Дзе Клод Манэ рыбу вудзіць?

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

ІІІ Нацыянальная выстаўка інсітнага мастацтва “Іnsita-2008” прайшла ў Віцебску напрыканцы года. Мастакі-самавукі сталі адметнай рысай віцебскага мастацтва. Прыгадаем, што ў перакладзе з лацінскай мовы “іпsіtus” азначае “талент, дадзены ад прыроды”, і што інсітнаму мастацтву ўласціва шчырае захапленне рэчаіснасцю, яе ідэальнае выяўленне... Як засведчыла выстаўка, інсітныя творцы і гэтым разам прадэманстравалі шматлікія ўзоры ўвасаблення вобраза раю на зямлі.

 /i/content/pi/cult/191/2095/Klod Mane1.jpg
 Фрагмент экспазіцыі выстаўкі “Іnsita-2008”.
Экспазіцыя складалася з двух раздзелаў і размяшчалася ў залах дзвюх устаноў культуры.
У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ладзілася рэтраспекцыя інсітнага мастацтва канца ХХ стагоддзя. Тут дэманстраваліся работы Хведара Максімава, Мікалая Байцова, якія прадстаўлялі Беларусь на Міжнароднай выстаўцы-трыенале “Інсіта-97” у Браціславе (Славакія), Пятра Зяляўскага, аўтара першага ансамбля (в. Слабодка Браслаўскага раёна) манументальнай сакральнай скульптуры за часам перабудовы, Марыі Ларынай, стваральніцы дыванкоў народнага жывапісу, іншых знакамітых народных мастакоў Віцебшчыны. У цэнтры экспазіцыі — інсталяцыя “Райскія нябёсы”. Калекцыя фарміравалася цягам апошніх трыццаці гадоў.
У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прадстаўлены творы мастакоў-самавукаў з раёнаў рэспублікі. Прэзентуюцца 226 твораў 35 аўтараў. У цэнтральнай зале выстаўлены работы, набліжаныя да традыцыйнай народнай культуры. Дэкаратыўны жывапіс з ляснымі краявідамі Беларусі ды ідылічнымі сцэнамі жыцця чалавека ў суладдзі з прыродай дапаўняюць кампазіцыі з расфарбаванай скульптуры Мікалая Тарасюка (в. Стойлы Пружанскага раёна) і Віктара Цяцёркіна (в. Халамер’е Гарадоцкага раёна).
Мастакі скарыстоўваюць кампазіцыйныя схемы маляванак і стэрэатыпы вобраза народнага героя для адлюстравання знакамітых асоб айчыннай і сусветнай гісторыі. Адпаведна законам фальклорнай рэдукцыі Сяргей Каваль раскрывае праз паўсядзённасць сюжэт пра Рагнеду і яе сына Ізяслава, а таксама малюе французскага мастака Клода Манэ, які вудзіць рыбу. Карціны-маляванкі Вольгі Ярэська з дапамогай пастаральнага сюжэта аднаўляюць гісторыю кахання Барбары Радзівіл і Аўгуста Жыгімонта, рамантычныя вобразы з літаратуры ХІХ стагоддзя. Каты — героі Тамары Даўд — пакінулі кветкавыя бардзюры маляванак і “жывуць” на палотнах, нібы сапраўдныя гараджане.
Выстаўка “Інсіта-2008” арганізавана Віцебскім АМЦНТ і Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры падтрымцы ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Людміла ВАКАР
Віцебск