З сябрамі на “сябрыну”

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Харавая сябрына “Край ясназоры” — так прыгожа называецца дзіцяча-юначы музычны форум, што пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі 18 — 20 студзеня. Назва яго невыпадкова “пазычана” з аднайменнага песеннага цыкла Эдуарда Зарыцкага на вершы Якуба Коласа.

— Дзіцячая харавая музыка беларускіх кампазітараў, — распавёў Уладзімір ЛОЙ, дырэктар Міжнароднага грамадскага харавога аб’яднання “Камертон”, мастацкі кіраўнік хору “Пунсовыя ветразі” дзіцячай музычнай школы № 2 г. Мінска, — усё яшчэ застаецца па-за ўвагай шырокай публікі. А між тым, там ёсць сапраўдныя шэдэўры! Іх папулярызацыя будзе не толькі стымуляваць дзейнасць харавых калектываў, але і заахвочваць саміх кампазітараў да стварэння новых падобных партытур.
— Звычайна такой мэце служаць конкурсы, асабліва з выкананнем абавязковых твораў.
— Наша прынцыповая пазіцыя — не конкурс, а менавіта фестываль. Таму і назва такая — “сябрына”, ад слова “сябраваць”, а не “спаборнічаць”. Кожны калектыў-удзельнік атрымае пасведчанне і салодкі прыз — цукеркі. Дзіцячыя харавыя калектывы параўноўваць даволі цяжка: кожны з іх працуе ў сваіх умовах, у кагосьці яны лепшыя, у кагосьці — горшыя, дый дзеці ўвесь час змяняюцца. Цяпер час, мабыць, не самы спрыяльны для дзіцячага харавога руху, і наша задача — максімальна падтрымаць яго парасткі. У ліпені 2007 года ўтварылася наша аб’яднанне “Камертон”. Яго заснавальнікамі выступілі школьныя хоры “Пунсовыя ветразі”, якім кірую я, “Дружба” на чале з Таццянай Валошынай, “Фэст” Элы Старажук, юнацкі ансамбль “Каравэла” Мінскага палаца дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Анатоля Варлахіна. А ўзначаліла нашу суполку такі знаны хормайстар, як народная артыстка краіны Людміла Яфімава — мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы. І адразу лозунгам сталі словы: “Наш хор не спявае лепей за астатніх — ён спявае сёння лепей, чым учора”.
— А калі параўноўваць само ваша свята — учора, сёння, заўтра?
— Сябрына пройдзе трэці раз. Калі спачатку быў усяго адзін канцэрт, дык другі год запар іх ладзіцца па тры. Магло б быць і болей, але стрымліваюць фінансавыя пытанні: не так проста прывезці ўдзельнікаў з іншыхрэгіёнаў. Тым не менш, на цяперашні форум збярэцца 13 хораў і 2 аркестры, якія выступяць разам з харавымі калектывамі. Мы прынцыпова не спяваем пад фанаграму — толькі пад жывое інструментальнае гучанне ці ўвогуле без акампанементу. Адбудзецца і прэм’ера песні: “Добры дзень, мая Айчына!” Эдуарда Зарыцкага на верш Адама Русака.
— Дык геаграфія ўдзельнікаў — адно мінчане?
— Не, на ўсіх нашых святах актыўна шчыруе хор “Пралескі” Ашмянскай школы-інтэрната пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянавай. Сёлета выступіць і народны ансамбль “Карусель” Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. А ў межах філарманічнага абанемента “Нас яднае хор” мы запрашаем нават замежныя калектывы. Марым зрабіць яшчэ адзін абанемент, каб канцэрты праходзілі па нядзелях, а 14-ай гадзіне. Пры такім раскладзе Мінск змогуць наведаць нават хоры з Брэста ці Гомеля, уклаўшы сваё падарожжа ў адзін дзень.
Дзецям такія выступленні вельмі патрэбны! Уяўляеце, што такое для іх — выступіць на сталічнай філарманічнай сцэне? Пакуль жа — усе канцэрты сябрыны, паводле традыцыі, пачнуцца а 18-ай: каб дзеці нават з самых аддаленых мікрараёнаў паспелі своечасова дабрацца дадому.
Надзея БУНЦЭВІЧ