МОМАНТ ІСЦІНЫ: ЗАЎТРА ПАЧЫНАЕЦЦА СЁННЯ

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

28 студзеня ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі адбылася выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Даклад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра МАТВЕЙЧУКА

Культурная палітыка дзяржавы: у эпіцэнтры ўвагі — чалавек

Даклад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра МАТВЕЙЧУКА

Паважаныя таварышы!
Рэспубліка Беларусь мае значны гісторыка-культурны патэнцыял, прадстаўлены народнай творчасцю, прафесійным мастацтвам, сістэмай мастацкай адукацыі і выхавання, помнікамі гісторыі, архітэктурна-горадабудаўнічымі аб’ектамі, музейнымі калекцыямі, паркавымі комплексамі. На сучасным этапе мы выдатна разумеем, што сацыяльна-палітычнае і культурнае жыццё беларускага грамадства шмат у чым залежыць ад рэальнай сацыяльна-эканамічнай і сацыякультурнай сітуацыі ў краіне і свеце. Новыя падыходы да нацыянальнай культуры беларусаў звязаны з яе ацэнкай як найважнейшага стратэгічнага рэсурсу дзяржавы, якая выйшла на шлях суверэннага развіцця ва ўмовах складваючыхся рынкавых адносін.
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad.jpg
У нашай краіне склалася ўласная мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, у цэнтры якой — чалавек з яго патрэбнасцямі і інтарэсамі. У яе аснове ляжыць актыўная сацыяльная палітыка дзяржавы, накіраваная на стварэнне ўмоў для найбольш поўнай рэалізацыі асобы чалавека, яго гарманічнага фізічнага і духоўна-маральнага развіцця. Менавіта гэтым задачам у 2008 годзе было падпарадкавана выкананне мерапрыемстваў трэцяга года рэалізацыі Галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”, Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў, Нацыянальных праграм дэмаграфічнай бяспекі і развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь і шэрагу іншых.
Найбуйнейшыя міжнародныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашай краіне — “Славянскі базар у Віцебску”, кінафестываль “Лістапад”, грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!”, творчыя справаздачы абласцей, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дні культуры Рэспублікі Беларусь у замежжы, — наглядна засведчылі патэнцыял беларускай культуры. Мы ганарымся нашымі аматарскімі і прафесійнымі калектывамі, выканаўцамі, мастакамі, майстрамі народнай творчасці, усімі, хто славіць нашу дзяржаву, выхоўвае маладое пакаленне, прывіваючы любоў да роднай краіны і народа.
Неацэнная дапамога і падтрымка Кіраўніка дзяржавы, Урада краіны ў вырашэнні пытанняў культурнага будаўніцтва дазволілі ў 2008 годзе ўвесці ў эксплуатацыю І чаргу Палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, прадоўжыць рэстаўрацыйныя работы палацавых ансамбляў у Косаве і Міры, этапаў фрэскавага жывапісу Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, царквы ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці і шэрагу іншых знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
У снежні 2008 года ў асноўным завершаны рамонтна-будаўнічыя работы будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы адбылося аб’яднанне тэатраў оперы і балета ў адзіны калектыў.
Выконваючы даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі па ўпарадкаванні фестывальнага руху, Міністэрства культуры зацвердзіла пералік фестываляў на 2009 год. У яго ўключаны 50 фестываляў рознага статуса. У параўнанні з 2006 годам колькасць фестываляў у рэспубліцы скарацілася на 95. З 2009 года
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad1.jpg
 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў пад час наведвання Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня 2008
арганізатары кожнага фестывалю павінны прыцягваць ад 15% да 75% пазабюджэтных сродкаў ад агульнага каштарысу выдаткаў на яго правядзенне.
У 2008 годзе працягвалася праца па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы культуры. Было выдадзена 2 указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прыняты 1 закон, 15 пастаноў Урада і каля 40 пастаноў Міністэрства культуры.
У адпаведнасці з задачамі, вызначанымі ў Галіновай праграме “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.” у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў 2008 годзе за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па 13 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны камунальнай уласнасці ў парадку долевага ўдзелу ажыццяўлялася фінансаванне ў аб’ёме больш за 4 млрд. рублёў. Завершаны работы па рэстаўрацыі царквы ў вёсцы Смаляніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Ідзе падрыхтоўка да ўводу ў эксплуатацыю капліцы ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці.
Згодна з дазволамі, выдадзенымі Міністэрствам культуры, правядзенне работ ажыццяўлялася больш чым на 300 аб’ектах спадчыны, распрацоўка праектнай дакументацыі выконваласяпа 400 гісторыка-культурных каштоўнасцях.
Забяспечана фінансаваннем інвентарызацыя археалагічных аб’ектаў Віцебскай вобласці (Дубровенскі, Сенненскі, Талачынскі раёны), уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Праведзена работа па ўнясенні 90 аб’ектаў спадчыны ў названы спіс. Сёння ў гэты пералік уключаны 4786 аб’ектаў. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны да выпуску асобным выданнем, работа над якім па заказе Міністэрства культуры распачата Беларускім тэлеграфным агенцтвам. Публікацыя запланавана на І квартал 2009 года.
На 1 студзеня 2009-га на 97% аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс, складзены ўліковыя карткі і пашпарты, а таксама падпісаны ўласнікамі (уладальнікамі) аб’ектаў спадчыны ахоўныя абавязацельствы. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” падрыхтавана Палажэнне аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб’яднаннямі кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2008 г. № 1570.
У студзені 2008 года Цэнтру сусветнай спадчыны UNESCO прадстаўлена трансгранічнае дасье “Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды”, падрыхтаванае Гродзенскім аблвыканкамам з удзелам Міністэрства культуры, а таксама нацыянальнае дасье “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай”, падрыхтоўка якога арганізавана Віцебскім аблвыканкамам пры садзейнічанні Міністэрства культуры. Галіновай праграмай да 2010 года запланавана падрыхтоўка дасье “Фартыфікацыйныя збудаванні Брэсцкай крэпасці”, “Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся”, “Культавыя збудаванні абарончага тыпу”.
У красавіку 2008 года ў Познані адбылося пасяджэнне Беларуска-польскай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Вынікам сумеснай працы стала падпісанне пратакола, якім прадугледжаны абмен выстаўкамі паміж музеямі дзвюх краін, садзейнічанне польскага боку ў музеефікацыі замкавага комплексу Радзівілаў у Нясвіжы, ажыццяўленне міжнароднага праекта па віртуальным узнаўленні бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі, супрацоўніцтва бібліятэчных і архіўных устаноў. Паводле пагаднення бакоў у кастрычніку 2008 года праведзена сустрэча беларускіх і польскіх экспертаў па культурных каштоўнасцях Нясвіжа. Спецыялістамі была адзначана станоўчая тэндэнцыя ў выкананні работ на палацава-паркавым ансамблі.
Важным крокам у справе міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца завяршэнне работы па падрыхтоўцы для падпісання пагадненняў з Літоўскай Рэспублікай і Украінай.
Акрэсліліся змены ў рабоце па наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльным праявам творчасці чалавека. У абласцях створаны аўтарскія калектывы для падрыхтоўкі матэрыялаў, якія адлюстроўваюць этнакультурныя асаблівасці рэгіёнаў краіны.
На жаль, рашэнні папярэдняй калегіі па шэрагу пытанняў — не выкананы. У прыватнасці, ва ўстаноўлены тэрмін да 1 кастрычніка 2008 года не выдадзены Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Выпуск кнігі, як ужо адзначалася, плануецца ў І квартале гэтага года. Недастаткова ўвагі нададзена выкананню даручэння калегіі па зборы першасных матэрыялаў для падрыхтоўкі дасье па шэрагу намінацый. Упраўленням культуры Гомельскага, Гродзенскага, Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў неабходна завяршыць распачатую працу. Асноўныя праблемы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якія патрабуюць выканання на працягу 2009 года, вызначаны пад час выязной калегіі Міністэрства культуры ў Гомельскую вобласць у снежні 2008 года.
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad9.jpg
 Выстаўка “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі
Усё больш важкай становіцца роля музеяў у грамадстве. У Беларусі дзейнічае 145 дзяржаўных музеяў сістэмы Міністэрства культуры, з якіх 12 — рэспубліканскага падпарадкавання. У 2008 годзе адкрыты новыя краязнаўчыя музеі ў Жодзіне Мінскай вобласці, Петрыкаве Гомельскай вобласці, мемарыяльны музей у Літвінавічах Кармянскага раёна. У камунальную ўласнасць перададзены Дзяржаўны музей Беларускага Палесся, у падпарадкаванне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя перададзены Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі. Музей Пятра Алейнікава ў вёсцы Крывель Шклоўскага раёна рэарганізаваны ў філіял Шклоўскага раённага краязнаўчага музея.
У мінулым годзе пад час рабочых паездак па Гомельскай вобласці адбылося наведванне Кіраўніком дзяржавы мемарыяльнага музея імя Івана Мележа ў Глінішчы Хойніцкага раёна і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. 22 чэрвеня каля Цярэспальскіх варот прайшоў мітынг-рэквіем да 67-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мемарыял наведалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў.
Лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2008 года стаў калектыў Веткаўскага музея народнай творчасці ў намінацыі “Музейная справа”.
Значнай падзеяй у музейным жыцці стала вяртанне ў Рэспубліку Беларусь архіва Міхала Клеафаса Агінскага ў колькасці 6 тысяч лістоў на электронных носьбітах з Расійскага архіва старажытнарускіх актаў (Масква). Буйныя міжнародныя праекты ажыццёўлены з музеямі Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы: “Слуцкія паясы”, “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі”, “Жыццё і творчасць Пятра Чайкоўскага”, “Янка Купала і тэатр”, “Адам Міцкевіч і Беларусь”.
Значным праектам, падрыхтаваным на аснове фондавых калекцый, стала выстаўка золата і срэбра з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры краіны, дзе ўпершыню ў Беларусі прадстаўлены унікальныя помнікі ювелірнага мастацтва, у тым ліку вернуты дзяржаве помнік ХІV — ХV стст. — так званы “парадны пояс князя Вітаўта”.
Сістэмна і паслядоўна музеі займаюцца навуковай дзейнасцю. Вынікам 2008 года стала правядзенне 23 навуковых канферэнцый, па выніках якіх выдадзены каталогі, зборнікі, буклеты. Пры падтрымцы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Беларусі выпушчаны каталог “Слуцкія паясы”, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы — каталог “Рукапісная спадчына Янкі Купалы”.
Адна з найважнейшых задач, якая стаіць перад музеямі, — стварэнне новых экспазіцый. Змест асобных экспазіцый, у цэлым, вытрымаў праверку часам, аднак многія з іх сёння маюць патрэбу ў мадэрнізацыі. Гэтыя пытанні знайшлі сваё адлюстраванне ў галіновай праграме “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”, Праграме развіцця музейнай справы Рэспублікі Беларусь на 2005 год і на перыяд да 2010 года.
У адпаведнасці з пратаколам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Беларусі сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтавана навуковая канцэпцыя экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Важнай падзеяй 2008 года стала адкрыццё стацыянарных экспазіцый у Палацавым ансамблі Радзівілаў у Нясвіжы, замкавым комплексе “Мір”. Пастаянныя экспазіцыі створаны ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры, Доме-музеі І з’езда РСДРП, Брагінскім гістарычным музеі, Мсціслаўскім, Касцюковіцкім, Крычаўскім, Чачэрскім, Добрушскім, Вілейскім, Капыльскім раённых музеях, Барысаўскім аб’яднаным музеі, мемарыяльным комплексе “Дальва”.
Разам з тым, у 2008 годзе не адкрыліся ў адпаведнасці з галіновай праграмай
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad8.jpg
 Летась запушчана І чарга Палацава-паркавага комплексу “Нясвіж”.
краязнаўчыя музеі ў Буда-Кашалёве, Лоеве, Слаўгарадзе, Лагойску, Дуброўне, Іўі, мемарыяльны музей Валянціна Таўлая ў Лідзе, філіял Баранавіцкага краязнаўчага музея “Баранавічы ў руху гарадоў-пабрацімаў”, Мазырскі мастацкі музей — філіял Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея, музей Слова ў вёсцы Нізок — філіял Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Галоўным скарбам музеяў з’яўляюцца фонды, іх якасны стан. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь складае 2 832 453 адзінкі.
Штогод ён папаўняецца, але не больш чым на 1,5% — 2%. Гэтая праблема існуе ва ўсіх дзяржаўных музеях краіны. Неабходна сур’ёзна перагледзець палітыку камплектавання фондаў, асабліва ў рэгіёнах. Недастаткова арганізавана работа экспедыцый па зборы музейных прадметаў, якія адлюстроўваюць не толькі гісторыю мінулых стагоддзяў, але і сучасныя працэсыў дзяржаве.
Паслядоўная праца па камплектаванні музейных фондаў дазволіць ствараць новыя экспазіцыі, ажыццяўляць выставачныя праекты.
Для цэнтралізаванага ўліку музейных прадметаў пры дзяржаўнай установе “Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі” створана структура па вядзенні Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Праведзены Рэспубліканскі семінар “Захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей, актывізацыя і павышэнне эфектыўнасці работы дзяржаўных музеяў”, на якім пастаўлены канкрэтныя задачы па стварэнні адзінага банка даных музейных прадметаў, уліку і захаванні Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.
У рамках выканання Праграмы інфарматызацыі галіны культуры ў абласных цэнтрах набыты за 2008 год 81 камплект тэхнічных сродкаў, што дазволіла забяспечыць 100% аўтаматызацыі музеяў Магілёўскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей. Не аўтаматызаваны, а гэта значыць — не выканана рашэнне калегіі ад 27 верасня 2007 года № 115 п. 2.7, 12 музеяў Гомельскай вобласці, 2 — Мінскай, 1 — Віцебскай. У электронны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь уведзена 276 510 запісаў, што складае толькі 10% прадметаў асноўнага фонду. У 2009 годзе неабходна паскорыць увядзенне электронных форм уліку музейных прадметаў.
На 1 студзеня 2009 года 70 музеяў маюць доступ у Інтэрнет, у 25 музеяў створаны web-сайты. Ініцыятыўна і паслядоўна ў гэтым кірунку працуе ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама. 10 музеяў вобласці (66,6%) маюць свае сайты, з якіх 5 — створаны ў бягучым годзе, 13 музеяў (86,6%) падключаны да Інтэрнета.
Важным напрамкам дзейнасці з’яўляецца праца з наведвальнікамі. У 2008 годзе дзяржаўныя музеі Беларусі сістэмы Міністэрства культуры наведала каля 4 млн. чалавек (3 908 100), з якіх 2 612 100 (65%) прыходзіцца на абласныя цэнтры.
Варта адзначыць станоўчую працу Віцебскага, Гомельскага ўпраўленняў культуры ў гэтым кірунку. Упершыню перайшла 300-тысячны рубеж наведвальнікаў Магілёўская вобласць, павялічыўшы гэты паказчык за апошнія 3 гады на 30%.
Сярод рэспубліканскіх музеяў, якія значна павялічылі колькасць сваіх наведвальнікаў у 2008 годзе, — мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” (117,9%), Нацыянальны мастацкі музей (129,3%), Нясвіжскі музей-запаведнік (126,2%). Недастаткова выкарысталі свой рэсурс Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Музей народнай архітэктуры і побыту.
Наперадзе — новыя задачы. Безумоўна, музеі чакае штодзённая карпатлівая праца з калекцыямі, навуковае праектаванне экспазіцый і выставак, пошук форм работы з наведвальнікамі. У адпаведнасці з дзяржаўнымі і галіновымі праграмамі музеі могуць і павінны дзейсна рэалізоўваць свой патэнцыял у навуцы, культуры, сферы баўлення вольнага часу.
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad2.jpg
Прафесійны семінар у Нацыянальнай
бібліятэцы Беларусі.
Сетка бібліятэк Міністэрства культуры на канец 2008 года налічвае 3931 установу, з іх 1 — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 6 — абласных. Публічныя бібліятэкі прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны і рэалізацыі дзяржаўных праграм. Ніводная знакавая культурная падзеяне засталася па-за іх увагай. Гэта і Дзень беларускага пісьменства, і мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, 1020-годдзю Хрышчэння Русі, і многія іншыя.
Штогод Міністэрствам культуры праводзіцца Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Пераможцамі ХVІ конкурсу летась сталі 15 бібліятэк краіны.
Варта адзначыць работу Гродзенскай навуковай абласной бібліятэкі імя Я.Карскага (дырэктар — Лідзія Мальцава), якая стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2008 год у намінацыі “Бібліятэчная справа”, Іказненскай сельскай бібліятэкі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці (бібліятэкар — Ірына Лясюк), Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Мінскай вобласці (метадыст — Наталля Маеўская), Геранёнскай сельскай бібліятэкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці (загадчык — Тамара Вайцюкевіч), Дрыбінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Магілёўскай вобласці (дырэктар — Тамара Салтанава), Бездзежскай сельскай бібліятэкі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці (загадчык — Валянціна Валковіч), Караваціцкай сельскай бібліятэкі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці (бібліятэкар — Любоў Васілец).
Галоўны навуковы, метадычны і інфармацыйны цэнтр краіны — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У фондах НББ — звыш 8,6 млн. адзінак захоўвання. Карыстальнікамі ўстановы з’яўляецца больш за 127 тысяч жыхароў рэспублікі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі вядзе актыўную метадычную работу, накіраваную на ўдасканаленне бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва ў краіне. На яе базе ў 2008 годзе было арганізавана больш чым 15 канферэнцый, семінараў і іншых адукацыйных мерапрыемстваў. Сярод іх — і ІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, выязныя семінары на базе абласных бібліятэк “Стан і перспектывы развіцця бібліятэк рэгіёна”, “круглы стол” “Інавацыйная дзейнасць абласных бібліятэк: навукова-метадычны аспект”, семінар-практыкум “Улік і захаванасць бібліятэчных фондаў”.
Сучасная бібліятэка валодае вялікімі магчымасцямі, накіраванымі на рэалізацыю пастаўленых перад ёю задач. Асноўную ролю тут, вядома, адыгрываюць бібліятэчныя фонды. Агульны фонд бібліятэк рэспублікі складае каля 66 млн. экземпляраў. На працягу 2005 — 2007 гг. мы бачылі скарачэнне фонду публічных бібліятэк краіны. Адмоўная дынаміка развіцця фонду была абумоўлена дамінаваннем літаратуры, якая спісвалася. На сённяшні дзень сітуацыя стабілізавалася, і паступленні ў фонды бібліятэк значна перавышаюць выбыццё. Варта адзначыць і той факт, што на працягу 2007 — 2008 гг. усе вобласці і горад Мінск выконвалі даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб фінансаванні за кошт мясцовых бюджэтаў.
Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў і камп’ютэрызацыя бібліятэк выконваецца ў рамках Галіновай праграмы па інфарматызацыі галіны культуры, Галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”, Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на 2003 — 2005 гг. і на перспектыву да 2010 г. Усе публічныя і абласныя бібліятэкі карыстаюцца тыпавым праграмным забеспячэннем “ALIS 2000” НВА “ИНЕАК”, за выключэннем бібліятэк Гомельскай вобласці, якія толькі ў 2008 годзе пачалі закупляць дадзены праграмны прадукт, што дазваляе канвертаваць бібліяграфічныя запісы з электроннага каталога ў фармат BELMARC і вырашыць праблему ўдзелу бібліятэк вобласці ў сістэме карпаратыўнай каталагізацыі. На сённяшні дзень у 64,5% цэнтральных публічных бібліятэк, што выкарыстоўваюць тыпавы праграмны прадукт, бібліятэчныя працэсы аўтаматызаваны ў поўным аб’ёме.
Камп’ютэрызацыя публічных бібліятэк, на жаль, рухаецца павольнымі тэмпамі. Большая палова дадзеных устаноўкультуры не мае камп’ютэраў. На 3930 публічных і абласных бібліятэк прыходзіцца 3043 адзінак камп’ютэрнай тэхнікі, камп’ютэрызавана 31,6%. Падключаны да Інтэрнета толькі 20,6% ад агульнай колькасці бібліятэк. Самы нізкі працэнт камп’ютэрызацыі — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, падключэння да Інтэрнета — у Мінску і Гомельскай вобласці.
Выклікае занепакоенасць і той факт, што сетка бібліятэк мае пастаянную тэндэнцыю да скарачэння. Колькасць публічных бібліятэк у рэгіёнах, у параўнанні з 2005 годам, скарацілася на 284 адзінкі. Найбольшае скарачэнне мела месца ў Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцях. Прычынай скарачэння з’явілася зніжэнне колькасці сельскіх жыхароў, некаторыя бібліятэкі пераўтвараліся ў інтэграваныя формы абслугоўвання: клубы-бібліятэкі, дамы сацыяльных паслуг. Развіваюцца нестацыянарныя формы бібліятэчнага абслугоўвання: бібліобусы, аўтабібліятэкі, пункты бібліятэчнага абслугоўвання маланаселеных пунктаў.
Падвёўшы вынікі работы бібліятэк за 2008 год, неабходна акрэсліць дакладныя планы на 2009 год: над чым трэба працаваць бібліятэкам, упраўленням культуры аблвыканкамаў, аддзелам культуры рай-, гарвыканкамаў?
Найперш патрэбна прааналізаваць сітуацыю са скарачэннем сеткі бібліятэк і не дапускаць неабгрунтаванага закрыцця сельскіх бібліятэк; актывізаваць работу па аўтаматызацыі і камп’ютэрызацыі бібліятэк, за 2009 год аўтаматызаваць у поўным аб’ёме ўсе цэнтральныя раённыя і гарадскія бібліятэкі, камп’ютэрызаваць буйныя сельскія бібліятэкі з падключэннем іх да Інтэрнета і арганізацыяй электроннай пошты; умацаваць тэхнічную базу бібліятэк сучаснымі камп’ютэрнымі сродкамі, што будзе спрыяць паляпшэнню якасці паслуг насельніцтву; прадоўжыць працу над выкананнем даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па паляпшэнні камплектавання фондаў бібліятэк, раўнамерным размеркаванні фінансавых сродкаў на працягу года, закупцы сацыяльна значных выданняў; Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працягваць метадычную работу, накіраваную на ўдасканаленне бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва ў краіне, па аказанні дапамогі ў авалодванні сучаснымі тэхналогіямі ў інфармацыйным, даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні карыстальнікаў.
У правядзенні культурнай палітыкі ўзрастае роля ўстаноў клубнага тыпу. Адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца праца з моладдзю. Добрым стымулам для актывізацыі клубных устаноў па выяўленні і папулярызацыі найноўшага вопыту ў дадзеным накірунку стала правядзенне ў 2008 годзе на базе ўстаноў культуры Дзяржынскага і Слуцкага раёнаў Рэспубліканскага семінара аб сучасным стане дыскатэчнага руху, а таксама адкрытага Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю дыскатэчных мерапрыемстваў у клубных установах рэспублікі, вынікі якога будуць падведзены да 1 красавіка 2009 года. Гэта, у сваю чаргу, дазволіла пераасэнсаваць сацыяльную ролю дыскатэк як самай масавай і папулярнай сярод моладзі формы баўлення вольнага часу.
Дастойнае месца ў сістэме метадычнага забеспячэння займаюць Бярозаўскі, Драгічынскі, Рагачоўскі, Акцябрскі, Пастаўскі, Шумілінскі, Мсціслаўскі раённыя, Баранавіцкі гарадскі метадычныя цэнтры, Касцюковіцкая і Магілёўская цэнтралізаваная клубная сістэма.
Дзейснымі інстытутамі з канкрэтнымі вынікамі арганізацыйна-метадычнай і творчай работы з’яўляюцца абласныя метадычныя цэнтры народнай творчасці. З мэтай удасканалення дзейнасці абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad3.jpg
 Дом культуры ў аграгарадку “Відамля”
Камянецкага раёна.
культурна-асветніцкай работы ў 2009 годзе Міністэрства культуры праводзіць Рэспубліканскі агляд-конкурс абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці.
Актыўна сцвярджаюць сябе новыя тыпы ўстаноў культуры: дамы рамёстваў, дамы фальклору, дамы народнай творчасці, якімі праводзіцца грунтоўная работа па папулярызацыі традыцыйнай культуры.
Усяго ж у галіне працуе 91 дом рамёстваў і 81 дом народнай творчасці.
Пры клубных установах у цяперашні час працуе больш за 25 тыс. клубных фарміраванняў, у якіх займаецца больш чым 280 тыс. удзельнікаў. Каля 70% клубных фарміраванняў — калектывы мастацкай творчасці.
Павышаецца ўзровень арганізацыі творчай работы клубных фарміраванняў. Сёння аматарскія калектывы мастацкай творчасці, аб’яднанні, студыі актыўна праводзяць канцэртную і выставачную дзейнасць у рэспубліцы, што дазваляе выконваць патрабаванні сістэмы сацыяльных стандартаў у частцы гарантаванасці і даступнасці паслуг у сферы арганізацыі вольнага часу.
Штогод звыш 200 вядучых калектываў годна прадстаўляюць нацыянальную культуру на міжнародных фестывалях і конкурсах у замежжы. Варта адзначыць лепшыя аматарскія калектывы рэспублікі. Гэта заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” Івнаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Брэсцкай вобласці (кіраўнік — Людміла Каспяровіч), харэаграфічны ансамбль “Зорька” Цэнтра культуры “Віцебск” (кіраўнік — Наталля Чарнюк), ансамбль танца “Лялечкі” Абухоўскага цэнтральнага дома культуры Гродзенскага раёна (кіраўнік — Надзея Урукіна), ансамбль народнай песні “Світанак” Магілёўскага раённага цэнтра культуры (кіраўнік — Уладзімір Сянькоў), узорная студыя цыркавога мастацтва “Арэна” Мазырскага гарадскога палаца культуры Гомельскай вобласці (кіраўнікі — Марыя і Барыс Кузняцовы).
У 2008 годзе лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыях “Народная творчасць”і “Аматарская мастацкая творчасць” сталі народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры і вольнага часу Мінскай вобласці (кіраўнік — Лізавета Пятроўская) і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь студыя сучаснага бальнага танца “Мара” Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (кіраўнік — Лідзія Кац-Лазарава).
У 2008 годзе ў рэспубліцы павялічылася на 103 найменні колькасць калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”, званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” прысвоена 6 калектывам.
Аднак з боку мясцовых органаў і аддзелаў культуры не заўжды надаецца неабходная ўвага працы клубных фарміраванняў. Застаюцца актуальнымі праблемы ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, метадычная і арганізацыйная дапамога, садзейнічанне ў падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў кіраўнікоў калектываў народнай творчасці.
Ва ўмовах рэфармавання ўстаноў клубнага тыпу адной з галоўных задач павінна стаць захаванне колькасці аматарскіх фарміраванняў.
Актуальнай і неабходнай з’яўляецца работа па захаванні і развіцці традыцыйнай культуры рэгіёнаў. У 2008 годзе працягвалася работа над стварэннем анталогіі “Традыцыйная культура Беларусі”. Былі праведзены ІІІ і ІV этнаграфічныя канцэрты “Фальклор беларускай глыбінкі”.
Асобна хочацца звярнуць увагу на працу Іванаўскай школы бондарства ў Брэсцкай вобласці і майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з вёскі Валканосава Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандра Харкевіча, якія сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2008 года ў намінацыі “Народная творчасць”.
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad5.jpg
 Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску
Пры ўстановах культуры працягваюць арганізоўвацца выставачныя салоны з магчымасцю рэалізацыі прадстаўленай прадукцыі, салоны-крамы па продажы вырабаў майстроў народных рамёстваў. Усяго ў рэспубліцы працуе 31 салон-крама. Найбольш эфектыўна праца пастаўлена ў Лепельскім і Пастаўскім дамах рамёстваў, пры якіх таксама функцыянуюць салоны-крамы. Работы народных майстроў таксама рэалізуюцца пад час правядзення розных мерапрыемстваў, культурных акцый, фестываляў, выставак-продажаў і выставак-кірмашоў.
Эфектыўнай формай падтрымкі аматарскай мастацкай творчасці і дзейсным фактарам развіцця нацыянальнай культуры з’яўляецца правядзенне фестывальных мерапрыемстваў. У 2008 годзе найбольш знакавымі фестывалямі народнай творчасці былі рэспубліканскія фестывалі нацыянальных культур у Гродне, народных рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, міжнародныя фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, духавой музыкі “Беларускія фанфары” ў Баранавічах, харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” у Гомелі, фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім.
Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры ў 2008 годзе распрацавана і адобрана Кіраўніком дзяржавы схема фестывальнага руху, якая прадугледжвае ўпарадкаванне колькасці мерапрыемстваў, што фінансуюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту. У далейшым мяркуецца захаваць у сістэме фестывальнага руху Беларусі 57 праектаў, з якіх 26 будуць праводзіцца штогод, 24 — адзін раз на два гады, 7 — адзін раз на тры гады. Вызначаны 21 фестываль, які будзе атрымліваць дзяржаўную падтрымку. Гэта 5 найбуйнейшых фестываляў, што ствараюць культурнае аблічча сучаснай Беларусі і будуць праводзіцца па рашэнні Кіраўніка дзяржавы або Урада, і 16 міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, якія маюць найбольшае значэнне для развіцця асобных відаў мастацтва і аматарскай творчасці. У рэгіёнах таксама будуць праводзіцца 36 фестываляў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і пазабюджэтных крыніц.
Як ужо адзначалася, у 2009 годзе праца па ўпарадкаванні фестывальнага руху будзе арыентавана на скарачэнне аб’ёмаў фінансавання з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў і прапарцыянальнае павелічэнне аб’ёму фінансавання фестывальных мерапрыемстваў за кошт пазабюджэтных і іншых сродкаў. Арганізатары кожнага фестывалю павінны прыцягваць ад 15 да 75 працэнтаў пазабюджэтных сродкаў ад агульнага каштарысу на яго правядзенне.
Важнае месца ў 2009 годзе будуць займаць мерапрыемствы, прысвечаныя 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У рамках правядзення творчых справаздач абласцей у Мінску на працягу 2008 года адбыліся творчыя справаздачы Брэсцкай, Гомельскай абласцей і Мінска. У 2009 годзе будуць прадоўжаны творчыя справаздачы, і ўжо ў лютым на сцэне Палаца Рэспублікі свае творчыя дасягненні прадэманструюць лепшыя калектывы Гродзенскай вобласці.
У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ў 2009 годзе ў Мінску, у межах мерапрыемстваў, прысвечаных 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Міністэрствам культуры, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам будзе праведзена выстаўка-кірмаш “Горад майстроў” з удзелам майстроў народных промыслаў і рамёстваў усіх абласцей і сталіцы.
Важна адзначыць, што выкарыстанне на месцах культурных традыцый сваіх рэгіёнаў стварае найбольш правільнае ўяўленне аб нацыянальнай культуры краіны ў цэлым. Таму далейшае развіццё рэгіянальнай культуры, прапаганда традыцыйнай народнай культуры павінны стаць нашымі прыярытэтнымі задачамі. Іх выкананне ў многім звязана з адраджэннем і развіццём сяла.
Канкрэтныя планавыя заданні Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гг., зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2008 года № 172, у асноўным выкананы.
У рамках рэфармавання сеткі, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскіх устаноў культуры і вольнага часу створана 38 устаноў культуры новага тыпу. У аграгарадках
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad4.jpg
 Заслужаны аматарскі калектыў ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” Іванаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Валожынскага, Смалявіцкага, Магілёўскага, Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Столінскага раёнаў створаны цэнтры культуры і вольнага часу, Маладзёжны цэнтр з’явіўся ў Пінскім раёне, культурна-спартыўныя цэнтры — у Магілёўскім і Салігорскім, Этнаграфічны цэнтр — у Браслаўскім, Цэнтр культуры і народнай творчасці — у Лунінецкім, Цэнтр традыцыйнай культуры — у Смалявіцкім, Клуб народнай творчасці — у Чавускім і Клуб культурна-сацыяльных паслуг — у Круглянскім. З мэтай адраджэння і развіцця асобных відаў народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў адкрыты 4 дамы рамёстваў у аграгарадках “Дзівін” Кобрынскага, “Судкова” Хойніцкага, “Гервяты” Астравецкага і “Белагурна” Дзятлаўскага раёнаў, а таксама школа народнай творчасці ў аграгарадку “Рэкта” Горацкага раёна.
Для арганізацыі культурнага абслугоўвання жыхароў аддаленых вёсак на базе сучасных аўтамабілей абсталяваны 69 мабільных устаноў культуры. Улічваючы, што Магілёўская вобласць мае самую шырокую сетку (55 адзінак, у тым ліку 21 аўтаклуб, 13 бібліобусаў, 21 кінавідэакомплекс), у лістападзе 2008 года адбыўся Рэспубліканскі семінар-практыкум, пад час якога былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшую пастаноўку работы аўтаклубаў з выездам у маланаселеныя вёскі Магілёўскага і Бялыніцкага раёнаў і прадстаўленнем лепшых праграм пераможцаў. Летась новыя бібліобусы атрымалі Глускі, Дрыбінскі, Кіраўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі аддзелы культуры. Па 12 мабільных устаноў створана ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Усяго для набыцця транспартных сродкаў і абсталявання мабільных устаноў культуры з мясцовага бюджэту выкарыстана 2,9 млрд. рублёў.
У 1,7 разы перавыкананы планавы паказчык па адкрыцці філіялаў і класаў дзіцячых школ мастацтваў. Лідэрам у дадзеным накірунку застаецца Мінская вобласць.
З пачатку рэалізацыі Праграмы ў аграгарадках вобласці створана 59 такіх філіялаў, а з 1 верасня 2008 года яшчэ 90 дзяцей пачалі навучанне ў наноў адкрытых класах з рознымі накірункамі мастацкай творчасці. Адметна, што поруч з традыцыйнымі класамі акардэона, гітары, харэаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога, выяўленчага мастацтва ўпершыню адкрыты класы мастацкага ткацтва і скульптуры ў Стаўбцоўскім, а таксама тэатральнае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў у Барысаўскім раёнах. Філіялы дзіцячых музычных школ адкрыты ў аграгарадках Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці.
Працягваецца камп’ютэрызацыя бібліятэк аграгарадкоў. У справаздачным годзе новае камп’ютэрнае абсталяванне на суму 476,1 млн. рублёў з падключэннем да Інтэрнета ўсталявана ў 172 буйныя сельскія бібліятэкі.
Заданне выканана па рэспубліцы на 108%.
З улікам таго, што рамонтныя работы на аб’ектах культуры ў Гомельскай вобласці не былі завершаны ў тэрмін, 10 бібліятэк засталіся непадключанымі да Інтэрнета. Пытанне падключэння неабходна вырашыць на працягу студзеня гэтага года.
Далучэнню жыхароў сяла да тэатральнага мастацтва спрыяе стварэнне 42 пляцовак філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання насельніцтва на базе дамоў і цэнтраў культуры аграгарадкоў. На абсталяванне пляцовак адпаведнай гукатэхнічнай і светлавой апаратурай, музычнымі інструментамі ў Магілёўскай вобласці выкарыстана каля 278 млн. рублёў, у Гомельскай — 81 млн. Міністэрствам культуры побач з арганізацыяй канцэртаў лепшых калектываў рэспублікі ў межах Рэспубліканскага фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” для забеспячэння філарманічных пляцовак 12 раёнаў перададзена абсталявання на суму 230 млн. рублёў.
У значнай ступені актывізуе дзейнасць творчых калектываў рэспубліканскае спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва, якое праводзіцца ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы, дадзеным у лютым 2001 года пад час нарады “Аб мерах па рашэнні праблем развіцця культуры і мастацтва”. У цэлым па рэспубліцы забяспечаны рост паказчыкаў па ўсіх раздзелах спаборніцтва.
Найлепшых вынікаў у 2008 годзе дасягнула Гомельская вобласць. Значна палепшылі паказчыкі Магілёўская і Віцебская вобласці. Пры нязначным прагрэсе клубных устаноў у Мінскай вобласці адзначаецца зніжэнне эфектыўнасці працы тэатральных і канцэртных арганізацый, устаноў адукацыі ў сферы культуры і мастацтва, што заканамерна адсоўвае вобласць на апошняе месца ў спаборніцтве.
У адпаведнасці з мерапрыемствамі дзяржаўнай праграмы на 16 аб’ектах гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны вяліся аднаўленчыя работы з мэтай фарміравання на іх базе цэнтраў культуры і вольнага часу, сядзібна-этнаграфічных комплексаў і турыстычных маршрутаў. Найбольш значная праца з прыцягненнем розных крыніц фінансавання праведзена ўпраўленнямі культуры Брэсцкага і Гомельскага аблвыканкамаў. На стварэнне музейных комплексаў у старадаўняй сядзібе Нямцэвічаў у вёсцы Скокі Брэсцкага раёна, Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна, аднаўленне сядзібна-паркавага ансамбля ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёна, Ружанскага палаца Пружанскага раёна, Косаўскага палаца Івацэвіцкага раёна асвоена каля 2 млрд. рублёў. На ўзнаўленне дома-сядзібы ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, комплексу былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна — каля 1,5 млрд. рублёў. Завершаны работы па добраўпарадкаванні гісторыка-культурных аб’ектаў і распрацоўцы турыстычныхмаршрутаў у Мядзельскім раёне. Адкрыты 3 новыя экскурсійна-турыстычныя маршруты: “Нашчадкі А.С. Пушкіна на Бабруйшчыне”, “Клічаў — мемарыяльны комплекс “Усакіна”, “Малая Радзіма” (Шклоўскі раён).
Разам з тым, усяго з пачатку рэалізацыі Праграмы завершаны работы толькі на 7 аб’ектах — гэта 28% ад запланаваных 25 аб’ектаў да 2010 года. Выклікае занепакоенасць работа ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама ў дадзеным накірунку: на сёння ў вобласці ні на адным з трох запланаваных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны работы не пачаліся. У верасні мінулага года на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры разгледжана праца ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па выкананні мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы. Ход яе рэалізацыі неаднаразова разглядаўся на пасяджэннях калегіі, нарадах у Міністэрстве культуры.
У 2008 годзе выкананы значныя аб’ёмы рамонтна-будаўнічых работ на аб’ектах культуры, размешчаных у аграгарадках. Уведзена 355 аб’ектаў культуры, у тым ліку 44 аб’екты — у аграгарадках 2005 — 2007 гг. і 306 — у аграгарадках 2008 г. Дастойных вынікаў дасягнула Магілёўская вобласць, якая завяршыла ўсе рамонтна-будаўнічыя работы на аб’ектах культуры ў аграгарадках 2005 — 2008 гг. Добрыя вынікі — у Мінскай вобласці: усе аб’екты 2008 г. здадзены ў эксплуатацыю, адзін аб’ект 2007-га будзе здадзены ў І квартале 2009 г.
Неабходна адзначыць, што ўсяго ў 2005 — 2007 гг. уведзена ў эксплуатацыю 711 аб’ектаў культуры, размешчаных у аграгарадках, на абсталяванне якіх было накіравана 85,4 млрд. рублёў. У 2008 годзе выканана рамонтна-будаўнічых работ на аб’ектах культуры аграгарадкоў 2005 — 2008 гг. на агульную суму звыш 90 млрд. (гэта больш, чым за папярэднія тры гады). Разам з тым, па 17 аб’ектах культуры аграгарадкоў 2005 — 2007 гг. работы будуць прадоўжаны ў 2009 годзе (Брэсцкая — 4, Віцебская — 7, Гомельская — 4, Гродзенская —1). У 2009 годзе неабходна поўнасцю завяршыць усе работы на аб’ектах культуры, размешчаных у аграгарадках 2005 — 2008 гг.
Пазітыўныя змены адбываліся ў сферы прафесійнага мастацтва. Яны абумоўлены найперш разуменнем таго, што ўзровень яго развіцця шмат у чым вызначае культурнае аблічча нашай краіны і яе прэстыж за мяжой. У поўнай меры гэта датычыцца тэатральнага мастацтва. Заўважнай стала тэндэнцыя павелічэння колькасці спектакляў і гледачоў, што наведваюць іх. Гэта сведчыць не толькі аб росце духоўных запатрабаванняў насельніцтва, але і аб станоўчай у цэлым працы тэатраў.
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad6.jpg
Сцэна са спектакля “Пінская шляхта” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
У 2008 годзе жыццё тэатраў праходзіла пад знакам 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Юбілей стаў добрым творчым імпульсам як для музыкантаў, паэтаў, мастакоў, так і для тэатральных дзеячаў. Год, што адкрыўся паказам спектакля “Ідылія” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна на сцэне Купалаўскага тэатра, быў адзначаны шэрагам прэм’ер па яго творах. Сярод іх можна назваць “Пінскую шляхту” ў пастаноўцы М.Пінігіна ў Купалаўскім тэатры, гэтую ж п’есу ў Гомельскім абласным тэатры, “Залёты” ў тэатры імя Якуба Коласа і Гомельскім маладзёжным і іншыя. Юбілею Дуніна-Марцінкевіча быў прысвечаны Фестываль нацыянальнай драматургіі, які прайшоў у Бабруйску. Яркай прэм’ерай на ім стаў спектакль “Камедыянт” па п’есе А.Асташонка ў пастаноўцы Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі (рэжысёр — Рыд Таліпаў).
Індыкатарам паспяховай працы любога тэатра з’яўляюцца прэм’ерныя спектаклі. Міністэрства культуры выдзяляе немалыя сродкі на новыя пастаноўкі па дзяржаўным заказе (у 2008 г. — гэта звыш 500 млн. рублёў). Удалымі прэм’ерамі сталі: “Ідэальны муж” А.Уайльда ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, “Дзеці Ванюшына” С.Найдзёнава ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, “Каласы пад сярпом тваім” паводле У.Караткевіча ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, “Шчаўкунок” Э.Гофмана ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача, “Рускі фантом” у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры і іншыя. Паспяхова таксама прайшлі прэм’еры спектакляў па творах беларускіх аўтараў Якуба Коласа, А.Паповай, А.Дударава, В.Ткачова, Г.Марчука, С.Клімковіч, Д.Балыка ў Мінску, Брэсце, Маладзечне, Гомелі, Віцебску. Упэўнена заявілі пра сябе маладыя рэжысёры С.Залеская-Бень, В.Расстрыжэнкаў, Д.Нупрэйчык, О.Саратокіна, С.Анцалевіч і іншыя.
У добрым сэнсе сапраўды эксперыментальнай стала сцэна Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Валерый Анісенка змог рацыянальна задзейнічаць практычна ўсю трупу. Дзякуючы працы Цэнтра беларускай драматургіі назапашваецца ўсё больш станоўчага досведу работы з маладымі акцёрамі, рэжысёрамі і драматургамі, вядзецца пошук новых сцэнічных форм, найбольш актыўна ажыццяўляюцца прэм’ерныя спектаклі.
Сёння Беларусь стала прыцягальнай для многіх замежных тэатральных калектываў дзякуючы буйным міжнародным фестывальным праектам. У 2008 годзе гасцямі фестывалю “Белая вежа” ў Брэсце, напрыклад, стаў 31 тэатр з 17 краін свету. Набірае моц маладзёжны “М.@rt.кантакт” у Магілёве. Дзіцячай і маладзёжнай аўдыторыі была прысвечана большасць спектакляў фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі. Сучасныя накірункі развіцця лялечнага майстэрства прадставіў Міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску, які адбыўся пад знакам 70-годдзя Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.
Добра паказалі сябе на розных фестывалях і нашы тэатры. Спектакль Коласаўскай трупы “Дадому” А.Паповай атрымаў Гран-пры Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Смаленскі каўчэг”, спектакль Брэсцкага тэатра лялек “Халстамер” Л.Талстога заняў І месца, адзначаны дыпломам і галоўным прызам ХХХХІ Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Харватыі.
Лічу, што ўсе нашы поспехі і няўдачы наўпрост залежаць ад кадравага патэнцыялу. У гэтым кірунку перад намі яшчэ вялікая праца, каб гэты патэнцыял быў па-сапраўднаму творчым і значным, каб выкарыстоўваўся рацыянальна.
Як вы ведаеце, летась адбылася змена мастацкага кіраўніцтва ў тэатры  Максіма Горкага: галоўным рэжысёрам стаў Сяргей Кавальчык. У трупы з’явіліся новыя магчымасці. Міністэрства культуры фінансава падтрымала тэатр у ажыццяўленні значных праектаў. На поўную моц працуе моладзь. Не ўзнікае невырашальных праблем ва ўзаемаадносінах з калектывам у дырэктара тэатра Эдуарда Герасімовіча, які ў лістападзе мінулага года адзначыў 25-годдзе знаходжання на гэтай пасадзе.
А вось у тэатры імя Янкі Купалы стала заўважным паслабленне творчай дысцыпліны, зніжэнне занятасці артыстаў у рэпертуары, нерацыянальнае выкарыстанне творчых магчымасцей кожнага, што прывяло да вядомага канфлікту. Мінулагоднія падзеі паказалі, што ў любым творчым калектыве нельга спадзявацца на волю лёсу. Дырэктар тэатра, яго галоўны рэжысёр перш за ўсё павінны думаць аб рабоце з людзьмі, умець не толькі слухаць іх, але і чуць, ствараць спрыяльны працоўны мікраклімат, рацыянальна будаваць канцэпцыю развіцця тэатра. Яны пакліканы чуйна ўлоўліваць настрой людзей, своечасова і адэкватна рэагаваць на праблемы, якія ўзнікаюць, больш абапірацца на думку мастацкага савета. А то часам даходзіць да таго, што мастацкі савет не толькі пазбягае прынцыповых ацэнак, але і наогул не збіраецца на свае пасяджэнні.
Вяртаючыся да Купалаўскага тэатра, хацеў бы адзначыць, што ў яго з’явіліся вялікія перспектывы ў сувязі з прыходам у якасці мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна. Дапаможа зняць непатрэбную напружанасць у калектыве і змена адміністрацыйнага кіраўніцтва, паколькі Мікалай Кірычэнка вырашыў цалкам прысвяціць сябе сцэнічнай дзейнасці. Дарэчы, у бліжэйшы час плануецца змена мастацкага кіраўніцтва ў тэатры імя Якуба Коласа.
У сувязі з вяртаннем на родную сцэну не толькі новыя ўмовы, але і новыя патрабаванні чакаюць майстроў опернага і балетнага мастацтва, якія аб’ядналіся ў адзіны калектыў.
У фарміраванні рэпертуару на 2009 год тэатры не павінны забывацца аб надыходзячай гадавіне вызвалення Беларусі. Вы ведаеце, што бягучы год абвешчаны Годам роднай зямлі. Гэта адкрывае вялікія магчымасці ў асваенні патрыятычнай і гістарычнай тэматыкі на нацыянальным матэрыяле. Сінтэз гістарычных і сучасных тэндэнцыйдапаможа зрабіць беларускую сцэну яшчэ больш прыцягальнай, напоўніць яе, у добрым сэнсе гэтага слова, грамадзянскім гучаннем.
