасье на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO найвыбітнейшых узораў беларускай архітэктуры.
Ахова помнікаў археалогіі, якіх на Беларусі 1856, — справа складаная, і патрабуе яна не толькі фінансаў ды высілкаў спецыялістаў, але і змены стаўлення да гэтых непрыкметных, на першы погляд, “пагоркаў” з боку іх цяперашніх уласнікаў. Кожны з іх мусіць не толькі падпісаць, але і няўхільна выконваць ахоўнае абавязацельства.
Згодна з Галіновай праграмай развіцця культуры, да 2010 года павінна завяршыцца інвентарызацыя помнікаў архітэктуры Мінскай і Віцебскай абласцей, потым падобныя даследаванні пройдуць і ў іншых рэгіёнах краіны.
Але паколькі фінансавання з рэспубліканскага бюджэту бракуе, на думку Ігара Чарняўскага, сёння неабходна, каб сваю лепту ў гэты пачын унеслі таксама і мясцовыя ўлады. Так бы мовіць, на правах гаспадара.
Як адзначыў Ігар Чарняўскі, зусім неабавязкова, каб спецыялісты, патрэбныя для правядзення даследаванняў, прыязджалі з Мінска, — скараціць затраты можна, задзейнічаўшы археолагаў з рэгіёнаў. Тым болей, у абласных цэнтрах ёсць да каго звярнуцца.
Па словах Ігара Чарняўскага, нават у межах адной вобласці стаўленне да помнікаў археалогіі можа быць вельмі розным. Яно залежыць ад пазіцыі мясцовай улады: наколькі сумленна яе прадстаўнікі выконваюць заканадаўства ў гэтай галіне. У некаторых раёнах план рэгіянальных мерапрыемстваў па ахове гэтых помнікаў прыняты рашэннем райвыканкама, а ў некаторых — толькі аддзелам культуры.
— Але самае галоўнае — запланаваныя мерапрыемствы не павінны застацца толькі на паперы, — адзначыў выступоўца. — Адпаведна, пры планаванні работы аддзелаў культуры райвыканкамаў гэты від дзейнасці таксама павінен быць улічаны.
Што да падрыхтоўкі новых дасье на ўключэнне беларускіх помнікаў архітэктуры ў Спіс сусветнай спадчыны, галоўны недахоп тут — тое, што адказныя за гэтую працу спецыялісты не ўлічваюць патрабаванняў UNESCO.
Напрыклад, дасье “Фартыфікацыйныя пабудовы Брэсцкай крэпасці” ўтрымлівае матэрыял толькі па беларускай частцы помніка — спецыялісты з Польшчы да гэтай работы не былі далучаны. Хаця транспамежны характар помніка надае яму асаблівае значэнне.
— Лічым, што дзеянні ўпраўленняў культуры абласцей у гэтым напрамку павінны быць больш паслядоўнымі, — адзначыў Ігар Чарняўскі. — Неабходна пільна адсочваць кожны з этапаў працы. Менавіта гэтак была арганізавана падрыхтоўка дасье па Аўгустоўскім канале і спадчыне Еўфрасінні Полацкай. І вынік яе — відавочны. Таму досвед Гродзеншчыны і Віцебшчыны цалкам варты пераймання ў іншых рэгіёнах. Ніякіх сакрэтаў тут няма — патрэбна пастаянная, штодзённая, карпатлівая работа з прыцягненнем дасведчаных спецыялістаў. Задача супрацоўнікаў упраўленняў — не выконваць гэтую працу самастойна, але належным чынам яе арганізаваць.
Рух у бок упарадкавання
Выступленне начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Васіля Чэрніка тычылася тэмы, якая па-ранейшаму не губляе сваёй актуальнасці, — упарадкавання фестывальнага руху. Дэталізаваўшы канцэптуальны падыход Міністэрства да гэтай праблематыкі, дакладчык адзначыў, што скарачэнню колькасці фестывальных праектаў будзе спадарожнічаць конкурс новых арыгінальных творчых ідэй.
Сутнасць палітыкі, якая праводзіцца апошнім часам на рэспубліканскім узроўні, — вызначэнне ролі кожнага фестывалю ў культурным жыцці. У 2006 годзе было праведзена 145 фестываляў, ужо ў наступным годзе іх колькасць зменшылася больш як удвая. І гэтая тэндэнцыя працягваецца.
Цяпер у сістэме фестывальнага руху — 57 фестываляў.