Крок да творчых змен

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

14 студзеня міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук і першы намеснік міністра Уладзімір Рылатка прадставілі калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы новага мастацкага кіраўніка — вядомага рэжысёра, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалая Пінігіна.

З 1998 года да апошняга часу выпускнік рэжысёрскага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дыпламант шматлікіх міжнародных фестываляў у Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Славакіі Мікалай Пінігін працаваў рэжысёрам у санкт-пецярбургскім Вялікім драматычным тэатры імя Таўстаногава. Як зазначыў дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка, прызначэнне Пінігіна — вельмі арганічны крок, бо рэжысёр добра ведае трупу, знаёмы з яе творчымі здабыткамі і праблемамі.
Сапраўды, новы мастацкі кіраўнік з 1985 да сярэдзіны 1990-х гадоў быў рэжысёрам у Купалаўскім тэатры. Ды і пасля вяртаўся сюды ў якасці чарговага рэжысёра-пастаноўшчыка. Летась на першай беларускай сцэне з’явіўся яго новы спектакль “Пінская шляхта”, які адразу зрабіў фурор сярод тэатралаў сталіцы. Па словах кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі тэатра Вадзіма Дапкюнаса, на сходзе Уладзімір Матвейчук выказаў спадзяванне, што прыход Мікалая Пінігіна адкрые для вядучага тэатра краіны шлях да новых здзяйсненняў, творчых пошукаў, цікавых пастановак.
Мікалай Пінігін звярнуўся са словамі падзякі да народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага, які больш за трыццаць пяць гадоў займаў пасаду мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра. Ён паведаміў прысутным, што менавіта Валерый Мікалаевіч стаў для яго першым настаўнікам на рэжысёрскай ніве. Валерый Раеўскі прадоўжыць працаваць у Купалаўскім у якасці рэжысёра-пастаноўшчыка.
Н.П.