Хто воз на страху “завёз”?

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

На Каляды і Новы год на беларускім Палессі людзі варажылі, каб зразумець, што іх чакае ў наступным годзе, да чаго рыхтавацца, на што спадзявацца, ці будуць добрыя ўраджай і надвор’е. Ладзіліся таксама розныя забаўкі, ігрышчы. Запісаным пад час экспедыцый па зборы дыялектнай лексікі дзеліцца пінскі аўтар “К”.

“На шчодруху вычваралі. Было, што песком стэжку од старого чоловіка, вдовца, до старэй бабы, вдовіцы, высыпалі. Было, што поштового яшчыка одорвуть. Было, што на страху што-небудь закідалі. Одному дык і воза туды засунулі. Во як”, — распавялі мне ў Драгічынскім раёне.
Гэтыя дні поўніліся здавён і песнямі. Спявалі найчасцей жартоўныя, але абавязкова згадваліся і просьбы да Бога, да Божай Маці, каб у наступным годзе жыццё было лепшым, чым сёлета.
Многія калядна-навагоднія абрады на Палессі звязаны з хлебам ці зернем. Менавіта гэтыя традыцыі ў найвышэйшай ступені сакралізаваны, акружаны шматлікімі забаронамі і рэкамендацыямі. Сфера функцыянавання хлеба ў побыце, а таксама ў абрадавай паэзіі беларусаў-палешукоў вельмі шырокая. Хлеб быў неабходным атрыбутам разнастайных каляндарных абрадаў.
Прыкладам, пад Новы год вечарам наразаюць хлеб на наступны дзень — каб не рэзаць рукі і ногі на працягу года. У час вячэры ядуць хлеб, стараючыся не рабіць крошак: інакш не будуць весціся авечкі. На Каляды сыплюць збожжа на стол з той мэтай, каб быў ураджай на хлеб. Гэтак мяркуюць старажылы ў вёсках Івацэвіцкага раёна.
З дапамогай хлеба праводзілі рытуалы, каб уздзейнічаць на будучы ўраджай (у сувязі з верай у апладняльную сілу прадметаў, якімі б’юць аб дрэва, кладуць на галінкі), як, напрыклад, на Драгічыншчыне: “На Богаты вэчор пэкуть пірогі. Тым пірогом прыдэмо ўжэ, до яблоні прыйдэш, сметечко цэ ужэ покідаеш, а з тым пірогом ужэ подвязывають яблоні пэревясламі. Пірог на руках, в кожну яблоню стукнэш пірогом, шчоб роділа”.
Хлеб выкарыстоўваўся як важны элемент не толькі ў розных культавых абрадах ды дзеяннях, але і ў варожбах пра будучае замужжа, пра тое, які лёс чакае будучых мужа і жонку.
На Піншчыне з хлеба скатвалі шарыкі, а дзяўчаты, як гадаюць, кідаюць іх сабе за спіну: куды трапіла — адтуль і жаніх будзе. На Ганцавіччыне кралі скарынку хлеба, тры разы кусалі ды клалі пад галаву, кажучы: “Хто прыйдзе хлеб доедаць — з тым буду век коротаць”. Жанчына, што распавяла пра гэтую варажбу сваёй нявесткі, дадала: “Тоды раніцою прыйшоў мой сын (у арміі быў) і з’еў той хлеб”.
Тэксты, запісаныя пад час уласных дыялекталагічных экспедыцый па тэрыторыі беларускага Палесся, сведчаць: калядныя і навагоднія традыцыі дасюль жывуць у народзе.
Хоць, бадай, цяпер забабоны і прымхі нашых продкаў часцяком успрымаюцца маладым пакаленнем з усмешкай…
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
Пінск