У сферы музычнага мастацтва назіралася актывізацыя канцэртнай дзейнасці, ствараліся новыя творы і канцэртныя праграмы. Значна актывізавала гэтую працу правядзенне акцыі “Мы — беларусы!”. Яна прайшла не толькі па ўсёй рэспубліцы, але і ў Расіі, на Украіне, у Польшчы, Латвіі, Літве. Фінальнай кропкай яе замежнай часткі стаў канцэрт у галоўнай зале Кіева, які атрымаў шырокі рэзананс. У сувязі з гэтым хацеў бы падзякаваць усім артыстам і арганізатарам, усім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы гэтых канцэртаў. Адначасова варта было б падумаць пра новую акцыю такога ж вялікага патрыятычнага і грамадзянскага значэння.
Станоўчую ацэнку атрымалі канцэрты, прымеркаваныя да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Яркімі фарбамі былі адзначаны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2008” у Оршы, канцэрты, прымеркаваныя да 1020-годдзя Хрышчэння славянскіх народаў, 90-годдзя камсамола, 90-годдзя БССР. З мэтай больш шырокага знаёмства з культурнымі дасягненнямі рэгіёнаў у Мінску адбыліся творчыя справаздачы абласцей.
Традыцыйна адной з яркіх культурных падзей года стаў ХVІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянкі базар у Віцебску”. Ён прынёс поспех маладым беларускім выканаўцам Віталю Гардзею (І месца) і Аліне Молаш (І месца). З вялікай глядацкай цікавасцю прайшоў ІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, міжнародныя фестывалі класічнай музыкі “Мінская вясна”, “Беларуская музычная восень”, фестывалі імя І.І. Салярцінскага, арганнай музыкі “Званы Сафіі”, сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, “Рэнесанс гітары” ў Гомелі.
У 2008 адзначалася 75-годдзе Беларускага саюза кампазітараў. Класічныя і сучасныя творы — С.Манюшкі, І.Лучанка, Д.Смольскага, Я.Глебава, А.Мдзівані, В.Каральчука, С.Бельцюкова, Г.Гарэлавай, В.Кузняцова і іншых — прагучалі ў новых канцэртных праграмах творчых калектываў Белдзяржфілармоніі, Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, Нацыянальнага народнага хору імя Г.Цітовіча і Нацыянальнага народнага аркестра імя І.Жыновіча.
Значны ўнёсак у папулярызацыю беларускай музыкі, развіццё культуры малых гарадоў унеслі музычныя святы ў Заслаўі, Нясвіжы, Міры, Мсціславе, Тураве, Чачэрску, у якіх прыняў удзел Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга (ён жа — ініцыятар і арганізатар гэтых канцэртаў).
У 2008 годзе Міністэрствам культуры падтрыманы вопыт арганізацыі і правядзення ўсімі філармоніямі канцэртнага тура стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзякуючы гэтаму жыхары краіны даведаліся пра новыя імёны таленавітых выканаўцаў. Сярод іх — інструментальнае трыо ў складзе Аляксея і Паўла Дараганавых, Ірыны Каленчыц, піяніст Павел Кошчава, віяланчэліст Канстанцін Зяленін, кларнетыст Яўген Шымановіч, флейтыстка Таццяна Кармазінава і многія іншыя.
Ідэя шырокага далучэння насельніцтва да сапраўднага мастацтва знайшла сваё ўвасабленне ў выездзе вядучых калектываў у рэгіёны, у тым ліку ў аграгарадкі. Працягвалася гэтая праца і на месцах. Гомельская філармонія з ранейшай актыўнасцю працягвала абслугоўванне раёнаў, што пацярпелі ад чарнобыльскай навалы. За год яна дала тут звыш 100 канцэртаў. Практычна трэцюю частку ўсіх канцэртаў (каля 500) Гомельская філармонія ладзіць для працаўнікоў сяла. Гэта самы высокі паказчык па рэспубліцы. За ёй ідуць Брэсцкая і Гродзенская філармоніі.
Калегія Міністэрства культуры, якая прайшла ў кастрычніку 2008 года, адзначыла, што дзяржава прымае канкрэтныя меры па ўмацаванні матэрыяльнай базы канцэртных арганізацый, удасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы, падтрымлівае напісанне новых твораў і падрыхтоўку новых канцэртных праграм.
Разам з тым, сёння маюцца праблемы ў сферы гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Гэта — і нізкая заработная плата артыстаў, асабліва маладых, і не заўжды здавальняючая якасць канцэртаў, асабліва эстрадных, недастатковая ўвага эстрадных выканаўцаў да беларускай мовы і нацыянальнага матэрыялу. Таму ў гэтым годзе мы плануем забяспечыць заказы на падрыхтоўку высокамастацкіх твораў як у эстрадным жанры, так і ў акадэмічнай музыцы. У сувязі з гэтым не толькі далейшае развіццё, але і абнаўленне павінен атрымаць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.
Асобым клопатам усіх творчых калектываў, усіх філармоній у 2009 годзе павінна стаць святкаванне 65-годдзя вызвалення Беларусі. У сувязі з гэтым неабходна ажыццявіць падрыхтоўку новых канцэртных праграм, адзначыць гэтую дату гастрольнымі турамі па ўсіх рэгіёнах краіны. Для названых мэт прадугледжваюцца спецыяльныя сродкі.
Сёлета мы павінны на высокім арганізацыйным і творчым узроўні завяршыць творчыя справаздачы абласцей у Мінску. Найбольш яркія нумары ўвойдуць у канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці.
У мінулым годзе працягвалася практыка закупкі лепшых твораў выяўленчага мастацтва. Па заяўках музеяў набыты 140 твораў. Выдзеленая на гэтыя мэты сума ўдвая перавышае памеры закупак 2007 года. У цэнтры ўвагі знаходзілася падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. З іх удзелам у маі праведзена выстаўка ў Палацы мастацтва, лепшыя творы закуплены для музеяў.
Галоўным для Міністэрства культуры ў мінулым годзе з’яўлялася падтрымка карысных пачынанняў і творчых ініцыятыў, клопат аб стварэнні неабходных умоў для творчасці. З мэтай захавання творчай спадчыны народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага распачата работа па стварэнні яго галерэі. Яна будзе прадоўжана і ў 2009 годзе.
Сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Беларускім саюзам мастакоў упершыню была арганізаванавыстаўка выпускнікоў акадэміі 2002 — 2007 гг. Яна паказала высокі ўзровень падрыхтоўкі мастакоў, глыбіню і трываласць традыцый нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Разам з тым, я ўпэўнены: наша работа з маладымі мастакамі патрабуе значна большай актыўнасці, разнастайнасці і канкрэтнасці. У тым ліку ў прыцягненні іх да напісання твораў высокага патрыятычнага гучання. Дапамагчы ў гэтым пакліканы аб’яўлены конкурс на стварэнне мастацкіх твораў, прысвечаны 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па яго выніках будзе ажыццёўлены заказ на лепшыя работы, якія будуць паказаны на выстаўцы напярэдадні Дня Незалежнасці.
Беларускія мастакі не абмінулі ўвагай юбілей В.Дуніна-Марцінкевіча. Сумесна з Міністэрствам культуры праведзена выстаўка твораў жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечаная беларускаму Дудару. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях прайшлі пленэры, удзельнікамі якіх сталі мастакі з Расіі, Украіны, Польшчы, Славеніі. Беларускае ж выяўленчае мастацтва было прадстаўлена на Нацыянальнай выстаўцы ў Латвіі работамі Л.Шчамялёва, К.Качана і А.Асташова, а таксама на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане, дзе былі паказаны 64 работы 14 беларускіх мастакоў.
У галіне манументальнага мастацтва таксама з’явіліся значныя работы. Гэта перш за ўсё помнікі Усяславу Чарадзею ў Полацку (скульптар — А.Прохараў), В.Дуніну-Марцінкевічу (скульптар — Л.Гумілеўскі), Сямёну Зорычу ў Шклове (скульптар — У.Слабодчыкаў). Новае аблічча Вялікаму тэатру надалі работы Г.Буралкіна і А.Фінскага.
Як вы ведаеце, Урад рэспублікі прыняў новае Палажэнне аб парадку стварэння аб’ектаў манументальнага мастацтва. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае выкананне патрабаванняў аб узвядзенні манументальных аб’ектаў, асабліва ў рэгіёнах. Неабходна дакладна вызначыць, што ж мы хочам увекавечыць сродкамі манументальнага мастацтва ў бліжэйшыя гады. Прашу сур’ёзна аднесціся да названага пытання, дакладна ўзважыць свае фінансавыя магчымасці і сфарміраваць перспектыўныя планы ўстаноўкі манументальных аб’ектаў з улікам гістарычных і культурных традыцый кожнага рэгіёна. Гэта дапаможа нам у рашэнні яшчэ адной, па-ранейшаму актуальнай, праблемы: я маю на ўвазе забеспячэнне мастакоў заказамі на стварэнне новых работ. У 2009 годзе мы спадзяёмся на пэўныя зрухі, паколькі распачата фарміраванне музейных экспазіцый гісторыка-культурных комплексаў Міра і Нясвіжа. А гэта патрабуе і ўдзелу мастакоў.
Кіраўніком дзяржавы надаецца павышаная ўвага развіццю кінавідэагаліны ў нашай краіне.
У лютым 2008 года адбылася калегія Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанні “Аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў галіне кінематаграфіі і аб развіцці кінавідэагаліны ў цэлым па выніках 2007 года”. 12 верасня 2008 года ў новым мінскім кінатэатры “Беларусь” адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з кінематаграфістамі.
На дадзеных мерапрыемствах усебакова разгледжаны стан спраў у галіне. У цяперашні час распрацоўваецца канцэпцыя развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009 — 2014 гг.
У 2008 годзе кінастудыяй завершана праца над 7 найменнямі (10 адзінак) поўнаметражных мастацкіх фільмаў. Акрамя таго, кінастудыяй выпушчаны 34 хранікальна-дакументальныя фільмы і сацыяльныя ролікі, 5 мультыплікацыйных стужак.
У актыўную фазу ўвайшла рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі і рамонце комплексу будынкаў кінастудыі “Беларусьфільм”. Завяршэнне работ адбудзецца ў 2010 годзе.
Разам з тым, кіраўніцтвам кінастудыі не прыняты дастатковыя меры па павышэнні канкурэнтаздольнасці і акупнасці беларускіх фільмаў, а таксама па стварэнні нацыянальных кінапраектаў, якія адлюстроўваюць гістарычнае мінулае нашага народа, кінакарцін па творах беларускіх і замежных класікаў.
“Беларускім відэацэнтрам” у 2008 годзе створаны 72 відэафільмы і сацыяльныя ролікі. Да стварэння відэафільмаў у якасці аўтараў сцэнарыяў і рэжысёраў прыцягваліся 7 маладых кінематаграфістаў. Асноўнай недапрацоўкай “Беларускага відэацэнтра” з’яўляецца слабое прасоўванне ўласнай прадукцыі на электронных носьбітах у свабодным продажы і пунктах пракату рэспублікі, а таксама за яе межамі.
Кінапаказ у рэспубліцы ажыццяўляецца на 1711 кінаўстаноўках, функцыянуе 133 кінатэатра, відэапаказ ажыццяўляецца на 577 відэаўстаноўках. У выкананне пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2007 года № 37, рашэннямі аблвыканкамаў зацверджаны ўзгодненыя з Міністэрствам культуры абласныя праграмы развіцця кінавідэапракатных арганізацый да 2010 года, у якіх прадугледжаны рэканструкцыя і рамонт будынкаў, мадэрнізацыя абсталявання. З абласных бюджэтаў выдзяляюцца сродкі на цэнтралізаванае набыццё беларускай і замежнай фільмапрадукцыі.
У адпаведнасці з праграмамі развіцця кінавідэасеткі, зацверджанымі ў аблвыканкамах і Мінскім гарвыканкаме, за 2008 год набыты 134 відэакомплексы і 25 аўтамабіляў для забеспячэння кінавідэапаказу ў аграгарадках і аддаленых паселішчах. Закуплена таксама 7 камплектаў аб’ёмнага гучання “Долбі-стэрэа”. Забяспечваецца пераабсталяванне кінатэатраў новай кінапраекцыйнай тэхнікай.
У 2008 годзе адрамантаваны 62 кінатэатры (у 2007 — 46). Па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме ў Мінску адкрыты шматзальны кінатэатр “Беларусь”.
За 11 месяцаў 2008 года наведвальнасць кінавідэасеансаў склала 13 201,9 тыс. гледачоў. Прыбыткі ад кінавідэапаказу за гэты перыяд склалі 25 652, 1 млн. рублёў (130,5% у параўнанні з адпаведным перыядам 2007 г.). У якасці прыкладу можна адзначыць станоўчую працу кінавідэапракатчыкаў Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і Бярозаўскага раёна Брэсцкай. У 2008 годзе работнікамі кінавідэапракату Бабруйскага раёна абслужана 263,3 тыс. чалавек (102,1% у параўнанні з 2007 г.), атрымана прыбытку — 615 620,9 тыс. рублёў (на 193 898,4 тыс. рублёў — 144,9% — больш, чым у 2007 г.). У Бярозаўскім раёне гэтыя паказчыкі выглядаюць наступным чынам: платныя паслугі насельніцтву склалі 41 900 тыс. рублёў, што на 6200 тыс. рублёў больш, чым у 2007 г.; абслужана 53,1 тыс. гледачоў, што на 8,8 тыс. больш, чым у 2007-м.
Штогод павялічваецца колькасць фільмаў, якія набываюцца кінавідэапракатнымі арганізацыямі. Калі ў 2007 годзе на кінаэкраны рэспублікі выйшлі 614 новых фільмаў, то ў 2008-м — 991. Практычна ўсе створаныя на кінастудыі “Беларусьфільм” поўнаметражныя мастацкія карціны (на кінаплёнцы і DVD-дысках) закупляюцца абласнымі кінапракатамі. Карыстаюцца попытам і хроніка-дакументальныя фільмы кінастудыі і “Беларускага відэацэнтра”. Але, разам з тым, беларуская анімацыйная прадукцыя недастаткова запатрабавана кінапракатчыкамі або не закупляецца наогул. Таму кінапракатчыкі павінны больш шчыльна працаваць са студыяй, а маркетынгавая служба апошняй павінна прадстаўляць увесь спектр сваёй прадукцыі, што дапаможа яе прасоўванню ў айчынны і замежны пракат.
Пракатным арганізацыям неабходна ўважліва падыходзіць да фарміравання рэпертуарнай палітыкі. За апошнія некалькі гадоў назіраецца тэндэнцыя набыцця для пракату фільмаў, якія ўтрымліваюць элементы ненарматыўнай лексікі, вульгарнасці, а таксама эпізодаў, што адлюстроўваюць розныя формы насілля. Такія кінакарціны адмоўна ўплываюць на псіхіку маладога пакалення. Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці ў 2008 годзе выдадзены заключэнні на 80 кінавідэафільмаў з узроставым абмежаваннем публічнага паказу акрамя асоб да 18 гадоў. 9 фільмаў забаронены да распаўсюджання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
У 2008 годзе беларускія кінематаграфісты прынялі ўдзел у 53 міжнародных кінафорумах 17 краін. Айчынныя фільмы ўзнагароджаны 36 дыпломамі і прызамі. Беларускія фільмы атрымалі 4 Гран-пры на міжнародных кінафестывалях: дакументальная стужка “Ва ўсе дні” рэжысёра М.Жданоўскага (3 Гран-пры), тэлевізійны фільм “Пакуль мы жывыя” рэжысёра Сяргея Сычова.
У рабоце юбілейнага, ХV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” прынялі ўдзел каля 120 замежных дзеячаў кінамастацтва і кінематаграфіі з 45 краін. На дадзеным кінафоруме было прадстаўлена каля 250 фільмаў і праведзена 90 мерапрыемстваў, якія наведалі каля 200 тысяч чалавек. Беларускія кінематаграфісты былі адзначаны 6 узнагародамі.
У сістэме Міністэрства культуры на пачатак бягучага года налічваецца больш за 9 тысяч устаноў культуры і мастацтва, у якіх працуе 46,7 тыс. чалавек (без рабочых прафесій). Большасць з іх (88,7%) складаюць спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, у тым ліку вышэйшую адукацыю маюць 43,6%, сярэднюю спецыяльную — 45%. Найлепшы паказчык укамплектавання спецыялістамі з адукацыяй маюць установы культуры і мастацтва Мінска (95%) і Гродзенскай вобласці (92%), што вышэй за рэспубліканскі. Самы высокі ўзровень спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй назіраецца ў Мінскім раёне Мінскай вобласці (59%), самы нізкі — у Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці (9,1%).Найбольшая колькасць практыкаў — у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці (40,6%). У параўнанні з мінулым годам колькасць спецыялістаў у галіне павялічылася на 0,5%, у тым ліку з вышэйшай адукацыяй — на 0,7%.
Ключавая роля ў справе забеспячэння высокакваліфікаванымі кадрамі ўстаноў галіны культуры належыць ВНУ культуры і мастацтва. За мінулы год колькасць студэнцкай моладзі ў ВНУ галіны вырасла на 4,2% і складае 8 тыс. чалавек. Выкананы ўсе планавыя заданні прыёму. Конкурс па ВНУ галіны склаў 2,5 чалавека на месца, а па шэрагу спецыяльнасцей, папулярных у абітурыентаў, — да 8 — 11 чалавек на месца. У Акадэміі мастацтваў адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасцях “кіно (анімацыйныя дзеянні)” і “рэстаўрацыя”, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — па спецыяльнасці “сацыяльна-культурная дзейнасць”. Распачалі сваю дзейнасць філіялы кафедр Акадэміі музыкі на базе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча. ВНУ галіны падрыхтавана звыш 1200 маладых спецыялістаў. 92% з ліку выпускнікоў-бюджэтнікаў пацвердзілі працаўладкаванне або прадоўжылі далейшае навучанне.
Свой унёсак у рашэнне кадравай праблемы рэгіёнаў зрабілі філіялы кафедр Акадэміі музыкі ў Гомелі і Віцебску, ажыццявіўшы свой першы выпуск — 18 чалавек. Звыш 80% выпускнікоў Універсітэта культуры і мастацтваў накіраваны на працу ў рэгіёны. Лепшыя выхаванцы Акадэміі музыкі папоўнілі вядучыя музычныя калектывы краіны.
Пазітыўныя тэндэнцыі захоўваюцца ў галіне сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Кантынгент навучэнцаў павялічыўся да 7,3 тыс. чалавек (2007 г. — 7,1). Падрыхтоўка ажыццяўляецца па шырокім спектры спецыяльнасцей. Прадоўжылі сваю адукацыю ў ВНУ 38% выпускнікоў каледжаў і вучылішчаў. 61% працуюць па месцы размеркавання. Атэставана 5 ССНУ галіны, дзве (Мазырскае і Гродзенскае музычныя вучылішчы) — пераўтвораны ў каледжы.
Паспяхова развіваецца сістэма пачатковай мастацкай адукацыі. Колькасць школ павялічылася да 522 (+4), колькасць дзяцей у іх дасягнула 101 тыс. чалавек.
Яркай цікавай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі стала правядзенне V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД, якія сабралі 435 канкурсантаў з 10 краін. Каманда Рэспублікі Беларусь стала пераможцай Гульняў, заваяваўшы 13 залатых, 18 сярэбраных і 14 бронзавых медалёў. Гэта не толькі поспех нашых юных музыкантаў, мастакоў, танцораў, але і ўсёй нацыянальнай педагагічнай, мастацкай і выканальніцкай школы краіны. Усяго звыш 150 навучэнцаў адукацыйных устаноў галіны атрымалі ў 2008 годзе высокія ўзнагароды розных творчых спаборніцтваў.
Найважнейшае сацыяльна-культурнае значэнне мае дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Створаны па асабістым даручэнні Кіраўніка дзяржавы, фонд стаў адной з самых уплывовых і аўтарытэтных арганізацый у агульнадзяржаўнай справе па пошуку, станаўленні і творчым развіцці таленавітых юных грамадзян Рэспублікі Беларусь.
У 2008 годзе на фінансаванне выдаткаў фонду выдзелена звыш 850 млн. рублёў, на адрасную падтрымку маладых талентаў (прызначэнне гранд-прэмій, стыпендый, прэмій, аказанне матэрыяльнай дапамогі) выдаткавана каля 400 мільёнаў рублёў, ажыццёўлены 8 творчых праектаў, асноўная мэта якіх — садзеянне ў пошуку таленавітай моладзі ў рэгіёнах рэспублікі і ўдзел яе ў буйных міжнародных культурных акцыях.
Значным фактарам павышэння эфектыўнасці работы ўстаноў культуры з’яўляецца своечасовая арганізацыя і ажыццяўленне павышэння кваліфікацыі іх кадраў.
Асноўныя задачы ў гэтай сферы вырашаў Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, які пасля рэарганізацыі, захаваўшы свой статус, стаў структурным падраздзяленнем Універсітэта культуры і мастацтваў. Мы чакаем, што аб’яднанне матэрыяльных, кадравых і інтэлектуальных рэсурсаў і магчымасцей дзвюх ВНУ дазволіць на больш высокі ўзровень узняць усю сістэму паслядыпломнай адукацыі кадраў. У 2008 годзе планавае заданне па павышэнні кваліфікацыі кадраў інстытут выканаў на 116%. На добрым узроўні арганізавана гэтая праца ўпраўленнямі культуры Гомельскага, Магілёўскага, Мінскага, Гродзенскага аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якімі ўстаноўленыя на 2008 год заданні перавыкананы.
На навуковыя даследаванні ў галіне культуры і мастацтва ў 2008 годзе выдаткавана 740 мільёнаў рублёў, якія выкарыстаны на выкананне планавых навуковых тэм, заданняў і праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, Галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”.
Разам з тым, 2008 год выявіў шэраг праблем, якія патрабуюць рашэння. Толькі на 35% удалося выканаць заяўкі арганізацый галіны культуры пры размеркаванні выпускнікоў Універсітэта культуры і мастацтваў, захоўваецца высокая запатрабаванасць у спецыялістах шэрагу спецыяльнасцей. Яшчэ не ўсе выпускнікі ВНУ галіны, накіраваныя ў рэгіянальныя ўстановы культуры, прыбываюць на месцы размеркавання. Усяго ў перыяд з красавіка па кастрычнік 2008 года з 325 выпускнікоў пераразмеркаванне атрымалі 59 чалавек. Да 30% маладых людзей пасля адпрацоўкі 2 гадоў змяняюць сваё месца працы. Аналіз вынікаў размеркавання выпускнікоў ВНУ паказаў, што за апошнія 5 гадоў у 31 раён рэспублікі ні разу не прыбыў ніводны спецыяліст нашых ВНУ. Сёння не ўсе раённыя аддзелы культуры аказваюць выпускнікам адпаведную дапамогу. Маладым спецыялістам у рэгіёнах часта даводзіцца самім шукаць жыллё, не частыя выпадкі прадастаўлення інтэрната. За рэдкім выключэннем, адсутнічаюць надбаўкі да заробку маладым спецыялістам. Ёсць выпадкі, калі працадаўца, які падаў заяўку, не можа забяспечыць маладому спецыялісту нагрузку.
Неабходна больш актыўна вырашаць пытанні кваліфікацыі кадраў упраўленнямі культуры Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, якімі планавыя заданні выкананы на 79 і 97 працэнтаў адпаведна.
У ліку галоўных задач каардынацыйнага Савета па навуковай дзейнасці на бліжэйшы перыяд павінны стаць: папярэдняе зацвярджэнне тэматыкі дысертацыйных даследаванняў, актывізацыя даследаванняў у галіне тэатральнага, кіна-, тэлемастацтва, дызайну, удасканаленне якасці падрыхтоўкі навуковых кадраў у ВНУ, сістэмы працы з аспірантамі, суіскальнікамі, дактарантамі.
