— Уладзімір Міхайлавіч, у чым спецыфіка работы дзевяці раённых аддзелаў культуры сталіцы? Як яны кантактуюць з гарадскім упраўленнем? Чым адрозніваюцца ад рэгіянальных структур галіны?
— Наша ўпраўленне з’яўляецца падраздзяленнем гарвыканкама, мае юрыдычны адрас, сваю бухгалтэрыю. У падпарадкаванні ўпраўлення — каля 90 аб’ектаў культуры. Гэта 26 школ мастацтваў, 43 бібліятэкі, што аб’яднаны ў дзве цэнтралізаваныя сістэмы — гарадскую і дзіцячую. У спісе гэтым — і 5 тэатраў, “Мінскканцэрт”, Нацыянальная школа прыгажосці, Беларускі дзяржаўны цырк, Палац культуры “Лошыцкі”, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Галерэя Леаніда Шчамялёва і Музей Заіра Азгура, музычнае вучылішча...
У Мінску, як вядома, 9 адміністрацый, аддзелы, натуральна, уваходзяць у іхні склад і фінансуюцца з бюджэтаў апошніх. А ў раёнах Беларусі аддзелы культуры не толькі падпарадкоўваюцца абласным упраўленням, але і фінансуюцца імі... Для сталічных аддзелаў працадаўца — кіраўніцтва раённых адміністрацый, а, так бы мовіць, куратар — упраўленне культуры гарвыканкама. Аддзелы не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, у іх няма на балансе адміністратыўных памяшканняў, але асноўная задача супадае, безумоўна, з прызначэннем раённых аддзелаў культуры: гэта культасвета насельніцтва ў самых розных яе праявах, метадычнае забеспячэнне і правядзенне мерапрыемстваў, наладжванне сумесных акцый з іншымі ўстановамі і арганізацыямі...
Словам, аддзелы культуры раёнаў сталіцы — своеасаблівыя куратары (калі гаворка пра ўзаемадзеянне са структурамі, што не падпарадкоўваюцца ўпраўленню) і адказныя за культурнае забеспячэнне кожнай з адміністрацыйных адзінак Мінска. Артыкул выдаткаў тут адзіны — арганізацыя і правядзенне культурна-масавых святаў і акцый. І ўваходзіць ён у бюджэт кожнага гарадскога раёна. Адсюль, адпаведна, спецыфіка нашай дзейнасці ў сталічных умовах: і ўпраўленне, і аддзелы — адна каманда.
— Ужо год, як вы працуеце на пасадзе начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама. Якія высновы зрабілі за гэты час, якія ўрокі вынеслі?
— Літаральна з першага працоўнага дня адчуў неймаверную адказнасць. Планка, якую мы ставілі сабе, і тая, якую ставіць нам дзяржава, — вельмі высокая... Я не выпадкова заўважыў на адной з калегій Міністэрства культуры: Мінск адрозніваецца ад рэгіёнаў Беларусі ў першую чаргу тым, што перыядычна ладзіць на сваёй тэрыторыі асноўныя рэспубліканскія, буйныя гарадскія, міжнародныя акцыі і святы. І ва ўсіх мы бяром самы чынны— і творчы, і фінансавы — удзел. Толькі ў кастрычніку мінулага года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ладзіла сем буйнейшых мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, шэраг з іх — з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Наогул, сярод кастрычніцкіх мерапрыемстваў адзначу 90-годдзе камсамола, Міжнародны фестываль лялечных тэатраў, Міжнародны музычны фестываль Юрыя Башмета, Дзень работнікаў культуры, Дзень маці, спартыўныя акцыі, Дэльфійскія гульні…
Дадам, што ў горадзе цягам года праводзіцца больш за 20 тысяч канцэртаў, святаў, іншых акцый.
Нані Брэгвадзэ не расчаравалася
— Але, напэўна, хапае і іншага клопату? Рамонт і рэканструкцыя матэрыяльнай базы — таксама прэрагатыва ўпраўлення?
— І кадравая палітыка, і фінансавыя пытанні, і будаўніцтва з рэарганізацыяй... Сталіца абавязвае і да бягучай, іншым разам досыць руціннай, работы ставіцца з выключнай адказнасцю... А адносіны паміж гарадскімі творцамі, дзе шмат падводных плыняў, незаўважных для недасведчанага вока! І гэта таксама надта далікатная справа — індывідуальная ўвага да кожнай асобы. Але, пагадзіцеся, ад такіх немалаважных нюансаў залежыць канчатковы вынік нашай працы... Яшчэ адзін момант, які нельга не ўлічваць, — Мінск разрастаецца, у маштабным будаўніцтве ўдзельнічаем і мы. Рэканструкцыі і капітальныя рамонты гарадскіх устаноў культуры — рэч сур’ёзная і планавая...
Словам, займацца культурай у сталіцы — абавязак і адказны, і шматгранны... Але і надзвычай цікавы. Сярод самадзейных і прафесійных артыстаў — багата талентаў, стасункі з якімі прыносяць сапраўднае задавальненне.
— Хто са знакамітасцей уразіў апошнім часам?
— Цяпер даводзіцца шчыльна супрацоўнічаць з Героем Беларусі, Ганаровым грамадзянінам Мінска і сусветна вядомым мастаком Міхаілам Савіцкім (гэтымі днямі, як вы ведаеце, у сталіцы ствараецца ягоны музей). Асоба — незвычайная! Я ўпэўнены, што Міхаіл Андрэевіч — з ліку тых непаўторных творцаў, што наўпрост уплываюць на сусветныя культурныя і мастацкія працэсы. Знаёмства і цеснае супрацоўніцтва з ім таксама абавязвае да многага і застаецца ў памяці як узор самаахвярнага стаўлення да нашай нацыянальнай духоўнай самабытнасці...
Незабыўныя ўражанні— і ад удзельнікаў Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”... Часта згадваю Нані Брэгвадзэ, якая наведала Мінск у Дзень незалежнасці Грузіі. Давялося пагутарыць з ёю пра шляхі адраджэння і развіцця культуры, якімі рушаць нашы краіны. Знакамітая спявачка была ўражана агульнай культурай жыхароў нашай сталіцы, іхняй добразычлівасцю. Яна пажадала зноў завітаць да нас і выступіць з канцэртам, разам з дачкой і іншымі артыстамі... Калі ж паказалі ёй сталічныя ўстановы культуры — Брэгвадзэ была ў захапленні.
Як справы ў замежных калег?
— Ці распаўсюджваецца міжнародны вектар інтарэсаў упраўлення культуры на перайманне карыснага вопыту?
— У нас вельмі шчыльныя стасункі з гарадамі-пабрацімамі. Напрыклад, з Бонам, Сендаем. Апошнім часам наведаў Рыгу.
— У Боне ёсць упраўленне культуры?
— Ёсць, і мы з ім супрацоўнічаем цягам 15 гадоў. Вельмі важным падаецца тое, што некалькі разоў на год рэалізуем сумесныя творчыя праекты: іхнія музыкі прыязджаюць да нас, нашы накіроўваюцца да іх. На сёння мы маем дамоўленасці не толькі па абмене культурнымі дэлегацыямі, але і па абмене вопытам сярод спецыялістаў нашай сферы. Я таксама наведаў Бон, Кёльн, атрымаў ад замежных калег запрашэнне на тое, каб мінскія работнікі культуры пазнаёміліся з тамтэйшай арганізацыяй музейнай справы, перанялі самае лепшае ў тэатралаў, мастакоў. Словам, актыўныя дыпламатычныя стасункі натуральна вядуць да практычных крокаў па ўзаемаўдасканаленні культурнага вопыту.
— Цікава, чым адрозніваюцца структуры ўпраўленняў культуры Мінска і Бона?
— У іх няма такой колькасці падведамасных устаноў. Яны не адказваюць за паказчыкі, рамонт, фінансаванне, але займаюцца арганізацыяй святаў, наладжваюць у гэтым кірунку міжнародныя стасункі. Таму і не сыходзяць захапленне і здзіўленне з іх твараў, калі замежныя калегі бачаць нашы штодзённыя “шматпрофільныя” намаганні, якія, безумоўна, прыносяць плён.
— А што з вопыту замежнікі пераймаюць у нас?
— Іх зацікавілі нашы прафесійныя музыкі, якія заўжды вылучаюцца высокім узроўнем. Дзякуючы таму, што нацыянальныя мастацтвы адрозніваюцца, у стасунках маем невычэрпную крыніцу іх узаемаўзбагачэння... Асабіста мяне найбольш цікавіць укараненне новых тэхналогій у сцэнічным мастацтве, музейнай справе. І пэўныя ідэі ў гэтым кірунку вартыя рэалізацыі і ў мінскай культурнай прасторы.
