Хуткая дапамога для шэдэўра

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

За 70 гадоў у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь назапашана 25 тысяч прадметаў, з якіх больш за 7 тысяч патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі. Аднак амаль штодзённа гэтыя спецыялісты вымушаны адхіляцца ад скрупулёзнай працы, каб вырашыць шматлікія пытанні, звязаныя з арганізацыйным і тэхнічным бокам іх прафесійнай дзейнасці.

Не скальпелем адзіным
Калі трапляеш у рэстаўрацыйную майстэрню Нацыянальнага мастацкага музея, вочы разбягаюцца ад безлічы пэндзляў, фарбаў, лакаў, скальпеляў ды іншых прылад, якім без прафесійнай адукацыі нават і назвы не падбярэш.
Як зазначыў загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Аркадзь Шпунт, у сярэднім у работах па рэканструкцыі, рэстаўрацыі і кансервацыі культурных каштоўнасцей задзейнічаюць каля трохсот найменняў прафесійных інструментаў. Але, як ні дзіўна, большасць з іх у Беларусі не выпускаюць.
Асабліва рэстаўратарам музея не хапае спецыфічных для іх працы рэагентаў і хімікатаў. У часы СССР існавала Усесаюзная навукова-даследчая лабараторыя па рэстаўрацыі і кансервацыі. Яна распрацоўвала і апрабоўвала матэрыялы, запатрабаваныя ў гэтай вузкай галіне. На складах заўсёды можна было набыць рэактывы ў патрэбных канцэнтрацыі і аб’ёме.
 /i/content/pi/cult/192/2103/Socium.jpg
Пасля распаду Савецкага Саюза беларускія рэстаўратары засталіся сам-насам з гэтай праблемай. Канешне, у Нацыянальнай акадэміі навук і БДУ вядуцца некаторыя работы ў гэтым напрамку, аднак пакуль задаволіць патрэбы музейшчыкаў айчынныя навукоўцы не могуць. Таму ў майстэрнях ужо нікога не здзіўляе, што з адпачынку ў замежных краінах разам з сувенірамі калегі вязуць унікальныя лакі і фарбы.
Атрымліваецца, што для паўнавартаснай працы рэстаўратару прыходзіцца затрачваць на неабходныя матэрыялы ўласныя грошы.
Узнікла і другая праблема: хімікаты, што ўрэшце знайшліся ў нашай краіне, часцяком нельга набыць у неабходным аб’ёме. Прыкладам, для таго, каб узяць пэўную пробу, трэба некалькі грамаў хімікату, а прадаюць — толькі ў тонах ці літрах. Атрымліваецца вялікі перарасход грошай, ды трэба яшчэ паламаць галаву, дзе захоўваць незапатрабаваныя рэчывы.
Не хапае і якаснай драўніны для рэстаўрацыі карцін і ікон. Крый Божа, патрапіць заражанае грыбком, цвіллю дрэва — шэдэўр будзе загублены. Колькі разоў сутыкаліся з тым, што закупленая партыя аказвалася дрэнна высушанай, з-за чаго ў майстэрні губляла форму, а ў выніку шмат матэрыялу ішло ў сметнік. Па словах загадчыка сектара станкова-алейнага і тэмпернага жывапісу навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Таццяны Гаравец, многія айчынныя прадпрыемствы не могуць даць якасную драўніну, таму музей вымушаны звяртацца да фірм, дзе кубічны метр неабходнага дрэва каштуе каля 900 долараў.
На думку Таццяны Васільеўны, каб знайсці выйсце з гэтага становішча, можна было б паспрабаваць стварыць дзяржструктуру для набыцця неабходных рэстаўратарам матэрыялаў. Музеі маглі б накіраваць туды спісы неабходнага, з якіх фарміраваліся б закупкі. Тады не давядзецца столькі часу марнаваць на пошукі, а таму ж Нацыянальнаму мастацкаму можна будзе дакладна планаваць работу і не хвалявацца, што ў самым разгары праца будзе спынена з прычыны нястачы рэагентаў.
