“Флэшбэк” даўжынёй у стагоддзе

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

“Flashback”, або “Flashing back”, літаральна абазначае зварот у мінулае. Кожны тыдзень, пачынаючы з сакавіка, гледачы АНТ бачаць на экране своеасаблівую “версію” славутай інфармацыйнай праграмы “Час” з застаўкай, адпаведна аформленай студыяй і дыктарам. Гэткі рэтраспектыўны кадр — частка стылістыкі і драматургічнага ходу тэлецыкла дакументальных фільмаў “Зваротны адлік”, створанага ў майстэрні Уладзіміра Бокуна. З’яўленне праграмы стала нешараговай з’явай у айчынным тэлемастацтве. І не толькі таму, што ўпершыню ўзняты, вобразна ды маштабна пададзены і асэнсаваны разнастайны гістарычны матэрыял. “Зваротны адлік” арганічна выявіў здольнасць аўтараў фільмаў спалучыць традыцыі класічнага неігравога кінатэлемастацтва з канцэптуальным гістарычным падыходам у візуальнай падачы падзей мінулага.

Знайсці ў мадэлі новы модуль
Размову пра з’яўленне гэтай работы неабходна весці ў кантэксце сучаснай экраннай культуры. Мадэль гістарычнага тэлефільма-даследавання — адна з самых распаўсюджаных на сусветным тэлебачанні. Яе стваральнік — славуты англійскі рэжысёр Лоурэнс Рыіс. Менавіта дзякуючы яго намаганням неігравыя тэлефільмы на вядучых сусветных каналах сталі папулярнымі. Яны не толькі маюць высокі глядацкі рэйтынг, але і выступаюць узорам для з’яўлення адной з самых распаўсюджаных жанрава-тэматычных мадэлей.
Так здарылася, што часцей за ўсё калькуецца фармальны бок, і так званыя фільмы-даследаванні, створаныя па жорсткай схеме тэлефармату, нагадваюць своеасаблівыя “клоны” і адрозніваюцца толькі з пункта гледжання вербальнай інфармацыі. Падаецца, што модуль такіх работ — вядомае правіла: “Ад перастаноўкі складнікаў сума не змяняецца”. Пры ўмове, што пад “сумай” мы разумеем цэласнасць спалучэння інфармацыі і мастацтва.
 /i/content/pi/cult/190/2071/Telepraekt.jpg
Гістарычная праўда, прапушчаная праз эмацыянальныя перажыванні чалавека, узнаўленне традыцый аўтарскага фільма адрозніваюць беларускі тэлецыкл ад папярэдніх работ, створаных у падобным жанрава-тэматычным напрамку. На першы погляд, у ім ёсць той саамы жорсткі драматургічны каркас. Нязменнымі застаюцца і кадры-імітацыі праграмы “Час” з пастаянным вядучым цыкла — акцёрам Аляксандрам Суцкаверам. Такі драматургічны прыём дазволіў аўтарам арганічна і неназойліва стварыць адпаведны гістарычны фон. Пастаянным застаецца і метад гістарычнага даследавання ў структуры фільмаў.
Але пры гэтым кожная работа цыкла адрозніваецца тэмай і яе мастацкім вырашэннем. Гістарычны час фільмаў ахоплівае падзеі ад канца XIX стагоддзя (Першыя Алімпійскія гульні 1896 у фільме “Гульні няздзейсненых надзей”) да пачатку 80-х ХХ-га (1984 год у стужцы “Масква — Лос-Анджэлес. Гульні палітыкаў”).
Фільмы цыкла аб’ядноўвае агульны напрамак — выявіць, як айчынная гісторыя мінулага стагоддзя адбілася на лёсах выхадцаў з Беларусі. Яны ўсе, пачынаючы ад рэпарцёра на Першых Алімпійскіх гульнях Зыгмунта Дамейкі, былі не толькі ўдзельнікамі розных гістарычных падзей. Большасцьз герояў можна назваць ахвярамі часу. Таму не дзіва, што адна з першых работ цыкла пад назвай “Час герояў” і была прысвечана трагічнаму лёсу Івана Кулакова, члену экіпажа падводнай лодкі “К-19”. Стужка стала даследаваннем стойкасці чалавека, яго годнасці і мужнасці.
Псіхалагічны паядынак і аб’ектыўныя сенсацыі
Аўтары фільмаў адмовіліся ад моднага “чарнушнага” напрамку ў асвятленні падзей. Адкрыццё “белых плям” гісторыі, нават калі яны датычаць, здавалася б, вядомага, адбывалася вертыкальна, з пагружэннем у іншыя, у тым ліку гуманістычныя і псіхалагічныя пласты. Так, фільмы “Спіс Гімлера” і “Праведнікі. Паміж пеклам і раем”, прысвечаныя тэме Халакосту, не толькі пра тое, як забівалі: вуснамі сваіх герояў стужкі нам расказваюць рэальныя гісторыі, як беларусы ратавалі, ахвяруючы сваім уласным жыццём, яўрэяў.
Цыкл раскрывае “белыя плямы” гісторыі — падзеі амаль невядомыя шырокаму колу гледачоў. Прыкладам, стужка “Монтэ-Касіна. Доўгі шлях дадому” распавядае пра трагічны лёс салдат-беларусаў, якія ваявалі ў арміі Андэрса. Фільм “Смаргонь. Забыты фронт” прысвечаны часам Першай сусветнай вайны, а падзеі ў ім раскрыты праз асобу мастака Барыса Цітовіча і яго дзейнасць па ўшанаванні памяці ўдзельнікаў і ахвяр баёў у тыя гады. Зрэшты, гуманістычны ракурс без пафасу і красамоўства — адзін з самых моцных бакоў кінацыкла.
Кола тэм, закранутае ў “Зваротным адліку”, увогуле даволі шырокае. Адсюль — і спосабы іх экраннага вырашэння: трагедыя, псіхалагічны паядынак, гістарычны анекдот.
Іншым разам усё гэта пераплятаецца, як у фільмах “Людзі на балоце. Палеская утопія” і “Ліст з мінулага”. Першая карціна расказвае пра тое, як у 1920-я энтузіясты стварылі на Палессі, на балоце, камуну імя Беларускай вайсковай акругі. Задума расказаць пра гэтую падзею з’явілася ва Уладзіміра Бокуна яшчэ ў 1969-м пасля знаёмства з ініцыятарам стварэння калектыву, неверагодна харызматычным Эмануілам Морыным. Некалькі гадоў доўжыўся збор рэдкага матэрыялу. Стужку “Ліст з мінулага” можна было б аднесці да постмадэрнісцкага напрамку, калі б гісторыя з падарункам Сталіну ад беларусаў (гаворка пра “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну”) не перарасла ў трагедыю. Дынамічная інтрыга, нештампаваны погляд на гісторыю — таксама адметныя якасці цыкла. Напрыклад, фільм, прысвечаны 90-годдзю абвяшчэння БССР, выбудаваны на інтрызе, звязанай з маніфестам, падпісаным Зміцерам Жылуновічам.

 /i/content/pi/cult/190/2071/Telepraekt2.jpg
У стужках, прысвечаных тэме рэпрэсій, аўтары імкнуліся дасягнуць супадзення гістарычнай праўды і сучаснага асэнсавання лёсаў ахвяр. Пасля хвалі “выкрывальніцкіх” стужак і перадач на гэтую тэму “Зваротны адлік” вылучаецца сапраўднай грунтоўнасцю і займальнасцю без налёту імгненнай сенсацыі. Зараз вядзецца праца над новай стужкай рэжысёра Андрэя Лескіна — “Лепельская справа”, якая распавядае пра сапраўды сенсацыйную падзею (пад сенсацыяй маю на ўвазе адкрыццё тэмы): першы перапіс насельніцтва 1936 года, з якога і пачалася хваля рэпрэсій на Беларусі.
Тэмпарытм і драматургія факта
І яшчэ. Слова пра тых, хто сцвердзіў на праекце “Зваротны адлік” магчымасць вобразнага існавання ў сучасным, даволі жорсткім фармаце. Тут неабходна згадаць, што мастацкі кіраўнік цыкла, а па сутнасці — яго ідэйны, крэатыўны лідэр Уладзімір Бокун ужо ўвайшоў у гісторыю айчыннай тэледакументалістыкі сваімі аўтарскімі работамі на Беларускім тэлебачанні. Цікава, што Бокун, які сёння аддае перавагу фарматным работам, здымаў карціны, створаныя ў арыгінальнай стылістыцы, — ад паэтычнага партрэта касманаўта Пятра Клімука “Адной зоркі я паўтараю імя” да філасофска-вобразнага асэнсавання лёсаў: “Імша па Купале”, “Калі Віцебск быў Парыжам”, “Справа Ігнатоўскага”. Бокун належыць да таго пакалення тэлерэжысуры, чые прадстаўнікі глыбока ведаюць прафесію ў кантэксце нацыянальнай і еўрапейскай культуры. Падаецца, што менавіта таму ён згуртаваў такую таленавітую группу аўтараў.
Сярод рэжысёраў, якія пастаянна працуюць на праекце, самы вядомы — Уладзімір Арлоў з яго ўменнем падаваць на дакументальным экране лёсы дзеячаў айчыннага мастацтва (фільмы “Эдзі Рознер”, “Рэпатрыяцыя. Дым Айчыны”, “Песняры”. Беларускі цуд”). Людмілу Клянцову і дагэтуль ведалі на тэлебачанні як прафесіянала. Але менавіта тут, думаецца, у яе з’явілася магчымасць да сапраўднага творчага раскрыцця. Работы Клянцовай вылучаюць сінтэз грунтоўнасці і эмацыянальнасці, уменне працаваць з хранікальным матэрыялам (“К-19. Час герояў”, “Смаргонь. Забыты фронт”). Маргарыта
 /i/content/pi/cult/190/2071/Telepraekt3.jpg
Рачкалава выявіла здольнасць асэнсоўваць мінулае з удалым спалучэннем гумару і спачування да сваіх герояў (“Ліст з мінулага”, “Архіпелаг “Будлаг”). Па прызнанні Уладзіміра Бокуна, сваю прафесійную перспектыўнасць выдатна прадэманстравалі Андрэй Лескін (“Спіс Гімлера”), Аляксей Раковіч (“У верасні 1939 года”, “Людзі на балоце. Палеская утопія”, “Монтэ-Касіна. Доўгі шлях дадому”, “Праведнікі. Паміж пеклам і раем”).
Гэты прафесіяналізм — у кіраванні галоўным пастулатам майстэрні Бокуна: валоданнем сродкамі выразнасці дакументальнага кінематографа. Глядач не будзе ўспрымаць насычаны інфармацыйны паток без выбудаванай драматургіі факта, тэмпарытму, без эмацыянальнага ўзрушэння.
Інтанацыі “...адліку”
Чалавекам, які пастаянна ўдзельнічае ў фільмах, з’яўляецца, як адзначалася, вядучы — акцёр Аляксандр Суцкавер. Менавіта яго творчая індывідуальнасць стала адным з галоўных складнікаў поспеху фільма. Ён, падаецца, не толькі адышоў ад уласнага амплуа, але і зламаў канон вядучага, які або бесстаронна “мармыча” тэкст з экрана, або пужае гледача тужлівай інтанацыяй.
На праекце сабраны цікавы калектыў сцэнарыстаў (Таццяна Сухоцкая, Мар’яна Вашчула, Марына Бяржацкая, Барыс Герстан) і прафесіяналаў-кансультантаў (вядомыя гісторыкі Віталь Скалабан, Анатоль Вялікі, Ірына Раманава, Вячаслаў Сялеменеў). Адсюль — глыбокае раскрыццё тэмы і рэалізацыі вербальнага боку, які для тэлепраекта з’яўляецца адным з галоўных.
І тут узнікае пытанне, звязанае з развіццём беларускага кінематографа наогул, мастацкага ў тым ліку. Недахоп сцэнарыяў і арыгінальных ідэй заўсёды быў адной з яго галоўных хранічных бед. “Зваротны адлік” выявіў багацце драматургічнага тэматычнага патэнцыялу. Аказваецца, славуты “экшн” можна сказаць, “хаваецца” побач, на роднай зямлі, у яе ўласнай гісторыі. Патрэбна толькі жаданне, каб яго выявіць і паднесці гледачу. Гэта зрабіла каманда майстэрні Уладзіміра Бокуна. На сёння відавочна: “Зваротны адлік” — іх лепшы праект. Значны ён і для АНТ, які паказвае гэты культуралагічны феномен, які, падаецца, можа паспаборнічаць за ўзнагароды прэстыжных тэлепрэмій.

Галіна ШУР
На здымках: фрагменты з
фільмаў цыкла “Зваротны
адлік” і моманты здымак.