1 лютага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў гонар народнага артыста Беларусі Паўла Кармуніна будзе сыграны спектакль “Паўлінка”, дзе выдатны акцёр шмат гадоў выконваў ролю Сцяпана Крыніцкага. У фае тэатра будзе дэманстравацца відэафільм аб Паўле Кармуніне, а таксама мяркуецца наладзіць фотавыстаўку, прысвечаную творчасці славутага купалаўца — выканаўцы роляў у такіх пастаноўках, як “Канстанцін Заслонаў” А.Маўзона, “На дне” М.Горкага, “Людзі на балоце” паводле І.Мележа, “Апошні шанц” В.Быкава, “Пагарэльцы” А.Макаёнка, “Парог” А.Дударава, “Тры сястры” А.Чэхава і іншых.
У тэатры згадваюць, як у 80-гадовым узросце Павел Кармунін выходзіў на сцэну ў спектаклі “Страсці па Аўдзею”, дзе бліскуча і прачула выконваў ролю бацькі Аўдзея, што, на жаль, стала апошняй у творчым жыцці акцёра, які сышоў у 2002-м. Як напамін гучала са сцэны яго малітва аб дабрыні, любові і міласэрнасці.
Наш кар.