Марка Мулявіна

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

12 студзеня Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 68. Акурат у дзень ягоных народзін адбылося гашэнне маркі, прысвечанай Песняру і 40-годдзю яго знакамітага ансамбля, створанага 1 верасня 1969-га.

 /i/content/pi/cult/191/2076/Marka1.jpg
 Сярод тых, хто ўсклаў кветкі да помніка Уладзіміру
Мулявіну на Усходніх могілках, — міністр
культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук
і народны артыст СССР Іосіф Кабзон.
Урачыстасці прайшлі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі: менавіта пад дахам гэтай канцэртнай арганізацыі працавалі легендарныя “Песняры”, менавіта тут зараз знаходзіцца музей У.Мулявіна, тут жа ўвечары адбылося сольнае выступленне народнага артыста СССР Іосіфа Кабзона, прысвечанае памяці яго сябра-Песняра. У фае на цырымонію гашэння маркі сабраліся прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, выдавецкага цэнтра “Марка” РУП “Белпошта”, дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар і мастацкі кіраўнік Юрый Гільдзюк, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, артысты ансамбля “Песняры” розных гадоў — Леанід Барткевіч, Уладзімір Ткачэнка, Алег Моўчан, родныя У.Мулявіна.
— Гэтая акцыя, — адзначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, — працяг той вялікай працы, што была распачата Прэзідэнтам нашай краіны па ўвекавечванні памяці пра Вялікага Песняра. У яго гонар названы бульвар у Мінску, адкрыты музей, створаны Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва, які носіць ягонае імя і займаецца працягам яго традыцый, выхоўваючы на іх адораную моладзь.
Як паведаміла намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Ніна Гаўрылава, марка выпушчана тыражом 53 тысячы асобнікаў: “Яна разляціцца на паштовых адпраўленнях ва ўсе куточкі свету і стане чарговай “візітоўкай” Беларусі”. Папоўніць яна таксама калекцыі філатэлістаў розных краін. Але гэтая марка унікальная яшчэ і тым, што яна першая, звязаная з эстрадным мастацтвам Беларусі.
Гасіць марку было даручана шаноўнаму госцю — Іосіфу Кабзону. Ён паставіў спецыяльны штэмпель на трох “музейных” асобніках канвертаў з гэтай маркай: для Музея У.Мулявіна, Музея сувязі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Астатнія “канверты першага дня”, пазначаныя адпаведным мастацкім афармленнем, новай маркай і спецштэмпелем, былі падрыхтаваны раней. Яны выпушчаны тыражом 1 тысяча асобнікаў і карыстаюцца не меншым попытам у філатэлістаў.

 /i/content/pi/cult/191/2076/Marka2.jpg
 У.Пракапцоў, А.Гарбар, І.Кабзон, У.Грыдзюшка, Н.Гаўрылава,
С.Пенкіна, Ю.Гільдзюк пад час цырымоніі гашэння маркі

Выявы У.Мулявіна, ансамбля “Песняры” і “фантазіі” на гэтую тэму на спецштэмпелі і ў агульным афармленні канверта, па якім раскіданы абрысы калёснай ліры, раяльных клавішаў, паэтычных радкоў песні “Белая Русь ты мая”, зоркі, закладзенай у гонар Песняра на Плошчы зорак у Маскве, — усё гэта было зроблена мастаком Арцёмам Рыбчынскім.
Дзень 12 студзеня распачаўся ўскладаннем кветак на магілу Уладзіміра Мулявіна, а завяршыўся — амаль 4-гадзінным канцэртам у яго гонар. У фае была разгорнута абноўленая фотавыстаўка, прысвечаная “Песнярам”, гучалі архіўныя запісы іх песень. У зале прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, многія знакамітыя музыканты і артысты: Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Леанід Захлеўны, Ізмаіл Капланаў і Нэлі Багуслаўская. Вяла канцэрт музыказнаўца Вольга Брылон. Сама атмасфера вечара была такой, быццам на ім нябачна прысутнічаў сам Мулявін. Пра гэта сказаў І.Кабзон яшчэ пад час гашэння маркі: “Быццам ён чуе нас, а мы — яго. Дзякуй, Валодзя, што ты быў і застаўся разам з намі”.
Запрашэнне Іосіфа Кабзона (які, дарэчы, дзеля гэтага вечара змяніў усе свае ранейшыя планы) было зусім не выпадковым. Святлана Пенкіна, удава У.Мулявіна і дырэктар музея яго імя, якая выступіла аўтарам дадзенага праекта, зачытала ў фінале тэлеграму Песняра да І.Кабзона, надыктаваную Уладзімірам Георгіевічам у маскоўскім шпіталі ў верасні 2002-га: у ёй ён шкадаваў, што не можа прысутнічаць на дні нараджэння свайго сябра…
У першым аддзяленні Іосіф Кабзон выступаў са сваім канцэртмайстрам — народным артыстам Расіі Аляксеем Еўсюковым. Гучалі самыя разнастайныя песні і рамансы, у тым ліку — “Памяці сяброў”. Але склаўся і вакальны дуэт — з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам: разам яны праспявалі “Бярозавы сок” з рэпертуару “Песняроў”.
У другім аддзяленні на адметна ўпрыгожанай сцэне з’явіўся Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Казінца. У 1973 годзе гэты наш вядомы калектыў даў два сумесныя канцэрты з “Песнярамі”. А вось з І.Кабзонам выступаў упершыню (запланаваны ўдзел спевака ў колішнім вечары памяці Віктара Вуячыча, на жаль, не адбыўся, але не па яго віне, і Іосіф Давыдавіч аддаў даніну павагі свайму сябру на гэтым канцэрце). Адзіная дзённая рэпетыцыя адбылася адразу пасля гашэння маркі. Але на канцэрце сугучча з аркестрам было папраўдзе ідэальным: дырыжор так натуральна адгукаўся на ўсе душэўныя і тэмпавыя парывы спевака, быццам працаваў поруч з ім усё жыццё.
Свае музычныя падарункі падрыхтавалі ўсе ўдзельнікі: народны артыст СССР, кампазітар Ігар Лучанок (дарэчы, у канцэрце гучала шмат яго песень — з аўтарам за раялем), заслужаны артыст краіны Уладзімір Правалінскі, квінтэт акарын, складзены з музыкантаў аркестра, цымбалістка Юлія Высоцкая. У выкананні юных зорачак — Андрэя Кунца ў атачэнні дзяўчатак з ансамбля “Дыямант” — прагучалі знакамітыя “Калядачкі”. Спевы Андрэя, падобна на тое, усхвалявалі не толькі публіку: Іосіф Давыдавіч па-бацькоўску паклаў яму руку на плячо, быццам бласлаўляючы на далейшыя творчыя памкненні.
Мабыць, менавіта ў гэтым сутнасць увекавечання памяці — каб слава У.Мулявіна, азораная “творчай маркай” яго здзяйсненняў, працягвала разлятацца па свеце, прадоўжаная новымі пакаленнямі яго музычных нашчадкаў і паслядоўнікаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА