Які гук карэльскай бярозы?

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

У выставачнай зале Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” пачала работу выстаўка “Ад фанографа да магнітафона”. Яна знаёміць наведвальнікаў з асноўнымі тыпамі гукаўзнаўляльных апаратаў ХХ стагоддзя. Іх дапаўняюць прадметы хатняга інтэр’ера, бо прадстаўленыя апараты прызначаліся ў асноўным для асабістага карыстання.

 /i/content/pi/cult/192/2125/Guk.jpg
Звычайна ў музеях калі-нікалі можна ўбачыць грамафоны, патэфоны ці радыёлы, але яны толькі дапаўняюць экспазіцыю. На выстаўцы ж у заслаўскім музеі гукаапаратам адведзена галоўная роля, бо яны — адметнасці свайго часу. А вось прадметы мэблі, ткацтва, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — толькі інтэр’ерны дадатак. Большасць прадстаўленай аўдыётэхнікі, нягледзячы на салідны “ўзрост” — 50, а то і 80 гадоў — знаходзіцца ў працоўным стане, што можна праверыць пад час падарожжа па экспазіцыі. Вось экскурсавод накручвае ручку патэфона — і пад гучанне старадаўніх мелодый адбываецца пагружэнне ў мінулае…
Першым наведвальнікаў сустракае фанограф Эдысона, вытворчасці пачатку ХХ ст. Выглядае ён, сабраны ў Маскве, франтавата: карычневая драўляная скрыня, нікеліраваныя металічныя часткі і чорны рупар. На змену фанографам прыйшлі грамафоны. На выстаўцы прадстаўлены адзін з такіх апаратаў (выраблены ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст.). Асабліва прываблівае яго шыкоўная труба-рупар: вялізная, чырвона-карычневая, з выбітым на ёй узорам.
Удасканалены, партатыўны варыянт грамафона — патэфон, дзе адсутнічае труба: замест яе гук узнаўляе акуратная патэфонная галоўка.
Адзін з іх — сапраўдная жамчужына выстаўкі. Гэты апарат выраблены ў першай палове ХХ ст. у Польшчы: яго даволі вялікі драўляны корпус са скругленымі вугламі ўпрыгожаны ўстаўкамі з карэльскай бярозы.
Амаль паўстагоддзя праіснавалі патэфоны. Нават калі з’явіліся электрычныя апараты, прамысловасць нейкі час працягвала выпускаць і механічныя. Але бліжэй да сярэдзіны ХХ ст. электраграмафоны саступаюць сваё месца апаратам, што не ўражваюць знешне, затое носяць рамантычныя назвы: “Эльфа”, “Юность”…
Яшчэ адзін від гукаўзнаўляльнай апаратуры — радыёпрыёмнікі. Тут таксама ёсць на што паглядзець: звычайнырэпрадуктар, выпушчаны ў 1935 г., грувасткі радыёпрыёмнік 1950-х гг., радыёлы.
Вялікая ўвага з цягам гадоў пачала надавацца знешняму выгляду гукаўзнаўляльнай апаратуры, бо яна станавілася часткай інтэр’ера. І тут нельга не заўважыць, як мяняліся напрамкі моды: на змену шыкоўнаму аздабленню прыходзіць практычнасць, кампактнасць, шматфункцыянальнасць.
Завяршаецца знаёмства з гукаўзнаўляльнай апаратурай на магнітафонах — бабінных і касетных. Яшчэ ў канцы ХХ ст. магнітны запіс па якасці гуку пераўзыходзіў усе астатнія, вядомыя на той час, і лічыўся самым дасканалым. Хто ведае, якое чарговае дасягненне зробіць лазерныя дыскі музейным экспанатам?
Інеса САБАЛЕЎСКАЯ,
старшы навуковы супрацоўнік
ДУ ГКМЗ “Заслаўе”