Беларусу прысвяцілі “Энеіду...”

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Займаючыся даследаваннем матэрыялаў па беларускім фальклоры, у дарэвалюцыйнай расійскай перыёдыцы іншым разам знаходзіў артыкулы, падпісаныя прозвішчам “Барычэўскі”. І паколькі артыкулы гэтыя мелі дачыненне да Беларусі, мяне не магла не зацікавіць асоба іх аўтара. Кароткія звесткі аб ім я знайшоў у “Рускім біяграфічным слоўніку” Венгерава. Якое ж было маё захапленне і здзіўленне, калі я даведаўся, што Барычэўскі аказаўся беларусам!

 /i/content/pi/cult/191/2094/Eneida.jpg
Іван Пятровіч Барычэўскі, або Тарнава-Барычэўскі, археолаг, гісторык і этнограф, сын святара мінскай епархіі, нарадзіўся ў 1810 годзе. Адукацыю атрымаў у мінскай духоўнай семінарыі. Пасля заканчэння Кіеўскай духоўнай акадэміі Барычэўскі з 1833 па 1835 гг. працаваў выкладчыкам славеснасці ў Арлоўскай семінарыі, потым служыў у дэпартаменце шляхоў зносін і публічных будынкаў, у дэпартаменце дзяржаўных маёмасцей і ў інспектарскім дэпартаменце ваеннага міністэрства. У 1841-ым Барычэўскі зноў паступіў у галоўнае ўпраўленне шляхоў зносін і займаў там пасады чыноўніка па асобых даручэннях, дырэктара канцылярыі Міністэрства шляхоў зносін, і ў 1870-х гадах — члена савета таго ж міністэрства.
Навукова-літаратурная дзейнасць Барычэўскага пачалася ў 1837 г. артыкуламі, якія друкаваліся ў “Часопісе Міністэрства народнай асветы”: “Паданні Адольфа Лізека аб Пасольстве імператара рымскага Леапольда да вялікага цара Маскоўскага Аляксея Міхайлавіча ў 1675 годзе” (1837 г.), “Аб рускім летапісе ў Літве, які завецца Хронікаю Быхаўца” (1838 г.), “Мекленбургскія старажытнасці” (1839 г.). У 1840 — 41 гг. з’явілася ў дзвюх частках ягоная першая вялікая праца — “Аповесці і паданні славянскага племені”, працягам якой былі “Народныя славянскія аповеды” (1844 г.). Абедзве гэтыя працы ўтрымлівалі нямала матэрыялу, што друкаваўся ўпершыню.
Амаль у той жа час Барычэўскі адным з першых звярнуўся да вывучэння гісторыі і старажытнасцей беларускага краю і напісаў дзве вялікія працы “Даследаванне аб паходжанні, назве і мове літоўскага народа” (1847 г.), “Праваслаўе і руская народнасць у Літве” (1851 г.), акрамя гэтага — цэлы шэраг артыкулаў. Барычэўскі быў адным з галоўных супрацоўнікаў санкт-пецярбургскага часопіса “Маяк”, і публікацыяЛьвом Кавеліным у 1845 годзе першай рэдакцыі “Энеіды навыварат” была прысвечана менавіта яму. Тады ж у “Маяку” быў змешчаны цікавы ліст настаўніка з Гародні В.Ігнатовіча да Барычэўскага, прысвечанае стану школьнай і бібліятэчнай справы на Беларусі. Як бачым, менавіта Барычэўскі мог быць адным з арганізатараў санкт-пецярбургскага гуртка беларусаў — аматараў літаратуры і фальклору, якія, у адрозненне ад тых сваіх землякоў, што групаваліся вакол “Незабудкі” Яна Баршчэўскага і пісалі па-польску, карысталіся рускай мовай. Сярод аднадумцаў супрацоўніка “Маяка”— Іван Грыгаровіч, Фёдар Шымкевіч, Павел Шпілеўскі.
Памёр Іван Пятровіч Барычэўскі 24 чэрвеня 1887 года ў Выбаргу. Яго архіў не знойдзены, фотаздымкаў не захавалася, і ніводны яго твор пасля смерці, на жаль, не быў надрукаваны.
Як даследчык я зацікавіўся работамі Барычэўскага. На жаль, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць толькі адна яго кніга— ужо згаданая “Праваслаўе і руская народнасць у Літве”. Тады я зрабіў заказ праз міжбібліятэчны абанемент. Якая ж была мая радасць, калі з Рыгі даслалі ксеракопію “Народных славянскіх аповедаў” (1844 г.), прычым бясплатна! Цікава, што на вокладцы і тытульным лісце стаіць штамп: “Вучнёўская бібліятэка гімназіі імператара Мікалая I”. Кніга — пераклад на рускую мову паэтычных паданняў і легенд славянскіх народаў.
Я ў першую чаргу звярнуў увагу на “Беларускія павер’і”, бо пад гэтай назвай змешчаны 170 прыкмет беларускага народа, сабраных Міхасём Загароўскім. Звестак пра гэтага чалавека пакуль не выявіў.
Аляксандр ВАШЧАНКА,
краязнаўца