“А жыць, жыць хочацца…”

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Сёння мы жывём у час перамогі Памяці. Памяць жыве паўсюль, аднак у першую чаргу — там, дзе яе шануюць. Як толькі мы забываемся на гэта, нашы ўспаміны становяцца ўсё больш цьмянымі… Сёлета Беларусь адзначае 65-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Здавалася б, мы ведаем пра Вялікую Айчынную вайну ўсё, але кожны раз, звяртаючыся да падзей 1941 — 1945 гг., пераконваешся: як шмат могуць распавесці абпаленыя чорна-белыя фотаздымкі і пажоўклыя лісты з перадавой. Праз знаёмства з раней невядомымі фондамі беларускіх музеяў, экспазіцыі якіх прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, “К” вырашыла падысці да асвятлення знакавай тэмы. Бо што такое музей, як не месца ўшанавання Памяці? І што такое Памяць, як не тое, што пастаянна патрабуе напаміну?

Канцэптуальная лінія
Равесніку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — сёлета 65. Музей, так бы мовіць, сховішча праўды пра вайну, але мае і ён сваю гісторыю. А яна — гэта тое, што экспанаты для ўстановы пачалі збірацца яшчэ пад час ваенных дзеянняў, і тое, што будынак, у якім яна сёння месціцца, планавалі аддаць колішняму Дзяржаўнаму музею (сённяшняму Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры краіны), і тое, што на адну з яго экспазіцый — ваеннай тэхнікі — прыйшло аднойчы так шмат людзей, што не хапала месца самой тэхніцы... Да ўсяго, сталічная музейная ўстанова — першы музей гісторыі Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Савецкага Саюза.
 /i/content/pi/cult/191/2091/A zhyc1.jpg
Сёння карэспандэнт “К” наведаў славуты будынак у час падрыхтоўкі вялікай выстаўкі, прысвечанай памятнаму году вызвалення Беларусі.
Адкрыецца экспазіцыя ў маі, да Дня Перамогі, і, мабыць, галоўнай яе адметнасцю стануць асабістыя дакументы, лісты, якія доўгі час захоўваліся ў нашых фондах. Уявіце сабе: больш за 140 тысяч прадметаў знаходзяцца ў асноўным фондзе музея, і толькі дзесятая частка — у пастаяннай экспазіцыі! “На гэтай выстаўцы мы хочам прадэманстраваць з іх наведвальніку тыя асабістыя сведчанні, што былі раней недаступнымі”, — распавяла загадчык аддзела ваенна-франтавой гісторыі Святлана ЯЗЕРСКАЯ.
Асабліва наведвальнікаў музея заўжды ўражвала, што ў экспазіцыі гаварылася не толькі пра Беларусь і актыўнае супраціўленне нашых суайчыннікаў ворагу, але і пра ўнёсак кожнага з народаў Савецкага Саюза ў вызваленне нашай краіны. Работнікі музея з самага пачатку вялі збор дакументаў, звестак аб усіх героях вызвалення Беларусі, удзельніках партызанскай барацьбы, і гэты падыход знаходзіў і ў мінулыя часы, і сёння гарачы водгук у сэрцах людзей. Госці з іншых краін не чакалі, калі прыязджалі ў Мінск, што знойдуць у нашым музеі звесткі пра сваіх землякоў, аднак жа знаходзілі — і былі вельмі ўсхваляваны. Падобная “канцэптуальная лінія” здзіўляе многіх і па сённяшні дзень, калі сёй-той імкнецца прадставіць ледзь не асабістую гісторыю сваёй перамогі і сваіх пакут, але музей аддае перавагу менавіта “аб’ектыўнаму падыходу”.
Маральны стрыжань, які ўсё тлумачыць
Перада мной лісты Віктара Афанасьевіча Вядзенкі, Якава Фёдаравіча Яшына, Івана Іванавіча Яфрэмава... Усе яны — украінец, рускі, беларус — пішуць аб тым, як вызвалялі Савецкую Беларусь. І гэтыя салдаты Вялікай Айчыннай аддалі свае жыцці, каб наш край стаў вольным. Жыццё кожнага ўдзельніка гэтых падзей у пэўнай меры стала эпічным. Вядома, мы можам спытаць: што такое ліст? Асабістыя ўспаміны-перажыванні? Але ў гэтых трохкутнічках — узаемаадносіны людзей, якія ваявалі, іх настрой, іх дух ды патрыятызм — усё гэта маральны стрыжань, які тлумачыць іх подзвіг.
На новай выстаўцы, якая будзе мець назву “Бітва за Беларусь”, расказваецца не толькі пра агульнавядомыя падзеі вызвалення рэспублікі, але і адкрываюцца малавядомыя старонкі яе гісторыі. Падаецца, жывой, урэчаісненай памяці тут вельмі і вельмі шмат.
Музейшчыкі паспрабавалі звярнуць увагу на тыя падзеі, што звычайна застаюцца “за кадрам”.
Вызваленне Беларусі — гэта не толькі аперацыя “Баграціён”, аб якой мы шмат ведаем, — яно пачалося ўвосень 1943- га года, калі, пасля перамогі на Курскай дузе, Стаўка Галоўнакамандуючага прымае рашэнне фарсіраваць Днепр. З пераадолення ракі і яе прытокаў, захопу плацдармаў ворага і пачалося вызваленне.
Калі войскі Цэнтральнага фронту на поўдні Беларусі здолелі вызваліць Гомель, Мазыр, іншыя гарады, то на поўначы, там, дзе дзейнічалі войскі Калінінскага, Заходняга франтоў, рух наперад насіў вельмі драматычны і складаны характар. З восені 43-га, да прыкладу, войскі Заходняга фронту здзейснілі 11 аперацый у Магілёўскім накірунку, але не ўсе яны былі паспяховымі. Музейшчыкам хацелася б, каб гісторыкі надалі больш увагі гэтай старонцы вызвалення. Бо нават і сёння мы не можам уявіць, колькі людзей загінула ў той час.
За кожны метр зямлі
Святлана Міхайлаўна зачытвае ліст аднаго з удзельнікаў фарсіравання Дняпра — беларуса Міхаіла Каратаева:
“Вот уже прошло 20 дней, как ведем бои на правом берегу Днепра, на родной белорусской земле... Бои настолько ожесточенные, что воздух наполнен гулом моторов. От подымающейся пыли, дыма, от разрыва снарядов содрогается земля белорусская. Не остается места на земле, где не было бы воронок от разрывов снарядов, мин и авиабомб. Немцы постоянно контратакуют пехотой и танками. Днепр — это последняя надежда немцев. Вот почему они так яростно сопротивляются”.

 /i/content/pi/cult/191/2091/A zhyc2.jpg
 Сож, на поўдзень ад Гомеля.
Сапёры спускаюць пантон. 1943 г.
“Па сутнасці, гэты ліст стаў першым з правага берага Дняпра”, — адзначае навуковы супрацоўнік музея.
А вось ліст ад 13 кастрычніка 1943 года Якава Яшына, рускага па нацыянальнасці, старшага сяржанта, які загінуў 6 студзеня 1944 года ў баі ў вёсцы Касцюкі: “За это время потерял почти всех своих товарищей. Подчиненные мои — большинство казахи, по-русски понимают плохо, но хорошие ребята… Насчет настроений, Нюра (жонка сяржанта. — Д.А.), бывает по-разному… Если успех у тебя, то и настроение хорошее. Бывает плохое… Но у нас, бойцов и командиров Красной Армии, настроение и задача одна — ... с победой вернуться домой”.
І з ліста ад 12 снежня 1943 года: “Я пока жив-здоров, идем вперед, продвигаемся с боями к нашим старым границам. Приходится трудновато: враг еще силен, упорно сопротивляется и держится за каждый метр земли… Особенно пришлось очень трудно в один день, когда несколько раз пришлось переходить озеро по пояс в холодной воде, а оно шириной в полкилометра… Многие из нас «пустили пузыри» и, как говорят, отдали богу душу… Но меня, оказывается, никакая холера не берет. Я, наверное, счастлив только для тебя и наших ребят… Война закончится еще не скоро, а живым буду или нет — сказать трудно… Лежу на грязной соломе в землянке, три часа ночи, горит кусок провода, начался обстрел, пишу тебе письмо… Жалко становится, как мало пожили мы на свете, а жить, жить хочется. Береги детей, моего не жалей, можешь продавать, не жалей ничего: живы будем — наживем всё…”
Што кранае душы?
А вось успаміны, якія спецыяльна для музея напісаў камандзір камсамольскай інжынернай сапёрнай брыгады, што ўдзельнічаў у штурме нямецкіх пазіцый на рацэ Лучосе: “Осталась битва за Витебск и за реку Лучёсу. Для бригады она была кровавой. Но что было — то было…”.
 /i/content/pi/cult/191/2091/A zhyc3.jpg
 Ліст з фронту капітана Муратава. Студзень 1944 г.
Ёсць у фондах ліст, які распавядае пра гісторыю 17-гадовага Героя Савецкага Саюза Барыса Царыкава. Гэты юнак адным з першых фарсіраваў Днепр. Пад агнём ворага 5 разоў перапраўляўся праз раку, падабраў і з’яднаў больш за 50 чырвонаармейцаў розных часцей і звёў іх у баявы парадак. Аднак яго лёс быў трагічным. Барыса пасля прысваення звання Героя Савецкага Саюза назначылі камсоргам батальёна і паслалі вучыцца. Калі ён пакідаў штаб батальёна, яго забіў нямецкі снайпер… У музеі захоўваецца ліст ягонага сябра, капітана Муратава, дзе апісана смерць гомельскага героя.
Вось так, праз маленечкі экспанат, можна ўбачыць лёс і час, людзей, якіх, мусіць, нават і не ўспаміналі, “забывалі” ў дакументах толькі таму, што яны служылі ў тым атрадзе, палку, сярод самаахвярных і адданых людзей, каму ў сілу абставін не ўдалося выканаць ускладзеную на іх задачу. На жаль, многія з такіх загінуўшых не пахаваны так, як належыць.
На выстаўцы прадставяць не толькі дакументы салдат, але іх зброю і вопратку, карты і фотаздымкі, франтавы друк. “Нам хацелася, каб асабістыя дакументы, што так моцна кранаюць нашы душы, былі прадстаўлены ў электронных турнікетах. Каб наведвальнікі маглі пачытаць лісты”, — падзялілася планамі Святлана Язерская.

***
Дваццаць гадоў таму ў музей прыходзілі ветэраны, іх сябры. Сёння пераможцаў, вызваліцеляў засталося мала, і часам іх здароўе не дазваляе наведаць музей. Але сюды прыходзяць… іх унукі. Прыносяць лісты бабуль і дзядуль, дакументы, узнагароды, бо хочуць даведацца пра шлях сваіх блізкіх. Хочуць даведацца, таму што ў свой час не паспелі іх распытаць, а, можа, ветэраны не хацелі гаварыць пра вайну?..

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага
музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны