“Валянціна Елізар’ева заўсёды чакаем у якасці мастацкага кіраўніка Тэатра оперы і балета”

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Такую пазіцыю Міністэрства культуры агучыў у размове з карэспандэнтам БелТА міністр Уладзімір Матвейчук.

Мінкультуры доўгі час вяло перагаворы з Валянцінам Елізар’евым, прапануючы яму быць мастацкім кіраўніком тэатра, але ён бачыў сябе генеральным дырэктарам — мастацкім кіраўніком, таму падаў заяву аб звальненні, паведаміў Уладзімір Матвейчук.
Пасля рэканструкцыі будынка тэатра аб’яднаны калектыў пачынае жыць у новых умовах. Гэта складаны, тэхнічна аснашчаны комплекс, у якім створаны максімальныя ўмовы для камфортнай работы артыстаў. Для арганізацыі работы тэхнічных службаў неабходны чалавек, які займаўся б усімі гаспадарчымі пытаннямі. Гэта вельмі вялікі аб’ём работы, і, на думку міністра, гэта будзе перашкаджаць творчасці Валянціна Елізар’ева ў выпадку, калі ён стане генеральным дырэктарам тэатра.
Пазіцыя Мінкультуры заснавана яшчэ і на тым, што Валянцін Елізар’еў часта бывае ў камандзіроўках. Напрыклад, з 3 па 29 снежня кіраўнік балета разам з калектывам знаходзіўся ў Карэі. У выніку прыёмка рэканструяванага будынка тэатра оперы і балета праходзіла без яго.
Міністэрства культуры шкадуе аб рашэнні Валянціна Елізар’ева пайсці з тэатра, аднак спадзяецца, што ён зменіць сваё рашэнне. Елізар’еў унёс дастойны ўклад у развіццё беларускай культуры, зрабіў вельмі шмат для развіцця нацыянальнага балета, адзначыў міністр. “У мінулым годзе я прысутнічаў на Днях культуры Беларусі ў Сірыі і Егіпце, дзе сам бачыў, з якім захапленнем прымала публіка беларускі балет”, — сказаў Уладзімір Матвейчук. Ён дадаў таксама, што спектаклі Беларускага балета праходзяць пры поўных залах у Палацы Рэспублікі, а гэта 2700 глядацкіх месцаў.
Жонка В.Елізар’ева — Маргарыта Ізворска-Елізар’ева таксама падала заяву аб звальненні з пасады кіраўніка тэатра оперы ў знак салідарнасці. Аднак мастацкі кіраўнік оперы гатова працаваць на ўмовах запрошанага кіраўніка і рэжысёра.
Трэба аддаць належнае і балету, і оперы, якія за тры вельмі складаныя гады захавалі дастойны рэпертуар, развіваліся, падкрэсліў міністр. Асноўныя мантажныя работы па тэатры завершаны, яшчэ два месяцы спатрэбіцца на пусканаладачныя работы. Цяпер праводзіцца наладка вельмі складанага сцэнічнага абсталявання, спецыяльна вырабленага ў Германіі. Міністэрства культуры разам з калектывам тэатра працуе над праграмай адкрыцця сезона ў абноўленым будынку. Першы спектакль запланаваны на 8 сакавіка. Акрамя таго, сумесна з тэатрам распрацаваны праект штатнага раскладу аб’яднанага калектыву.
Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы разгледжана таксама пытанне аб павелічэнні заработнай платы артыстаў.
Жанна КАТЛЯРОВА,
БелТА