“Сузор’е” традыцый і творчай рэалізацыі
— Мы неяк аддаём перавагу ў размове прафесійнаму мастацтву, але не менш адмысловае і знакавае ў Мінску і мастацтва самадзейнае, народнае...
— Несумненна. Вельмі шмат самадзейных калектываў (і гэта таксама ўражвае нашых гасцей) дзейнічае пры ўстановах адукацыі, у школах, каледжах, ВНУ. Вельмі моцныя дзіцячыя ансамблі ў школах мастацтваў. Самадзейныя мастацкія калектывы прадпрыемстваў займаюцца народнай творчасцю пры мясцовых прафсаюзных камітэтах. Пэўная частка артыстаў творыць ва ўстановах культуры, якія знаходзяцца ў ведамасным падпарадкаванні заводаў і прадпрыемстваў. Гэта палацы культуры аўтамабільнага, трактарнага заводаў, чыгункі... Мы аказваем калегам метадычную дапамогу, запрашаем іх на нашы мерапрыемствы, фестывалі, конкурсы. Але падпарадкоўваюцца яны сваім прадпрыемствам.
Дарэчы, цяпер доўжыцца гарадскі фестываль-конкурс “Сузор’е”, дзе кожны раён сталіцы прэзентуе творчыя справаздачы. Тут задзейнічаны самадзейныя калектывы горада. А іх у сталіцы больш за 2 тысячы, з іх 1815 — дзіцячыя. 244 калектывы аматарскай мастацкай творчасці з’яўляюцца народнымі і ўзорнымі. Заслужанымі сталі 10 калектываў. Займаецца самадзейнай творчасцю горада наша падраздзяленне — “Мінскканцэрт”, метадысты якога курыруюць вакальна-харавое, харэаграфічнае, прыкладное і тэатральнае мастацтва, займаюцца метадычнай падтрымкай усіх гарадскіх “самадзейшчыкаў”.
Метадычнае забеспячэнне — шматпланавае: выпуск дапаможнікаў, правядзенне майстар-класаў, арганізацыя курсаў павышэння кваліфікацыі.
Першамайскі раён: пазаштатныя пляцоўкі і культасветнікі
— Давайце зробім, Уладзімір Міхайлавіч, віртуальную вандроўку па раёнах Мінска, паспрабуем стварыць гэткую панараму раённай культуры ў межах сталіцы, каб з гэтай мазаікі ў выніку атрымаўся “партрэт” мінскай культуры. Які маршрут абяром?
— Давайце пачнём “шпацыр” з боку, скажам, Уручча. Адпаведна, сустракае нас Першамайскі раён. І перш-наперш — вайсковыя часткі. Пры іх, натуральна, дзейнічаюць і аркестры, і ансамблі, якія заўжды запрашаюцца адміністрацыяй раёна на ўсе ўрачыстасці і святы. Вайскоўцы, дарэчы, надзвычай актыўныя ў культурным забеспячэнні Першамайскага раёна. Яны нават верталёты выкарыстоўваюць для таго, каб у час навагодняга шоу да дзяцей спусціўся па лесвіцы Дзед Мароз.
![]() |
Нацыянальная бібліятэка Беларусі — гонар краіны і Першамайскага раёна. |
Тры школы мастацтваў. ДШМ № 13 нават мае эстраднае аддзяленне. А 9-ая школа — кузня прафесійных кадраў, бо дзейнічае ў ёй вельмі моцнае фартэпіяннае аддзяленне. Менавіта тут ладзяцца гарадскія і рэспубліканскія музычныя конкурсы навучэнцаў. ДШМ №15 славіцца творчай актыўнасцю на ўсіх гарадскіх канцэртных пляцоўках.
Адзін з галоўных і папулярных аб’ектаў культуры не толькі раёна, але і горада — Парк Чалюскінцаў, які падпарадкоўваецца цяпер “Мінскзеленбуду”. Тым не менш, гэта адна з нашых канцэртных пляцовак.
Ёсць на тэрыторыі раёна і невялічкія бібліятэкі, якія ладзяць мноства камерных мерапрыемстваў з удзелам беларускіх пісьменнікаў. У бібліятэцы № 18 нават ёсць свая мастацкая галерэя. Тое ж самае можна зазначыць і наконт культурнай дзейнасці крамы “Акадэмкніга”. Тут прэзентуюцца літаратурныя навінкі, прысутнічаюць пры гэтым аўтары выданняў. А кіраўніка кнігарні Соф’ю Жыбулеўскую мы лічым пазаштатным культасветнікам... У Батанічным садзе таксама няма дэфіцыту на разнастайныя культурныя акцыі. Словам, Першамайскі раён — малады і эстэтычны.
Наталля Каралёва— начальнік аддзела культуры — зусім не навічок у нашай сферы, ведае “кухню” знутры, школу культасветы прайшла напоўніцу, кіравала ў свой час заводскім клубам. Вельмі добразычлівы чалавек з вялікай душой і зайздроснай эрудыцыяй.
Савецкі раён: з імем Ларысы Александроўскай
— У гэтым буйным раёне сталіцы год таму начальнікам аддзела культуры былі вы, Уладзімір Міхайлавіч. У чым галоўная адметнасць Савецкага раёна?
— У наяўнасці буйных устаноў культуры. Гэта Белдзяржфілармонія, кінатэатр “Кастрычнік”, Гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва... Пры правядзенні буйных культурных мерапрыемстваў асноўнай апорай
![]() |
Літаратурны трамвай у Савецкім раёне. |
Вернемся да Купалаўскай бібліятэкі. Тут і выбар кніг вялікі, і спецыялісты высокага кшталту. У невялічкай зале ладзяцца і мастацкія выстаўкі, і творчыя сустрэчы для моладзі, школьнікаў, пенсіянераў, малазабяспечаных людзей. Гэта своеасаблівы цэнтр вольнага часу, які вам дапамогуць правесці цікава і карысна... Дарэчы, камп’ютэрызацыя гарадскіх бібліятэк амаль цалкам завершана.
Яшчэ адзін унікальны аб’ект — старэйшая музычная школа Мінска, якая, натуральна, мае першы парадкавы нумар і носіць імя Ларысы Александроўскай. Неўзабаве пачнём рэканструкцыю будынка, канцэртнай залы ўстановы...
Начальнік аддзела культуры — Сяргей Мядзведзеў: малады, перспектыўны, ініцыятыўны, шмат крэатыўнага ўнёс у работу з моладдзю. Сам цудоўна спявае — лаўрэат міжнародных конкурсаў.
Партызанскі раён: база для арт-праектаў і навацый
— Наколькі ведаю, адметны раён унікальным музеем Азгура?
— Так. Пасля нядаўняга капітальнага рамонту тут зноў мноства наведвальнікаў, у тым ліку і з замежжа, якім цяжка пахваліцца падобнымі музейнымі ўстановамі на сваёй радзіме. Музей працуе ў шчыльным кантакце з сям’ёй знакамітага скульптара.
Музычная школа № 3 таксама адмысловая. Два гады запар яна заносіцца на Дошку гонару адміністрацыі Партызанскага раёна як лепшая ўстанова культуры. Для невялікай школы гэта папраўдзе знакава.
![]() |
У музеі Заіра Азгура. |
Беларускі дзяржаўны цырк... Вясной 2008-га ён быў перададзены нашаму ўпраўленню. Усё гэта адказна, пашанотна, але і клопатна. Пасля рэканструкцыі гэта будзе надзвычай арыгінальны аб’ект. Знешне аблічча цырка не зменіцца, але ўнутранае начынне стане самым сучасным... Для таго, каб мінскі цырк захаваў свой высокі статус аднаго з лепшых, спецыялісты выязджалі ў замежжа, у тым ліку і ў Маскву, наведалі Цырк Юрыя Нікуліна. Так што новыя тэхналогіі будуць выкарыстаны пры рэканструкцыі максімальна. Ля цырка плануецца ўзвядзенне гасцініцы і забаўляльнага комплексу. Разам са Свіслаччу, паркам Горкага ўсе гэтыя новаўвядзенні ўтвораць непаўторную зону адпачынку.
Асаблівасць Партызанскага яшчэ і ў тым, што гэта рабочы раён. Заводская моладзь, людзі сярэдняга веку — завадатары многіх цікавых спраў і мерапрыемстваў. І начальнік аддзела культуры тут — чалавек мудры, з густам, свайго роду мэтр нашай справы... Адным словам, Лілія Сеннікава — адзін з дасведчаных і аўтарытэтных кіраўнікоў раённых аддзелаў сталіцы. На такіх і трымаецца сфера культуры...
Ленінскі раён: палац для аркестра
— Раён гэты, так бы мовіць, тэатральны?
— Калі мець на ўвазе, што дзейнічаюць тут ТЮГ, тэатр лялек і Купалаўскі тэатр, дык, неаспрэчна, можна даць і такую характарыстыку Ленінскаму. Але і музейшчыкі тут не пакрыўджаны: Нацыянальны мастацкі музей — візітоўка раёна і сталіцы наогул.
Колішні Палац культуры камвольнага камбіната пасля перадачы ў падпарадкаванне гарадскога ўпраўлення культуры займеў найменне “Лошыцкі”. Праз час ён мае стаць
![]() |
Свята ў Лошыцкім парку. |
Інакш кажучы, мясцовыя культасветнікі робяць усё для таго, каб спальныя мікрараёны “Лошыца” ды “Серабранка” не засыналі ад суму. Дарэчы, начальнік аддзела культуры Людміла Альхавікова — чалавек далікатны, інтэлігентны, таленавіты, мае досвед працы ў рэгіёнах Беларусі.
Заводскі раён: незвычайны сродак самавыяўлення
— Напэўна, мае сэнс распачаць гаворку пра раён заводскай самадзейнай творчасці? Наколькі яна адметная і “канкурэнтаздольная” ў мінскай прасторы?
![]() |
На “Вясновым кірмашы”. |
Не магу не сказаць і пра колішні тэатр “Дзе-я?”. Думаю, хутка ўбачым пастаноўкі ў новай, адрамантаванай зале: рэканструкцыя тут ужо завершана...
Ірына Шугала ўсё жыццё — у Заводскім раёне, працавала намеснікам дырэктара ў “Золаку”, выступала на сцэне. Вельмі прыгожы, творчы, артыстычны чалавек.
Маскоўскі раён: спеўны, творчы, маладзёжны
— Раён не з маленькіх, Уладзімір Міхайлавіч: распасціраецца ад Плошчы
![]() |
Маскоўскі — раён тэатральны... |
— І на аб’екты культуры недахопу няма. Гэта маладзёжны, спеўны раён. Тэатр эстрады, музычны тэатр, першая харэаграфічная школа. А таксама БДУ, педагагічны і медыцынскі універсітэты, дзе канцэнтруюцца магутныя творчыя студэнцкія калектывы, без якіх не ўявіць культурна-масавых мерапрыемстваў сталіцы.
Я б ахарактарызаваў начальніка мясцовага аддзела культуры Андрэя Бялова як асобу надзвычай крэатыўную. Падыходы ў яго да любой культурнай справы заўжды нестандартныя. Справа ў тым, што калісьці Андрэй Аляксандравіч узначальваў творчы студэнцкі клуб, таму маладзёжная тэма яму вельмі блізкая, зразумелая, урадлівая на творчыя знаходкі...
Цэнтральны раён: сталічная візітоўка
— Цэнтральны, падаецца, цалкам апраўдвае назву: хоць і невялікі па плошчы, але надзвычай насычаны і прамысловымі, і культурнымі аб’ектамі, знакавымі не толькі для сталіцы...
Усё правільна. Менавіта ў Цэнтральным ладзяцца самыя буйныя рэспубліканскія мерапрыемствы, святкуюцца важныя дзяржаўныя даты.
Тут месцяцца Тэатр оперы і балета, Палац Рэспублікі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Палац прафсаюзаў, кінатэатры “Беларусь”, “Масква”, Нацыянальная школа прыгажосці... Няпроста працаваць у гэтым раёне. Культура Цэнтральнага — візітоўка ўсёй сталіцы. Але і аддзел культуры раёна, і творчыя калектывы прадпрыемстваў — заўжды на вышыні.
![]() |
...а Цэнтральны — скульптурны. |
У Нацыянальнай школе прыгажосці, што знаходзіцца ў гарадскім падпарадкаванні, адмысловая сістэма падрыхтоўкі мадэлей. Школа прымае ўдзел у многіх агульнагарадскіх урачыстасцях, акцыях, канцэртах. Безумоўна, аказвае пастаянную падтрымку ў правядзенні конкурсаў “Міс Беларусь”, “Міс Мінск”, ладзіць выстаўкі з удзелам замежных пасольстваў. Карацей, гэта не проста самадастатковы аб’ект культуры, а ледзь не дыпламатычная структура, надзвычай прыгожая візітоўка і сталіцы, і рэспублікі.
Начальнік аддзела культуры Святлана Яцэвіч — спецыяліст з грунтоўнымі ведамі, дасведчаны, стабільны. Іншы, напэўна, і не здолеў бы наладзіць культурную дзейнасць у такім прэстыжным раёне.
Кастрычніцкі раён: практычна прафесійнае аматарства
— Адно толькі тое, што тут месціцца Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, надае раёну, думаецца, непаўторную адметнасць.
— Так, стаўка ў Кастрычніцкім робіцца на паўпрафесійныя і аматарскія калектывы. Але гэта ніякім чынам не ўплывае на якасць мерапрыемстваў!
Універсітэт культуры, каледж мастацтваў, музычная школа № 7 расквецілі палітру культуры раёна яркімі фарбамі самых разнастайных ансамбляў і гуртоў. Натуральна, рэй пры гэтым вядуць моладзь і дзеці. Пагадзіцеся, занятасць нашага маладога пакалення — справы выключнай дзяржаўнай значнасці.
Творчыя калектывы Палаца чыгуначнікаў толькі дадаюць выразнай шматстайнасці ў агульны партрэт культурных шчыраванняў Кастрычніцкага раёна. Менавіта ў гэтым шыкоўным Палацы праходзяць этапы гарадскога фестывалю-конкурсу “Сузор’е”.
Начальнікам аддзела культуры тут — Ларыса Непачаловіч. Адна з найбольш вопытных у галіне. Энергічная, іскрамётная, заўжды гатовая здзіўляць. І гэтая гатоўнасць нязменна раэлізоўваецца ў надзвычай цікавыя культурна-асветніцкія акцыі.
Фрунзенскі раён: фоталетапіс горада
— Быў неяк на Хойніччыне і даведаўся, што сённяшні начальнік аддзела культуры Фрунзенскага раёна сталіцы Ірына Канапелька менавіта ў гэтым раёне Гомельшчыны распачынала сваю працу ў галіне. У Хойніках казалі: маўляў, нават працуючы ў сталіцы заўжды дапамагае роднаму рэгіёну — і маральна, і метадычна...
— Фрунзенскі раён — няпросты. Няма тут вялікіх устаноў культуры, у асноўным гэта бібліятэкі і музычныя школы. Ёсць, натуральна, самадзейныя калектывы пры агульнаадукацыйных школах... Але мясцовы аддзел культуры максімальна выкарыстоўвае творчы патэнцыял раёна для таго, каб задзейнічаць усё і ўся. З цікавых напрацовак ініцыятыўнай Ірыны Сямёнаўны я назваў бы рэгулярныя святы вуліц і двароў, маленькія канцэртныя праграмы ў бібліятэках, музычных школах. Аддзел здолеў ахапіць увесь раён паўнацэнным культурным забеспячэннем, задзейнічаўшы пры гэтым самыя розныя ўзроставыя групы насельніцтва...
Ірына Канапелька — гэта, без перабольшвання, вулкан яркіх ідэй, якія заўжды рэалізоўваюцца. І няхай гэта не маштабныя шоу, а ледзь не камерныя канцэрты, аднак усе яны — цёплыя, шчырыя, глыбока прадуманыя. Выстаўкі, творчыя справаздачы, канцэрты пастаянна чаргуюцца з выпускам друкаванай прадукцыі, лакальнымі святамі. Нават адкрыццё мемарыяльных дошак у раёне ператвараецца ў незабыўную падзею. А чаго варты выпуск паштовак “Мінск у творчасці жыхароў Фрунзенскага раёна”, дзе ў адно сабраны фотаработы і вершы самадзейных літаратараў!
І яшчэ адзін яркі нюанс, які адлюстроўвае стан культурных спраў у Фрунзенскім раёне: кінатэатр “Сучаснік” пераўтвараецца ў Дом культуры. І ў Ірыны Сямёнаўны з’явіцца больш магчымасцей для творчай самарэалізацыі.
***
Падаецца, апошні факт сімвалічны і самім пераўтварэннем, і назвай аб’екта: нават колішні “Сучаснік” мадэрнізуецца, каб стаць найноўшым аб’ектам сталічнай культуры. Адсюль і той факт, што “партрэт” сталічнай культуры завершыць старонкі кнігі “Найноўшая спадчына Новай Зямлі (Беларусь культурная: падарожжа ў тысячу дзён)”, створанай на аснове матэрыялаў рубрыкі “Культасветработа: ракурс адказнасці”.
Што ж, галерэя дасягненняў і неацэннага вопыту раённай культуры завершана. Наперадзе — аналітыка і даследаванні, так бы мовіць, углыб спецыфікі названай сферы. Таму заставайцеся на старонках “К” у 2009-м і чытайце матэрыялы новай рубрыкі з дыяпазонам тэм, прысвечаных роднай зямлі і людзям, якія жывуць, працуюць і ствараюць на ёй!
Яўген РАГІН