На зямлі адзінаццаці краін

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстаўка пераможцаў Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі”, у якой прадстаўлены каля 200 прац юных мастакоў-аматараў ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў з 11 краін свету.

У выставачнай зале 
У выставачнай зале

У сталічнай мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" адкрылася выстаўка пераможцаў Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка "На сваёй зямлі", у якой прадстаўлены каля 200 прац юных мастакоў-аматараў ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў з 11 краін свету.У дзень адкрыцця выстаўкі — 6 красавіка — у галерэі адбылося святочнае ўзнагароджанне таленавітых дзяцей, у якім прынялі ўдзел не толькі ўсе арганізатары штогадовага конкурсу (Міністэрства культуры РБ, Міністэрства адукацыі РБ, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы акаляючага асяроддзя РБ, ГА “Беларускі зялёны крыж”), але і Паслы Сербіі, Чэхіі і Арменіі.

Больш за сем з паловай тысяч малюнкаў дзяцей з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Сербіі, Кітая, Індыі і Інданезіі паступіла ў ГА “Беларускі зялёны крыж”, дзе кампетэнтнае міжнароднае Журы адабрала звыш 600 лепшых.Акрамя ўзнагарод трох ступеняў, атрыманых дзецьмі, дыпломы атрымалі і іх выкладчыкі за выдатную працу з імі. Калі меркаваць па шэрагу дыпломаў і іншых адзнак, якія склалі спіс узнагарод конкурсу, увагу і ўхвалу свайго таленту атрымалі, напэўна, усе дзеці. Прыемным фактам стала і тое, што, акрамя выстаўкі, якая працягнецца да 22 красавіка, з малюнкамі юных мастакоў можна будзе пазнаёміцца і на сайце http://www.greencross.by/.

— Паколькі наш міжнародны конкурс называецца “На сваёй зямлі”, — расказвае кіраўнік конкурсу і старшыня журы, член Беларускага саюза мастакоў Леанід Гоманаў, — мы хацелі, каб кожны ўдзельнік мастацкімі сродкамі і ў любой тэхніцы расказаў аб сваёй радзіме. Арганізаваная выстаўка дазваляе ўбачыць іх светаадчуванне праз пейзажы родных мясцін, партрэты людзей, праз святы, хаты, двары, праз усё тое, што дзеці ўяўляюць ці бачаць навокал.

Наш кар.