У клубе бруяцца ”Крыніцы...”

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

“Крыніцы захапленняў” бруіліся летась у бібліятэках Капыльскай ЦБС. Цягам года бібліятэкары раёна высвятлялі, якое аматарскае аб’яднанне, клуб ці лялечны тэатр лепшы, куды дзецям і дарослым хочацца прыходзіць зноў і зноў не толькі па інфармацыю, але і па добры настрой.

У Капыльскай ЦБС — 65 аматарскіх аб’яднанняў. Большасць клубаў у раёне — дзіцячыя. Бібліятэкары працуюць над тым, каб юныя чытачы выявілі творчыя здольнасці, на што і быў накіраваны конкурс. Клубы аматараў кнігі “Чыталінка” і “Усмешка”, лялечныя тэатры “Цімоша” і “Пятрушка”, дзіцячы клуб “Пазнайка”, аматарскае аб’яднанне “Сонейка”, фланелеграфічныя тэатры “Чабарок” і “Натхненне”, клубы “Падлетак” і “Надзейныя сябры” прадэманстравалі журы свае таленты.
Работа з пажылымі людзьмі — галоўны накірунак работы Бучацінскай сельскай бібліятэкі, дзе працуе клуб “Аднавясковец”. “Таямніцы бабулінага куфэрка” раскрывала Смаліцкая бібліятэка-клуб. Традыцыйнымі для Вялікараёўскай СБ сталі Дні сямейнага адпачынку. Тэме здаровага ладу жыцця былі прысвечаны мерапрыемствы Канюхоўскай бібліятэкі-клуба, Цімкавіцкай, Навасёлкаўскай, Блеўчыцкай, Ванелевіцкай сельскіх бібліятэк, аб экалогіі распавядалі ў Камсамольскай і Дзяржынскай, аб краязнаўстве — у Слабада-Кучынскай, Руднянскай, Браткаўскай.
Падзякаваць за дапамогу хочацца работнікам сельскіх устаноў культуры. Клубныя работнікі Бучацінскага, Браткаўскага, Быстрыцкага, Вялікараёўскага, Лотвінскага, Руднянскага, Мажскага СДК аказвалі дапамогу ў музычным афармленні фіналу і ўдзельнічалі ў мерапрыемствах.
Конкурс скончыўся, падведзены вынікі, але сёлета работа, натуральна, працягваецца. І капыльскія “Крыніцы захапленняў” будуць бруіцца надалей!
Таццяна АСТРЭЙКА,
загадчык аддзела бібліятэчнага
маркетынгу Капыльскай ЦБС