І “Гісторыя танга”

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

З 8 па 12 студзеня ў Брэсце прайшоў ХХІ Міжнародны фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”.

Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця “...Вечароў” адбылася своеасаблівая уверцюра да музычнага свята. На сцэне абласнога тэатра драмы і музыкі выступіў сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі “Маладая Беларусь”.
Гэтым разам у яго праграме прагучала багата іспанскай, італьянскай, нямецкай музыкі. Вянчалі канцэрт творы І.Штрауса.
Аматары класікі сустрэліся з артыстамі 14 краін свету. На сцэне тэатра драмы і музыкі выступілі каля 200 музыкантаў. Упершыню ў Брэст прыехалі выканаўцы з Грузіі, Фінляндыі, Балгарыі, Бразіліі, Паўднёвай Карэі і Алжыра. Цікавасць выклікалі і новыя нацыянальныя інструменты, якія яшчэ ніколі не гучалі на фестывалі. На банданеоне выканальніцкае майстэрства прадэманстраваў польскі музыкант Клаудзіуш Баран, а на бандуры — украінская артыстка Наталля Ведзьмядзюк. Прытрымліваючыся ўмоў фэсту, яго арганізатары парадавалі публіку і новымі імёнамі, сярод якіх — лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Кожны вечар радаваў музычным праектам сусветнага ўзроўню. Народны артыст СССР, Герой Масквы Уладзіслаў П’яўко прывёз групу вакалістаў, якія пабывалі ў многіх краінах свету. Другі вечар уразіў праектам народнага артыста Украіны, прафесара Львоўскай дзяржаўнай акадэміі музыкі Артура Мікіткі “Гісторыя танга” на музыку Астора П’яцолы. У трэці вечар выступіла Ліяна Ісакадзэ. Скрыпачка саліравала і дырыжыравала Беларускім дзяржаўным камерным аркестрам, які не быў у Брэсце 15 гадоў.
Дэбютантам фестывалю стаў Бранскі акадэмічны хор. А завяршыў свята аркестр Брэсцкага тэатра драмы і музыкі разам з замежнымі майстрамі опернай сцэны.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук пад час свайго выступлення на закрыцці фестывалю адзначыў высокі творчы патэнцыял рэгіёна, пацверджаны на леташняй справаздачы ў сталічным Палацы Рэспублікі, і ўганараваў кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара высокай узнагародай “За ўклад у развіццё культуры”.

Алена КАПАЧОВА
Брэст