Гродзенская прапіска “нэша”

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Сёння распрацоўваецца канцэпцыя Нацыянальнага тэхнічнага музея з экспазіцыяй старадаўніх аўтамабіляў, якая можа размясціцца, да прыкладу, на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Пазаштатны аўтар “К” піша пра адзін з магчымых экспанатаў будучай установы.

 /i/content/pi/cult/192/2126/Prapiska.jpg
Цікавы лёс склаўся ў аднаго з экземпляраў прадстаўнічых амерыканскіх пяціметровых аўтамабіляў з масіўнымі закругленымі крыламі, вузкай храміраванай рашоткай радыятара і эмблемай у выглядзе шэра-чырвонага корка. У 1945 годзе легкавік “нэш” у гонар надыходзячай перамогі над Гітлерам быў падораны савецкаму генералу. З амерыканскага Кенаша праз нямецкі Таргау паехаў “амерыканец” падарожнічаць па вызваленай Еўропе. Дабраўся і да Беларусі, дзе ў 1960 годзе, яшчэ ў добрым стане, “асеў” на Гродзеншчыне.
Зусім нядаўна пра пасляваенны перыяд жыцця гістарычнага аўтамабіля мог распавесці чалавек, які яго тады набыў, — Іван Каленік. Як купіў правінцыйны шафёр на зайздрасць суседзям нябачаную дагэтуль раскошу? На жаль, пасля яго смерці засталіся толькі міфы.
Цяперашнія ўладальнікі “нэша”, сыны Івана Казіміравіча, таксама могуць расказаць нямала легенд пра арыгінальнае аўто. Знаўцы пацвярджаюць, што гэты асобнік амерыканскай вытворчасці першай паловы мінулага стагоддзя — адзіны ў нашай краіне. А яшчэ дадаюць: такія машыны маюцца ў Расіі, Латвіі, Грузіі, і таксама — па адным асобніку.
Класічны аўтамабіль — галоўным чынам, помнік тэхнічнай гісторыі.
Аўтамабільная марка “Нэш” праіснавала ўсяго 40 гадоў, але ёй хапіла сіл перажыць Вялікую дэпрэсію. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны яна пераадолела мільённы тыраж выпуску аўтамабіляў. Яны добра прадаваліся не толькі таму, што гаспадар кампаніі Чарльз Нэш уяўляў сабой прыклад разумнага, дасведчанага вытворцы, але і таму, што гэта былі машыны, выкананыя ў духу запатрабаванага тады “вялікага стылю”: яны дэманстравалі вынік фантазіі мастакоў.
Надышоў момант стварыць з аўтамабіля прыгажосць. Менавіта гэтага патрабавала публіка, нягледзячы на цяжкія эканамічныя і палітычныя перыпетыі часу. У 1930 — 40 гг. на буйных аўтамабільных прадпрыемствах Новага Свету пачалі зараджацца і развівацца дызайнерскія студыі. Але, калі ў Еўропе раскоша распаўсюджвалася на некаторыя мадэлі, дык у Амерыцы ўсе аўтамабілі без выключэння імкнуліся да гэткай прыгажосці. Надышоў нядоўгі час будаўніцтва шыкоўных машын з захапляльнымі формамі кузаваў, з плаўнымі, гарманічнымі і вытанчанымі лініямі.
Вялікая заакіянская машына, падораная савецкаму генералу, што прыехала ў Гродна, выпушчана ў ваенныя гады, прыблізна ў 1942-м. Поруч з “б’юікамі” і “пакардамі”, “нэшы” былі ўзорам для некаторых савецкіх легкавых аўтамабіляў. Саракавыя ж дэманстравалі набліжэнне канца перыяду “вялікага стылю”. Тым больш каштоўныя яго апошнія ўзоры.

Наталля ПОПЕЛЬ