2008 год адзначаны правядзеннем шэрагу Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у замежных краінах не толькі ў Еўропе, але і ў краінах Азіі і Афрыкі, арганізаваных упершыню за ўсю гісторыю двухбаковага супрацоўніцтва. У красавіку прайшлі Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Сірыі, прымеркаваныя да 15-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі. У верасні праведзены Дні культуры Беларусі ў ПАР, арганізаваныя на базе выступленняў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. У кастрычніку ў рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў Кыргызскую Рэспубліку ў гэтай краіне былі арганізаваны Дні культуры Беларусі. У кастрычніку такія мерапрыемствы ўпершыню за
 /i/content/pi/cult/193/2131/Daklad7.jpg
 Завяршаецца рэканструкцыя будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага
тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
15 гадоў пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін прайшлі ў Азербайджане: майстры мастацтваў Беларусі выступілі з гала-канцэртамі ў Баку і Сумгаіце — пабраціме Магілёва. У лістападзе, таксама ўпершыню, праведзены Дні культуры Беларусі ў Славакіі. У красавіку наша балетнае мастацтва чарговы раз цёпла прымалі на Днях культуры Беларусі ў Егіпце: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета выступіў са спектаклямі ў Каіры і Александрыі.
У ліпені ярка і каларытна беларускае мастацтва было прадстаўлена на Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Кітаі. Варта адзначыць, што напярэдадні афіцыйнага іх адкрыцця Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча па запрашэнні кітайскага боку прыняў удзел у гала-канцэрце адкрыцця ІХ Міжнароднага фестывалю харавых спеваў у рамках Алімпійскага фестывалю культуры.
Упершыню пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін у маі 2008 года ў Беларусі прайшлі Дні культуры Таджыкістана, у ліпені былі арганізаваны выступленні творчых калектываў з Венесуэлы і ПАР у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
На працягу года ў краінах бліжняга замежжа праведзена грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!” з удзелам вядучых творчых калектываў і выканаўцаў рэспублікі. У лютым майстры мастацтваў Беларусі з поспехам выступілі ў Польшчы (Беласток), у красавіку — у Расіі (Санкт-Пецярбург), у маі — у Латвіі (Рыга) і Ізраілі, у чэрвені — у Польшчы (Гданьск) і Літве (Вільнюс), у верасні — у Расіі (Масква), у снежні — на Украіне (Кіеў).
Варта адзначыць, што пры правядзенні Дзён культуры і грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” падтрымку і актыўную дапамогу Міністэрству культуры аказвалі Міністэрства замежных спраў і супрацоўнікі беларускіх замежных устаноў. Спадзяёмся на працяг шчыльнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння пры арганізацыі культурных мерапрыемстваў і ў будучым.
У 2008 годзе беларускія артысты забяспечвалі культурны складнік пад час правядзення Нацыянальнай выстаўкі Рэспублікі Беларусь у Краснаярску (Расія), Нацыянальнай выстаўкі “Беларусь-ЭКСПА-2008” у Рызе (Латвія), на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане (Велікабрытанія), на нацыянальных стэндах Беларусі на міжнародных турыстычных біржах у Берліне (Германія), Пекіне (Кітай).
У 2008 годзе працягвалася супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі дзяржаў. У верасні міністр культуры ўдзельнічаў у працы ХХІІІ пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД і Кансультатыўнай сустрэчы міністраў культуры дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС (Алматы, Казахстан), у снежні — у канферэнцыі міністраў культуры дзяржаў — удзельніц Еўрапейскай культурнай канвенцыі (Баку, Азербайджан). Намеснік міністра культуры В.І. Кураш у снежні ўдзельнічаў у пасяджэнні Рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2009 годзе ў Беларусі Фестывалю культур народаў ЕўрАзЭС (Алматы, Казахстан).
На працягу года Міністэрствам вялася падрыхтоўка 6 праектаў дамоў аб супрацоўніцтве з 5 краінамі. У 2008 годзе падпісана 4 дамовы аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Арменіі, Кыргызстана, Расіі, Дэпартаментам культуры Масквы. Завяршаецца праца па падрыхтоўцы да падпісання праектаў дамоў з міністэрствамі культуры Балгарыі і Літвы.
Разам з тым, у 2008 годзе не адбыліся Дні культуры Беларусі ў Туркменістане і Ізраілі з прычыны адмовы прымаючых бакоў і прапановы аб іх пераносе на больш позні тэрмін, а таксама Дні культуры В’етнама ў Беларусі ў сувязі з абмежаванымі фінансавымі сродкамі замежных партнёраў.
З улікам рэальных магчымасцей Міністэрства задачамі на 2009 год з’яўляюцца: забеспячэнне арганізацыі і правядзення Дзён культуры Беларусі ў Маскве, а таксама Года культуры Расіі ў Беларусі, Дзён культуры Кітая, Кыргызстана, Санкт-Пецярбурга ў Беларусі; распрацоўка, узгадненне з замежнымі партнёрамі і падрыхтоўка да падпісання праектаў дамоў аб супрацоўніцтве з Балгарыяй, Літвой; забеспячэнне мер па выкананні прынятых міжнародных абавязацельстваў у рамках падпісаных пагадненняў; правядзенне перамоў з замежнымі партнёрамі па арганізацыі ў 2010 годзе Дзён культуры Беларусі за мяжой і замежных дзяржаў у Беларусі, узгадненне іх тэрмінаў і ўмоў.
На ажыццяўленне дзейнасці арганізацый культуры сістэмы Міністэрства культуры, выкананне галіновых і рэспубліканскіх праграм і культурных мерапрыемстваў у выдатках рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў (без уліку капітальных укладанняў) у 2008 годзе прадугледжана 937,7 млрд. рублёў, што на 20% больш у параўнанні з мінулым годам. У 2009 годзе планавыя назначэнні павялічаны, у параўнанні з 2008-м, на 21%.
Выдаткі мясцовых бюджэтаў на ўтрыманне ўстаноў культуры і адукацыі ў 2008 годзе склалі 780,9 млрд. рублёў, ці 83% у бюджэтных выдатках па сістэме Міністэрства культуры. Са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2008 годзе Міністэрствам культуры выкарыстана (без уліку выдаткаў на капітальнае будаўніцтва) 156,8 млрд. рублёў, што на 15% больш, чым у 2007 годзе. У 2009-м плануецца рост бюджэтных асігнаванняў на 45% у параўнанні з 2008 годам.
Вялікую ўвагу ўстановы культуры надаюць пазабюджэтнай дзейнасці, якая з’яўляецца крыніцай дадатковых паступленняў на ўтрыманне і развіццё ўстаноў галіны. У 2008 годзе арганізацыі сістэмы Міністэрства культуры плануюць атрымаць пазабюджэтныя і ўласныя прыбыткі ў суме 140,6 млрд. рублёў, што на 22% больш, чым у 2007-м.
Асноўным складнікам пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры з’яўляюцца прыбыткі ад аказання платных паслуг насельніцтву.
Развіццё і ўдасканальванне форм і метадаў культурнага абслугоўвання насельніцтва, пашырэнне відаў платных паслуг, якія прадастаўляюцца, забяспечваюць выкананне прагнознага паказчыка па платных паслугах культуры насельніцтву на ўзроўні вышэй за 112%, устаноўленых пастановай Урада на 2008 год.
Фактычна ў 2008 годзе насельніцтву будзе аказана платных паслуг культуры ў аб’ёме 157,9 млрд. рублёў пры тэмпе росту ў адносінах да мінулага года ў супастаўных цэнах на ўзроўні 120%. Выкананне паказчыка па платных паслугах культуры забяспечана ўсімі абласцямі. Па прагнозных даных, тэмп росту паслуг культуры ў справаздачным годзе складзе ад 128% у Магілёўскай вобласці да 113,5% у Віцебскай. Не забяспечана выкананне планавых паказчыкаў па платных паслугах насельніцтву ў 48 рэгіёнах рэспублікі.
У разрэзе відаў паслуг культуры насельніцтву найбольшы тэмп росту забяспечваецца па паслугах музеяў і выставак, канцэртных праграм і кінатэатраў.
Тэмп росту платных паслуг культуры, што аказваюцца арганізацыямі рэспубліканскай формы ўласнасці, за 2008 год складзе не менш за 112% у супастаўных цэнах у адносінах да мінулага года.
Па выніках працы за 2008 год прагназуецца значны рост аб’ёмаў платных паслуг у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага ў наступных арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання, што маюць вялікі аб’ём у агульнай структуры аказання платных паслуг: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Установамі адукацыі Міністэрства культуры на працягу 2008 года былі аказаны адукацыйныя паслугі ў аб’ёме больш за 8 млрд. рублёў, ці 106% у супастаўных цэнах адносна мінулага года пры вызначаным паказчыку ў 108%.
Па выніках працы за 2008 год аб’ём экспарту паслуг складзе 3418,3 тыс. долараў ЗША, аб’ём імпарту — 2158,3 тыс. долараў ЗША. У выніку аб’ём экспарту перавысіць імпарт паслуг на 1260 тыс. долараў пры планавым сальда 2600 тыс. долараў ЗША. Асноўнай прычынай невыканання гадавога планавага сальда знешняга гандлю паслугамі з’яўляецца перавышэнне імпарту паслуг у Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” (на 735 тыс. долараў ЗША) і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусь (на 84 тыс. долараў ЗША). Таксама Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” не быў выкананы паказчык па экспарце паслуг (на 655 тыс. долараў ЗША) у сувязі з адмовай расійскіх кінакампаній ад запланаваных тэхнічных паслуг і ад набыцця правоў на выкарыстанне і паказ беларускіх фільмаў.
У 2008 годзе нарматыў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па культуры ў галіне бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на культуру ў разліку на аднаго чалавека перавыконваецца як у цэлым па рэспубліцы, так і ўсімі абласцямі і г. Мінскам.
Міністэрствам культуры ўвесь час аналізуецца стан аплаты працы супрацоўнікаў галіны, прымаюцца неабходныя захады для забеспячэння своечасовай выплаты заработнай платы. Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры за 2008 год чакаецца на ўзроўні 655 тыс. рублёў (за 11 месяцаў 2008 г. — 647,6 тыс. рублёў, 74% да сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы).
Значна палепшылася ў параўнанні з мінулым годам фінансавае становішча камерцыйных арганізацый. Па выніках года прагназуецца бясстратная дзейнасць рэспубліканскіх арганізацый Мінкультуры.
На працягу апошніх гадоў Міністэрства культуры адчувае пастаянную падтрымку Урада і асабіста Кіраўніка дзяржавы ў пытаннях умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. Дастаткова сказаць, што ў параўнанні з 2005 годам аб’ём інвестыцый узрос больш чым у 8 разоў і склаў у 2008 годзе 181,8 млрд. рублёў.
У рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2008 годзе работы вяліся на 13 аб’ектах, з якіх будаўніча-мантажныя работы былі завершаны на двух, у тым ліку будынку творчага аб’яднання “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь”, музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе” Баранавіцкага раёна (будаўніцтва шчыліны).
На астатніх аб’ектах у адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй работы будуць працягвацца ў 2009 годзе, у тым ліку ў Палацава-паркавым ансамблі ў Нясвіжы, замкавым комплексе ў Міры і на іншых аб’ектах.
У сакавіку 2009 года будуць завершаны пусканаладачныя работы і прыняты ў эксплуатацыю будынак Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Выкананне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы дазволіла аднавіць помнікі гісторыі культурнай спадчыны Беларусі і палепшыць стан матэрыяльна-тэхнічнай базы будынкаў устаноў культуры.
Па капітальным рамонце за 2008 год было асвоена 8,4 млрд. рублёў. Пры эфектыўным выкарыстоўванні бюджэтных сродкаў на капітальны рамонт у 2008 годзе завершаны капітальны рамонт будынка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама быў выкананы комплекс супрацьпажарных мерапрыемстваў ва ўстановах культуры і мастацтваў. Гэта ў пэўнай ступені адносіцца да Гомельскага дзяржаўнага цырка, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
У 2008 годзе былі прадоўжана праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання. У адпаведнасці з выдаткаванымі сродкамі ўстановы закупілі музычныя інструменты, гукаўзмацняльную і асвятляльную апаратуру, камп’ютэрнае абсталяванне на агульную суму 8,2 млрд. рублёў (з іх 4,2 млрд. накіравалі на мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы кінастудыі “Беларусьфільм”). Аб’ём сродкаў, што выдаткоўваліся на набыццё, вырас, у параўнанні з 2005 годам, больш чым у 10 разоў (у 2005 г. было выдзелена 464,1 млн. рублёў). Гэта дазволіла палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры рэспубліканскага падпарадкавання. Значна ўзмацнілі яе Белдзяржфілармонія, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.
Прадоўжана праца па аказанні дапамогі за кошт цэнтралізаваных сродкаў у рамках фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла”. У 2008 г. была набыта і перададзена сельскім арганізацыям культуры гукаўзмацняльная апаратура на агульную суму 220 млн. рублёў (у 2005 г. — 57,4 млн. рублёў, рост склаў больш за 300%).
Вытворчасць гукаўзмацняльнай апаратуры была асвоена на Мінскім заводзе “Светокон” у рамках Дзяржаўнай інавацыйнай праграмы. Усяго ў 2008 годзе было выраблена больш за 60 камплектаў, з іх 52 камплекты пастаўлены сельскім установам культуры ў рамках фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла”. Выпуск новых відаў вырабаў плануецца прадоўжыць і ў 2009 годзе. Так, на “Светоконе” ўжо прыступілі да распрацоўкі энергазберагальных асвятляльных прыбораў з выкарыстаннем святлодыёдаў, што можна выкарыстоўваць як пры правядзенні канцэртных мерапрыемстваў, так і дыскатэк.
Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі Міністэрства культуры застаюцца пытанні па рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Дырэктывы Прэзідэнта ад 14 чэрвеня 2007 г. № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Штогод планавыя паказчыкі спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў выконваюцца. У 2008-м Міністэрствам культуры дасягнуты мэтавы паказчык па энергазахаванні (мінус 10%). Выканана заданне па выкарыстанні мясцовых відаў паліва (19,3 тыс. тон умоўнага паліва).
Разам з дасягнутымі станоўчымі вынікамі неабходна адзначыць негатыўныя моманты, якія ў значнай ступені ўплываюць на вынікі працы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры: рост вытворчага траўматызму ў арганізацыях культуры ў 2008 годзе (23 выпадкі) павялічыўся, у параўнанні з 2007 годам (14), на 9 выпадкаў. Найбольшая колькасць зарэгістравана ў 2008 годзе ў Тэатры балета (6 выпадкаў) і Музычным тэатры (6 выпадкаў).
Інвестыцыйнай праграмай 2009 г. прадугледжана 128,8 млрд. рублёў, якія накіраваны на працяг рэстаўрацыйных і будаўнічых работ на 13 аб’ектах культуры.
У мэтах асваення выдзеленых сродкаў у поўным аб’ёме неабходна: своечасова распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю па кожным аб’екце; забяспечыць рацыянальнае асваенне выдзеленых сродкаў і якасць работ, што выконваюцца. Дадаткова распрацаваць і ажыццявіць мерапрыемствы па скарачэнні вытворчага траўматызму ў арганізацыях сістэмы Міністэрства культуры. Забяспечыць выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні (мінус 7,5%).
У рэспубліцы існуе неабходная нарматыўная прававая база, якая ў поўнай меры забяспечвае дзейнасць галіны культуры. Аднак, улічваючы змену ўмоў, заканадаўства патрабуе пастаяннага ўдакладнення і ўдасканальвання. Сярод дакументаў, якія былі прыняты ў 2008 годзе, трэба адзначыць указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 259 “Аб гастрольна-канцэртнайдзейнасці”, які накіраваны на абарону правоў спажыўцоў шляхам упарадкавання гастрольна-канцэртнай дзейнасці, узмацнення кантролю за парадкам яе ажыццяўлення і павышэннем адказнасці суб’ектаў такой дзейнасці за якасць і ўзровень культурна-відовішчных мерапрыемстваў, і ад 29 лютага 2008 г. № 142, якім зацверджаны нагрудны знак “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі”, эмблема Фонду і Палажэнне аб прысуджэнні падтрымкі Фонду.
Дапаўненні, унесеныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2008 г. у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь”, дазволілі распрацаваць парадак рассылкі абавязковых дакументаў, устанавіць пералік бібліятэк, якія маюць права на атрыманне абавязковых экземпляраў, а таксама прыняць Тыпавыя правілы карыстання бібліятэкамі.
У гэтым годзе ўдалося ўрэгуляваць шэраг пытанняў, якія звязаны з дзейнасцю дзіцячых школ мастацтваў і іх супрацоўнікаў. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 2008 г. № 281 вызначаны памер платы за навучанне ў дзіцячых школах мастацтваў і Палажэнне аб парадку збірання такой платы. Міністэрствам зацверджана Палажэнне аб установах пазашкольнага выхавання і навучання, у якім вызначана, што школы мастацтваў з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, распрацаваны тыпавыя штаты ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання. Вырашылася пытанне і з працягласцю адпачынку педагагічных супрацоўнікаў школ мастацтваў: з 1 студзеня 2009 г. ён складзе 56 каляндарных дзён.
Дапаўненне, якое было ўнесена 25 жніўня 2008 г. у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2006 г. № 59, дазваляе прадаставіць супрацоўнікам арганізацый культуры, якія знаходзяцца ў сельскагаспадарчых арганізацыях на ўліку па патрэбе ў паляпшэнні жыллёвых умоў, службовыя жылыя дамы (кватэры).
У гэтым годзе перагледжаны парадак стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў дэкаратыўнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, што дазволіць упарадкаваць дзейнасць у гэтай сферы. У мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на прадухіленне парнаграфіі, насілля і жорсткасці, абарону грамадскай маралі,пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2008 г. №1571 зацверджана Палажэнне аб адпаведнай Рэспубліканскай камісіі і яе склад.
Міністэрствам быў прыняты шэраг пастаноў, што рэгулююць дзейнасць калектываў мастацкай творчасці, а таксама аб зацвярджэнні палажэнняў аб правядзенні фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, фестывалю музыкі “Мінская вясна”, фестывалю-кірмашу “Вясновы букет”, аб устанаўленні парадку правядзення конкурсу дзяржаўных канцэртных арганізацый, конкурсу плаката “Небяспека — СНІД!”, агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы бібліятэк па экалагічнай асвеце і інфармаванні насельніцтва. У мэтах устанаўлення адзінага механізма падліку выдаткаў на культуру зацверджана Інструкцыя аб ацэнцы выканання нарматыву дзяржаўнага сацыяльнага стандарту.
Усяго ў 2008 годзе па пытаннях культуры і мастацтва выдадзены 2 указы; прыняты: законаў — 1, пастаноў Урада — 15, пастаноў Міністэрства культуры — каля 40.
Разам з тым, у 2008 годзе не атрымалася вызначыць парадак фарміравання фондаў накаплення і спажывання тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 1999 г. № 770, які ўстанаўлівае магчымасць фарміравання такіх фондаў, не вызначае органаў, што маюць права гэта зрабіць) і зацвердзіць асаблівасці фарміравання і выкарыстання тарыфаў на паслугі, што аказваюць арганізацыі культуры (з прыняццем Міністэрствам эканомікі 10 верасня 2008 г. пастановы № 183 рэспубліканскія органы кіравання страцілі права ўстанаўліваць асаблівасці фарміравання цэн).
У 2009 годзе будзе працягвацца праца па ўдасканальванні заканадаўства.
Неабходна ўстанавіць асаблівасці складу затрат, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) арганізацыямі культуры; зацвердзіць парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый супрацоўнікам культуры; вызначыць пералік супрацоўнікаў арганізацый культуры, якім устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу. Патрабуюць карэкціравання і дзеючыя нарматыўныя прававыя акты: інструкцыя па вядзенні білетнага гаспадарання, Палажэнне аб мастацкім савеце тэатраў, інструкцыі па ўліку і цэласнасці бібліятэчнага фонду, аб парадку стварэння і адкрыцця экспазіцый і выставак музеяў і аб парадку камплектавання музейных фондаў, Палажэнне аб парадку ўнясення платы за навучанне ў дзіцячых школах мастацтваў і іншыя.
Практыка выкарыстання паказала неабходнасць унясення адпаведных змяненняўі ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: ад 18 кастрычніка 2007 г. № 527 — у частцы вызначэння паняцця “непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць” і дакладнага вызначэння механізма выплаты адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць; ад 13 мая 2008 г. № 259 — у частцы вызначэння культурна-відовішчных мерапрыемстваў, на якія не патрабуецца атрымання гастрольнага пасведчання, і вызвалення аддзелаў культуры ад атрымання такога пасведчання пры правядзенні дабрачынных мерапрыемстваў і іншыя.
Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам пастаўлена задача максімальна выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі для прапаганды дасягненняў у галіне культуры і мастацтва. Прыемна адзначыць, што беларускія і замежныя СМІ актыўна асвятляюць дзейнасць нашых прафесійных, аматарскіх калектываў і выканаўцаў, выступаюць з аналітычнымі і крытычнымі матэрыяламі, якія дапамагаюць нам у працы.
Пачынаючы з 2006 года, Міністэрства культуры ўвяло ў практыку штомесячнае правядзенне прэс-канферэнцый не толькі з нагоды якой-небудзь падзеі ў культурным жыцці краіны, але і для таго, каб праінфармаваць журналістаў аб планах Міністэрства на будучы месяц.
І, як мы пераканаліся, такая праца мае свае вынікі. Мы спадзяёмся, што сродкі масавай інфармацыі і надалей будуць надаваць вялікую ўвагу нацыянальнай культуры і шчыльна супрацоўнічаць з намі.
У 2008 годзе працягвалася праца, накіраваная на павелічэнне тыражу ведамасных газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва”. У выніку праведзеных сумесна з абласнымі ўпраўленнямі і раённымі аддзеламі культуры мер падпісны тыраж газеты “Культура” складае 10 327 экземпляраў, часопіса “Мастацтва” — 2,5 тыс. экземпляраў.
Я дзякую кіраўнікам абласных упраўленняў і раённых аддзелаў культуры за дапамогу ў арганізацыі падпіскі. Але хачу звярнуць вашу ўвагу на той факт, што звесткі па падпісцы мною прыведзены па стане на 1 студзеня бягучага года. Прааналізаваўшы падпіску на люты — сакавік 2008 года, мы бачым, што колькасць выпісваемых экземпляраў мае тэндэнцыю да зніжэння: у сярэднім на газету “Культура”— на 2 тыс. экземпляраў і на 300 экземпляраў — на часопіс “Мастацтва”. Ва ўсіх абласцях рэспублікі ёсць раёны, у якіх індывідуальная падпіска не была арганізавана. Такога быць не павінна!
Газета “Культура” асвятляе не толькі дзейнасць устаноў культуры Мінска, а ў большай ступені адлюстроўвае працу ўстаноў на месцах. Прыкладам узаемадзеяння з рэгіёнамі служыць рубрыка “Культасветработа: ракурс адказнасці”, у якой усебакова разглядаюцца пытанні дзейнасці устаноў культуры, узнімаюцца злабадзённыя пытанні, што хвалююць работнікаў культуры. Газета ажыццяўляе аператыўную ўзаемасувязь паміж Міністэрствам культуры і рэгіёнамі рэспублікі.
Задача для газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” адна: з’яўляцца важным звяном ідэалагічнай работы ва ўстановах культуры і мастацтва, дзейсным сродкам у рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Урада ў галіне дзяржаўнай культурнай палітыкі.