Інавацыі… учорашняга дня
Майстэрні навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея месцяцца як у сучаснай прыбудове, так і ў старым будынку. Хаця апошнія майстэрнямі назваць цяжка, бо станкі знаходзяцца ў звычайных памяшканнях, пераабсталяваных для рэстаўратараў. З-за гэтага рабочым месцам не хапае прафесійнага святла, адсутнічае такая неабходная пры працы з хімікатамі выцяжка.
Лепш ідуць справы ў майстэрнях, што знаходзяцца ў новым корпусе, дзе будаўнікі ўлічылі спецыфіку працы, адкарэкціраваўшы былыя недахопы. Аднак, як зазначае дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, уся бяда ў тым, што праект быў зроблены за дваццаць гадоў да таго, як будынак здалі ў эксплуатацыю. У выніку многія рэчы, аб якіх у той час нават і не ведалі, не знайшлі свайго адлюстравання ў майстэрнях. Атрымалася, што ўсе дасягненні навабуда — інавацыі учорашняга дня.
Балазе праект распрацоўваўся, калі навукова-рэстаўрацыйны аддзел складаўся з шасці чалавек, таму 21 рэстаўратару там проста не знайшлося месца. Тады не было спецыяліста па графіцы, не планавалася цяслярная — у выніку давялося прыстасоўваць пад іх працу другія майстэрні.
Калі за мяжой рэстаўратар з’яўляецца даследчыкам, то ў нас ён у большай ступені — рамеснік, які заняты выдаленнем забруджванняў, замацаваннем, расплаўленнем, “раскрыццём” твораў. А для тых жа даследаванняў, працы ў музеі не хапае абсталявання. На кожным рабочым месцы неабходны мікраскоп, які дапаможа больш карэктна карыстацца скальпелем.
Прычым абавязкова трэба дапоўніць яго відэакамерай, каб і майстру было зручней, і вучні адразу маглі б назіраць за тым, што адбываецца, і запіс потым можна было б выкарыстоўваць у навучальным працэсе.
Сёння супрацоўнікі музея краіны ганарацца сучасным дубліравачным сталом, які дазваляе аднаўляць аснову карціны з дапамогай вакууму. Дзякуючы ноў-хаў, можна за гадзіну правесці тую працу, на якую раней затрачвалася шмат часу, і амаль без страт захаваць алейны слой. Як з гонарам падкрэслівае Уладзімір Пракапцоў, такі стол на постсавецкай прасторы ёсць толькі ў Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі, і тое — старой мадыфікацыі.
Аднак падобная прылада патрэбна і для графікі. Ды побач з такой суперсучаснай тэхнікай асабліва адчуваецца недахоп ультрафіялетавых лямп — для раскрыцця схаваных пад пластамі фарбаў надпісаў, далівачнага стала — для графікі, мясцовай выцяжкі — для работ з хіміяй, сучасных рэнтгенаўскіх апаратаў.
— Замежныя калегі здзіўляюцца, як беларускім майстрам удаецца правесці не маючую аналагаў працу амаль што адным скальпелем, — распавёў Аркадзь Шпунт. — Яны працуюць не лепш за нас, аднак іх абсталяванню можна пазайздросціць.
Хто пасля нас?
На жаль, сапраўдных знаўцаў-рэстаўратараў па ўсёй краіне можна налічыць каля сотні, ды і тое — атэставаных з іх будзе хіба пару дзесяткаў. Тым не менш, у рэспубліцы існуе каля 2 тысяч музеяў, і ў кожным з іх захоўваецца нямала культурных каштоўнасцей, якім патрабуецца паўнавартаснае аднаўленне. Можаце ўявіць, колькі невядомых шэдэўраў сёння ляжаць у цемры запаснікаў і сховішчаў толькі таму, што з-за неналежнага стану яны не могуць быць выстаўлены на ўсеагульны агляд ці проста пэўна атрыбутаваны (гэта значыць — ацэнены).
