— Я лічу, што гэтыя работы дапамагаюць адчуць каларыт розных эпох. Праца над імі доўжылася паўтара года. Вышыня цэнтральнага габелена — больш за тры з паловай метры, уся кампазіцыя займае ў даўжыню больш за дзевяць метраў. Лічу, што гэта сацыяльна значны аб’ект, і музейныя работнікі прымалі актыўны ўдзел у яго распрацоўцы.
Першы твор цыкла злева направа — выява слуцкай гімназіі-семінарыі, якая амаль не захавалася, і герб гэтага горада. Побач з імі — габелен, прысвечаны Лагойску і палацу братоў Тышкевічаў, які я ўзнавіў па малюнках Напалеона Орды. Пасля — Заслаўе: тут выявы Рагнеды з Ізяславам. У цэнтры знаходзіцца самае вялікае палатно, прысвечанае Маладзечна: на ім — герб Мінскай вобласці, паколькі музей абласны, і выява Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, якая, на жаль, не захавалася. Наступнае палатно — Клецк, і постаць Сымона Буднага на ім, паколькі знакаміты асветнік шмат працаваў у гэтым горадзе. Потым ідзе Нясвіжскі замак, а завяршае групу выява помніка загінуўшым салдатам у Барысаве.
— Гледзячы на вашы творы, можна заўважыць, што вам блізкія гістарычныя тэмы. Раскажыце пра тое, чым займаецеся сёння.
— З гісторыяй я вельмі шмат працаваў, ад самага пачатку, пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, але ніколі не рабіў тое, што мне не па душы. Шмат працаваў над партрэтамі гістарычных асоб, якія раней былі малавядомыя: Наркевіч, Пачобут-Адляніцкі ды іншыя. Цяпер пішу беларускія пейзажы. Ёсць у мяне некалькі гарадскіх пейзажаў, але сам вельмі люблю адкрытае, чыстае наваколле. Я шмат падарожнічаю, за выхадныя магу дзве тысячы кіламетраў праехаць, таму бачу шмат прыгожых мясцін, якія вартыя быць зафіксаванымі пэндзлем. Я — традыцыяналіст, захапляюся класічным мастацтвам, мне вельмі падабаюцца фігуратыўныя творы з іх дакладнасцю і дэталёвасцю.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Фота Эдуарда РЫМАРОВІЧА
Фота Эдуарда РЫМАРОВІЧА