Дні культуры Беларусі ў Егіпце

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

З 11 па 16 красавіка ў Каіры праходзяць Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет.

Беларускую дэлегацыю ўзначальвае Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка.Дні культуры прадуглежваюць шэраг культурных мерапрыемстваў, у тым ліку выступленні ў Каіры і Александрыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Беларусі. Праграма ўключае таксама сустрэчы беларускай дэлегацыі з Міністрам культуры Рэспублікі Егіпет Фарукам Хосні, Генеральным сакратаром вышэйшай Рады па культуры Алі Абу Шадзі, кіраўніком Акадэміі мастацтваў Егіпта Асматам Яхьея. У ходзе сустрэч плануецца абмеркаваць шляхі актывізацыі беларуска-егіпецкіх культурных адносін у адпаведнасці з існуючым паміжурадавым Пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, палажэнні якога накіраваны на садзейнічанне ўзаемадзеянню опернага, балетнага, тэатральнага і музычнага мастацтваў, абмену выстаўкамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народнай творчасці, на заахвочванне супрацоўніцтва ў кінематаграфіі і абмене кінапрадукцыяй.

Асаблівая ўвага будзе накіравана на пытанні развіцця супрацоўніцтва ў межах праектаў ЮНЕСКО і іншых міжнародных арганізацый, на заахвочванне двухбаковых адносін у галінах археалогіі, аховы і рэстаўрацыі культурнай спадчыны, а таксама на спрыянне абмену друкаванымі матэрыяламі і спецыялістамі па гэтай тэматыцы.

Прэс-служба Міністэрства
замежных спраў Рэспублікі Беларусь