Пік сусветнага рэстаўрацыйнага руху прыйшоўся на 80-я гады, што не магло не адбіцца і на становішчы ў Беларусі. Лічыцца, што менавіта тады была закладзена сучасная нацыянальная школа ў гэтым кірунку.
Беларусы вучыліся ў лепшых знаўцаў сваёй справы ў Маскве, а потым прывозілі на радзіму ўсе апошнія дасягненні ў рэстаўрацыйнай справе.
У самой Беларусі аднойчы быў праведзены эксперымент па падрыхтоўцы прафесіянальных рэстаўратараў. Спецыяльны курс рыхтавалі ў мастацкім вучылішчы імя Глебава. Прычым на курс прыходзілі не ўчорашнія школьнікі, а ўжо дарослыя людзі. Выпуск пацвердзіў, што дадзеная прафесія — вельмі штучная: з сямі чалавек па спецыяльнасці засталіся працаваць толькі чацвёра. І ўсё ж нават такая невялікая колькасць спецыялістаў змагла б падтрымаць развіццё рэстаўрацыйнай працы, скласці сапраўдную школу, аднак вопыт не паўтарыўся.
Нацыянальны мастацкі музей сам выхоўвае сабе змену. У рэстаўрацыйныя майстэрні прыходзяць людзі з рознай адукацыяй — мастакі, скульптары, мастацтвазнаўцы, вучацца ў майстроў, выпраўляюцца на стажыроўкі (праўда, апошнім часам выехаць на вучобу ўсё цяжэй з-за высокага кошту гэтых стажыровак). Але і тут ёсць свая спецыфіка: калі атрымаць веды па рэстаўрацыйных работах з творамі жывапісу яшчэ з’яўляюцца вучні, то на графіку, тэкстыль, фарфор, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва амаль ніхто не ідзе.
На думку Таццяны Гаравец, справа тут — у папулярнасці жывапісу: пра алей шмат гавораць у масмедыя, таму складваецца ўражанне, быццам моладзь і не ведае аб існаванні іншых відаў мастацтва, якім таксама патрабуецца прафесійная дапамога.
Таму шмат спадзяванняў музейшчыкі ўскладаюць на Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе ў мінулым годзе ўпершыню набралі на курс рэстаўратараў. Міністэрства культуры плануе, што гэтыя 6 чалавек хутка змогуць прыйсці на практыку ў Нацыянальны мастацкі музей. Але ці застануцца яны тут працаваць пасля атрымання дыплома? Ад рэстаўратара патрабуецца шмат увагі, глыбокае веданне матэрыялу, агульная эрудыцыя. На ім ляжыць адміністрацыйная, матэрыяльная і нават крымінальная адказнасць за захаванне культурных каштоўнасцей. І пры ўсім тым гэтыя унікальныя людзі атрымліваюць па 400 — 500 тысяч рублёў!
Як гэта ні парадаксальна, аднак у Агульнадзяржаўным класіфікатары Рэспублікі Беларусь “Прафесіі рабочых і пасады служачых” няма такога радка — “рэстаўратар”. Па словах Таццяны Гаравец, Нацыянальны мастацкі музей з дапамогай юрыстаў падрыхтаваў дакументы па ўсіх відах рэстаўрацыі і накіраваў іх у Міністэрства культуры. Калі дакументам будзе дадзены ход, вызначыцца спецыфіка працы рэстаўратара, можа з’явіцца магчымасць перагледзець аплату працы згодна з прафесійным узроўнем. Тады і сама прафесія стане прэстыжнай, і да Мастацкага музея пацягнецца моладзь, якая ў будучым стане гонарам нацыянальнай рэстаўрацыйнай школы.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА