У сваім доме ды без Дома культуры?

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Сёлета “К” распачынае цыкл публікацый пра жыццё рэгіёнаў пад новай рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву”: і з той нагоды, што 2009-ы абвешчаны ў Беларусі Годам роднай зямлі, і па прычыне надзвычайнай ёмістасці гэтага словазлучэння. Гэта не толькі тэрыторыя і прыродныя рэсурсы, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на нядаўнім уручэнні Дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а яшчэ і бацькоўскі дом, сям’я, дзеці, традыцыі, звычаі і маральныя ідэалы народа, яго самабытная культура, багатая, гераічная гісторыя... Пагадзіцеся, любая дэталізацыя азначэння “родная зямля” (з улікам тэматычнай спецыфікі “Культуры”) вартая сур’ёзнага журналісцкага абагульнення. Гаворка ў артыкуле пойдзе пра рэалізацыю Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007 — 2010 гады. Праграма гэтая, як вядома, скіравана на захаванне, утрыманне і выкарыстанне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё турыстычнай дзейнасці і мясцовай традыцыйнай культуры, умацаванне матэрыяльнай базы сацыякультурнай сферы... Адрас для камандзіроўкі быў выбраны на карце беларускай рэгіянальнай прасторы невыпадкова. Менавіта ў пасёлку гарадскога тыпу Глуск, як распавёў “К” начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, красамоўна выяўляецца палітыка раённага кіраўніцтва і мясцовага аддзела культуры па планавым развіцці сацыяльнай сферы, якое тут лічаць першарадным гарантам эканамічнай бяспекі рэгіёна. Ёсць у названым кірунку неаспрэчныя дасягненні, хапае і праблемных пытанняў. А канчатковым штуршком для журналісцкай камандзіроўкі паслужылі высновы Анатоля Сінкаўца: “Публікацыя ў “Культуры” паспрыяе таму, каб Глуск хутчэй займеў новы РДК, бо сённяшні — у аварыйным стане”.

 /i/content/pi/cult/191/2090/RZ1.jpg
 Уязны знак у райцэнтр.
Не будзем паглыбляцца ў структуру адміністрацыйнага падзелу і геапалітычныя асаблівасці нашых райцэнтраў. Дый ці вялікая розніца: гаворка — пра мястэчка, сярэдняе паселішча ці малы горад? Галоўным тут падаецца іншае.
Больш за сотню райцэнтраў Беларусі ўтвараюць прастору, якую называем Бацькаўшчынай. І кожны гарадок мае адметныя рысы менталітэту, сваю духоўную ауру, непаўторнае народнае мастацтва, сфарміраваныя цягам стагоддзяў пад жыццядайным уплывам роднай зямлі.
Гарпасёлак Глуск — адзін са 118 райцэнтраў Беларусі. Узрост — 612 гадоў. Колькасць жыхароў — 8,7 тысячы. Некалькі будаўнічых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў… У сферы культуры — дзіцячая школа мастацтваў, РДК, кінатэатр “Арыён”, раённая і дзіцячыя бібліятэкі. Вядзецца рэканструкцыя колішняй крамы пад краязнаўчы музей. Летась на гэтым аб’екце было асвоена 150 мільёнаў рублёў, сёлета на работы выдаткавана 938 мільёнаў…
Гарпасёлак паступова, але мэтанакіравана змяняе сацыякультурнае аблічча. За кожным крокам — немалыя бюджэтныя і інвестыцыйныя ўкладанні. Але і самі работнікі культуры Глуска ва ўмовах, так бы мовіць, аптымізаванага фінансавання, вучацца зарабляць на развіццё ўласнай галіны.

Пакуль праграма не “звярстана”

Мы яшчэ вернемся да творчых напрацовак, назапашаных гарпасялковымі культасветнікамі. А больш прадметную гаворку распачнём з галоўнай, як падаецца, культурнай праблемы Глуска: будынак Раённага дома культуры, узведзены пасля Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца цяпер у аварыйным стане.
Звонку РДК выглядае як быццам няблага (вынік штогадовых касметычных рамонтаў), а знутры…
— Бэлькі перакрыццяў двухпавярховай будыніны папрагнівалі, — тлумачыць дырэктар установы Надзея Бычкоўская.— Цвікі, як у масла, заходзяць... А па сценах — шчыліна за шчылінай. Так што глядзельную залу для маштабных мерапрыемстваў не выкарыстоўваем, ладзім іх у кінатэатры “Арыён”. Канцэрты — таксама выязныя, на пляцоўках такіх, да прыкладу, арганізацый, як цэнтральная бальніца, гаргаз, жылкамунгас...
Але план па платных паслугах РДК летась перавыканаў. Па ўсёй цэнтральнай клубнай сістэме ў 2008 годзе зароблена больш за 117 мільёнаў рублёў, большая палова гэтай сумы — унёсак РДК...
У непасрэдным творчым саюзе са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Багелем і начальнікам аддзела культуры Уладзімірам Шулякоўскім Надзея Уладзіміраўна нават пры такой матэрыяльнай базе наладзіла бесперабойную клубную дзейнасць. Балазе прыбудова да РДК, дзе ладзяцца тэматычныя дыскатэкі, — адносна новая, таму і для танцаў бяспечная, дый абсталявана як мае быць. Старшыня райвыканкама летась выдаткаваў 18 мільёнаў на светлавую апаратуру, больш за 8 мільёнаў — на кандыцыянер...
У час размовы з Надзеяй Бычкоўскай не пакідала адзінае пытанне: а якімі былі б эканамічныя паказчыкі РДК, калі будынак яго быў бы новым і меў бы пакоі для работы гурткоў і рэпетыцый двух народных калектываў? Падкрэслім, пытанне гэтае
 /i/content/pi/cult/191/2090/RZ2.jpg
 Раённы дом культуры.
неаднаразова абмяркоўвалася на ўзроўні начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама і старшыні Глускага райвыканкама. І меркаванне тут — адзінае: пакуль абласная інвестыцыйная праграма на 2009 год не “звярстана” да канца, мэтазгодна ўключыць у яе змест фінансаванне будаўніцтва ў Глуску Раённага дома культуры. Тым больш, што за аснову будучага будаўніцтва глускія ўлады бяруць тыпавы праект, фінансавыя выдаткі на прывязку якога да канкрэтнай мясцовасці непараўнальныя з коштам падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі для будынка арыгінальнай канструкцыі.
Словам, раённы цэнтр без сучаснага цэнтра культуры — як сяло без храма. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і кіраўнік Глусчыны Аляксандр Багель:
— Наш раён — менавіта тая глыбінка Беларусі, якую і падсілкоўваюць дзяржпраграмы развіцця сяла, малых гарадоў, турызму, паляпшэння дэмаграфіі... Развіццё вытворчасці ў такім маленькім населеным пункце, як Глуск, абсалютна бесперспектыўнае без прытоку моладзі. А яе не прыцягнуць толькі работай і толькі заробкам: патрэбны жыллё, умовы працы і адпачынку. Словам, культура тут — фактар вырашальны. І не ўяўляю развіццё малых гарадоў без узвядзення сучасных аб’ектаў культуры. Наш зямляк і дэпутат, колішні намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Глаз падтрымаў будаўніцтва ў пасёлку лядовай арэны і Раённага дома культуры. Па першым аб’екце вядзецца праектаванне, і грошы на гэты год выдаткаваны. І без годнага РДК не абысціся! Каб не лічылі раён “мядзведжым кутом”, аддаленым ад ажыўленых трас і цывілізацыі. Жыхар гарпасёлка не павінен адчуваць сябе стратным...
Кіраўнік раёна як руплівы гаспадар і як чалавек, што лічыць культуру не падчаркай, а рухавіком эканомікі і вытворчасці, гэткім “горадаўтваральным” фактарам, натуральна, хоча бачыць цэнтр раёна, сапраўды аддаленага ад шумных шляхоў, утульным, прыгожым і максімальна прыстасаваным для эфектыўнай працы ды адпачынку. Таму лядовая арэна і РДК — аб’екты для яго прыярытэтныя. І ўзвядзенне іх Аляксандр Багель разглядае як яшчэ адзін канкрэтны крок да заваявання людскога даверу. І якія б цяжкасці ні паўставалі, рух гэты, па меркаванні Аляксандра Іванавіча, павінен быць несупынным. Яшчэ адзін доказ таго, што пытанні культуры ўшчыльную знітаваны з праблемамі сацыяльнымі.
А вось аргументы, і не менш слушныя, намесніка старшыні Глускага райвыканкама Людмілы Клыга:
— Без новага РДК нам ніяк не абысціся, бо вельмі шмат у раёне таленавітых людзей, цікавых калектываў. Толькі моладзі — тры з паловай тысячы чалавек. А дыскатэчная зала сённяшняга РДК хоць і абсталявана па апошнім слове тэхнікі, але ўсіх жадаючых змясціць не можа...
Выйсце — у аптымізацыі
Давайце прагуляемся па райцэнтры. Пачнём з галоўнай вуліцы— Кірава, па якой любы вандроўнік і ўязджае з боку Асіповічаў у Глуск. Першая культурная зона райцэнтра групуецца вакол дзіцячай школы мастацтваў. Тут дзейнічаюць музычнае і харэаграфічнае аддзяленні, нядаўна адкрыўся клас духавых інструментаў, ёсць клас выяўленчага мастацтва, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 2. ДШМ для гарпасёлка — установа знакавая, прэстыжная, брэндавая. Пагадзіцеся, два раялі ў адной установе культуры могуць сабе дазволіць не ў кожным, нават і досыць буйным, горадзе. Але ў ДШМ Глуска таксама ёсць праблемы, вырашэнне якіх наўпрост залежыць ад пашырэння кола аб’ектаў культуры і ўмацавання матэрыяльнай базы галіны. Справа вось у чым. Развіваецца харэаграфічнае аддзяленне (узорны харэаграфічны ансамбль для маленькага Глуска — паказчык больш чым пераканаўчы), а таму не можа прыняць усіх жадаючых.
Істотны недахоп у навучальна-творчых плошчах адчуваюць і юныя мастакі, якія “арандуюць” клас у бліжэйшай школцы гарадскога пасёлка. Дзе выйсце?
— У аптымізацыі ўстаноў культуры, — адказвае начальнік аддзела культуры Уладзімір Шулякоўскі і тлумачыць. — Пасля рэканструкцыі будынка крамаў “Культтавары” і “Дзіцячы свет” пад краязнаўчы музей перанясём сюды таксама дзіцячую і раённую бібліятэкі. Будынкі, што вызваляцца ад бібліятэк, мяркуем выкарыстаць для размяшчэння харэаграфічнага аддзялення ДШМ і класа выяўленчага мастацтва...
Па папярэдніх падліках, краязнаўчы музей у Глуску, дзе хопіць месца не толькі для бібліятэк, але і для ўласнай галерэі, будзе здадзены напрыканцы гэтага года. Перапланіроўка аконных праёмаў і ўстаноўка шклопакетаў ужо завершаны.
На бульвары Грахоўскага
Бульвар Сяргея Грахоўскага размешчаны ў цэнтры Глуска. Пашанотную назву бульвар займеў у 2003-ім — да 90-годдзя знакамітага беларускага паэта, які дзяцінства і юнацтва правёў на Глусчыне.
 /i/content/pi/cult/191/2090/RZ4.jpg
Мемарыяльная дошка ў гонар
Сяргея Грахоўскага.
Імя Сяргея Іванавіча атрымала тады і сярэдняя школа № 1, а на бульвары была ўсталявана мемарыяльная дошка... Затрымаемся тут падаўжэй, бо ў атачэнні бульвара — шэраг устаноў і зон культуры, якія ўтвараюць яшчэ адну досыць разнастайную і цікавую прастору гарадскога пасёлка.
З аднаго боку тут — памянёны шматкроць Раённы дом культуры, дзіцячая кавярня. З другога — кінатэатр “Арыён”, які апрача відовішчнай праграмы прапаноўвае наведвальнікам паслугі більярднай, буфета, можна пагуляць тут і ў тэніс. Для гэтага ў свой час аддзел культуры правёў перапрафіліроўку фае. Пасля гэтага з’явілася магчымасць і для адкрыцця відэасалона.
Дарэчы, план платных паслуг “Арыён” стабільна выконвае. Капітальны рамонт кінатэатра намечаны на 2010 год.
Пасярод бульвара — бюст двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава, які нарадзіўся ў вёсцы Дварэц Глускага раёна. У час Вялікай Айчыннай ён даслужыўся да намесніка камандзіра танкавага корпуса, а пасля вайны працаваў намеснікам міністра сацыяльнага забеспячэння БССР... А на рагу бліжэйшай ад бульвара вуліцы — мемарыяльная дошка на ваенкаматаўскім будынку: “На гэтым месцы ў студзені 1918 года белапалякамі расстраляны сакратар першага Глускага валаснога Савета Жышкевіч Дзмітрый Андронавіч”...
Як паведамляе дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Сіняк, менавіта адсюль, з бульвара Сяргея Грахоўскага, распачынаюцца экскурсійныя платныя ўрокі, што ладзяцца гарпасялковымі бібліятэкарамі, і далей пралягаюць па раёне ў трох накірунках: Глуск — Слаўкавічы — востраў Зыслаў (па дарогах партызанскай славы); Глуск — Завалочыцы (наведванне старажытнай грабніцы ў Барысаўшчыне, археалагічнага помніка ў Сіманавічах, Казьмадзям’янаўскай царквы ў Гарадку...); Глуск — Халопенічы — Акцябрскі (знаёмства з вёскай Касарычы, адкуль пайшоў род Максіма Багдановіча, музеем і карціннай галерэяй гарпасёлка Акцябрскі)... Не толькі кнігу прапаноўваюць спажыўцам культуры гарпасялковыя бібліятэкары, але і незвычайныя турыстычна-асветныя маршруты (нават міжраённыя!) з уласным прафесійным каментарыем любой цікавосткі. Чым не яскравы доказ таго, што турызм тут не зараджаецца, а знаходзіцца ў стадыі ўпэўненага развіцця?.. Дарэчы, гасцініца ў Глуску досыць вялікая, нават узімку цёплая і заўжды гатовая прыняць гасцей.

 /i/content/pi/cult/191/2090/RZ6.jpg
 Кінатэатр “Арыён”.
Непадалёк ад бульвара месцяцца дзве бібліятэкі — раённая ды дзіцячая. Агляд іх пераканаў у тым, што наяўных памяшканняў для развіцця бібліятэчнай справы яўна не хапае. ЦРБ, да прыкладу, абслугоўвае 60 працэнтаў насельніцтва гарпасёлка, у фондзе — амаль 50 тысяч асобнікаў, кніжкі на стэлажах сховішча — ледзь не да столі.
Тая ж сітуацыя — і ў дзіцячай бібліятэцы: для выступлення дзіцячага тэатра “Церамок” з чытальнай залы раз-пораз выносяцца сталы — іншага памяшкання проста няма. Але і ў гэтых умовах бібліятэкары гарпасёлка з планамі па аказанні платных паслуг спраўляюцца без перашкод, максімальна выкарыстоўваючы і састарэлую матэрыяльную базу, і новыя формы бібліятэчнай работы. І апошні нюанс з гэтай нагоды: не без ініцыятывы і падтрымкі ўсё таго ж Анатоля Сінкаўца бібліятэкары Магілёўшчыны займелі магчымасць выкарыстоўваць назапашаныя пазабюджэтныя сродкі для пашырэння ўласных прафесійных магчымасцей. Таму і не даводзіцца здзіўляцца, што абедзве ўстановы маюць увесь комплекс камп’ютэрнай тэхнікі.
Але пярэбараў пад новы музейны дах чакаюць глускія бібліятэкары, як коласаўскі Міхал — новай зямлі. І здзіўляцца тут не даводзіцца: для прафесіянала любая новая магчымасць самарэалізацыі — стымул для больш выніковай працы.
Ад замчышча старадаўняга да замчышча сучаснага
Прадоўжым вандроўку па маладым-старым Глуску. Чарговая культурная зона — гарадскі парк. Тут — стадыён, летняя танцпляцоўка, зона адпачынку, аздобленая драўлянай скульптурай. Побач — замчышча XVI — XVII стст., дзе цягам дзесяці гадоў вядуцца археалагічныя раскопкі. Кіруе гэтай справай кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік археалагічнага аддзела Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Ганецкая. Натуральна, што кіраўнік Глусчыны праявіў да гэтай справы самы жывы інтарэс. Маўляў, паўнацэнны адпачынак павінен мець асветна-навучальны змест, бо без ведання ўласнай гісторыі не атрымаецца з маладога чалавека сапраўднага патрыёта і гаспадара роднай зямлі. Менавіта з гэтай нагоды і ўзнікла ідэя стварэння ў Глуску краязнаўчага музея, а раскопкі на замчышчы летась Ірына Ганецкая вяла разам з брыгадамі мясцовых школьнікаў за кошт раённага бюджэту. Райвыканкам выдаткаваў на гэта ледзь не два мільёны рублёў. У выніку для будучай музейнай экспазіцыі сабрана сто тысяч унікальных экспанатаў глускай сівой даўніны.
Да канцэпцыі краязнаўчага музея ў Глуску мы яшчэ вернемся. А цяпер хацелася б узгадаць чарговую ініцыятыву старшыні Глускага райвыканкама, наўпрост звязаную з далейшым добраўпарадкаваннем сацыякультурнай прасторы гарадскога пасёлка. Побач з замчышчам, ад якога застаўся толькі падмурак, праз пэўны час з’явіцца ягоная вольная драўляная інтэрпрэтацыя. І гэта яшчэ адна фарба кіраўнічай лініі старшыні Глускага райвыканкама. Добраўпарадкаванне горада, як і добраўпарадкаванне ўласнай кватэры, пераўтварае шэры будзень ва ўрачыстае свята... Менавіта па загадзе Аляксандра Багеля ўезды ў гарпасёлак былі аздоблены адмысловымі архітэктурнымі знакамі, а райцэнтраўская прастора “прарасла” там-сям утульнымі зонамі адпачынку з малымі скульптурнымі формамі з дрэва. Па такім мястэчку цікава прагульвацца, павольна, удумліва, смакуючы радасць ад нечаканых маленькіх вулічных адкрыццяў. І, відаць, невыпадкова ў Глуску, акаймаваным рэчкай Пціч і змешанымі ляснымі масівамі, нарадзілася нямала мастакоў...
“Сем вятроў” са спартыўным абліччам
Наступны культурны цэнтр на карце Глуска цягнецца ад аўтавакзала да мікрараёна “Сем вятроў”. Што ўжо ёсць? Апрача сучаснай жыллёвай забудовы, — гарпасялковая гімназія з цудоўным басейнавым комплексам, якім карыстаецца ўвесь раён, Багаяўленская царква, са святарамі якой актыўна супрацоўнічаюць гарпасялковыя бібліятэкары (Гадзіны духоўнай асветы “Святло душы” ладзяцца ў цэнтральнай бібліятэцы
 /i/content/pi/cult/191/2090/RZ3.jpg
 Жылая забудова ў мікрараёне “Сем вятроў”.
рэгулярна)... Так што ад малазаселенага калісьці мікрараёна, што прадзімаўся вятрамі з усіх бакоў, засталася на сёння толькі арыгінальная назва. А неўзабаве з’явіцца тут і лядовая арэна.
Музей будуецца, а РДК?
І апошняя культурная зона райцэнтра, а дакладней — лагічны працяг “Сямі вятроў” у накірунку вёскі Хвастовічы, што ўшчыльную падступае да Глуска. Менавіта тут бабруйская будаўнічая брыгада вядзе рэканструкцыю будынка колішняй крамы пад уладкаванне краязнаўчага музея, дзвюх бібліятэк і выставачнай залы. Некалькі слоў пра канцэпцыю музейнай экспазіцыі. Натуральна, яе археалагічная частка наўпрост будзе звязана з раскопкамі на месцы замчышча. Але найперш, безумоўна, будзе ўлічана меркаванне кіраўніка раёна, што гісторыю родных мясцін падаваць трэба праз персаналіі — праз асобы Аляксандра Тарасевіча, Альгерда Абуховіча, Сяргея Грахоўскага, Фёдара Янкоўскага, Аркадзя Марціновіча... А над афармленнем экспазіцыі, мяркуецца, працаваць будуць мастакі з Глусчыны — Вячаслаў Захарынскі, Уладзімір Даўшэвіч...
Насупраць будучага музея — маляўнічы парк. Менавіта тут, па адной з задум, размесціцца новы РДК.
 /i/content/pi/cult/191/2090/RZ5.jpg
Праваслаўная царква, насупраць якой будзе ўзводзіцца лядовая арэна.
Меркаванне, на наш погляд, даволі спрэчнае, бо паблізу дзейнічае Цэнтр культуры вёскі Хвастовічы. Здаровая канкурэнцыя нікому не перашкаджала, але ці мэтазгодная адносная блізкасць аднапрофільных устаноў для маленькага Глуска? Яшчэ адна з пачутых прапаноў: “прывязаць” РДК да мясцовасці, прылеглай да ДШМ. Але і тут замнога ваганняў: маўляў, і ад цэнтра далёка, і месца для будаўніцтва мала, бо сярод клубных памяшканняў не пашкодзіла б знайсці плошчы і для кабінетаў аддзела культуры. Самая рацыянальная прапанова, здаецца, прагучала з вуснаў дырэктаркі РДК: новы будынак трэба ўзводзіць у гарадскім парку — у адноснай блізкасці ад райвыканкама і бульвара Грахоўскага. Менавітатады захаваецца раўнавага гарпасялковых культурных зон... Натуральна, дыскусія гэтая — папярэдняя. Былі б грошы на будаўніцтва, а аптымальнае для яго месца знойдзецца.

Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Глуск — Мінск
Фота аўтара