Першы: тураўскі саркафаг і палеская Атлантыда

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Цяжка ўявіць экспазіцыю і фонды Музея Беларускага Палесся без археалагічнай калекцыі. У ёй сабраны звесткі пра жыццё людзей у Прыпяцкім краі цягам, прынамсі, дзесяці тысячагоддзяў. Курганы і зніклыя паселішчы адкрываюць нам таямніцы эпох, што пакінулі свой след на старонках летапісаў. Шмат у чым гэтыя адкрыцці адбыліся дзякуючы супрацоўніку Пінскага краязнаўчага музея Баяну Міралюбаву.

 /i/content/pi/cult/191/2093/Atlantyda.jpg
Напрыканцы мінулага года адбыліся памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Баяна Васільевіча — чалавека, які большую частку свайго жыцця плённа працаваў у сферы вывучэння і захавання нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.
Кажучы пра яго, часта выкарыстоўваюць азначэнне “першы”: першы ў Пінску, хто атрымаў Адкрыты ліст Акадэміі навук БССР на правядзенне самастойных раскопак, першы старшыня гарадской арганізацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, арганізатар першага даследавання гарадзішча старажытнага Пінска... Сёння можна толькі здзіўляцца эрудыцыі Баяна Міралюбава, яго арганізатарскім здольнасцям, пошукавай інтуіцыі. Вынікам гэтай дзейнасці сталі унікальныя зборы прадметаў матэрыяльнай культуры, што дазволілі даведацца пра дагістарычныя часы, зрабіць здагадкі аб шляхах засялення Палесся. І менавіта дзякуючы намаганням і праніклівасці археолага мясцовы музей атрымаў унікальны экспанат — адзін з тураўскіх саркафагаў.
Нельга не прыгадаць і дзённік Баяна Міралюбава, у якім адлюстравана шмат таямніц. Вось, напрыклад, на розных старонках, нібы між іншым, сустракаем алоўкавыя замалёўкі крамянёвых наканечнікаў дзід. Малюнкі суправаджаюць подпісы, якія паведамляюць, што знаходкі зроблены на мацерыковым пласце пад час раскопак 1958 года, а затым і 1963-га: “Кремневый отщеп. Г. Пинск. Материковый пласт, дединец”. Вось і сляды селішча над Пінай — палескай Атлантыды, якой значна больш за тысячу гадоў!
Акрамя даследчай работы, Баян Міралюбаў разумеў важнасць і асветніцкай дзейнасці, выхавання ў моладзі пачуцця павагі да помнікаў гісторыі і культуры, таму пры нагодзе з задавальненнем наведваў школы, летнікі, імкнуўся заахвоціць вучняў дапамагацьархеолагам.

Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінск