Аб пенсійным страхаванні артыстаў

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

1 студзеня 2009 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прафесійным пенсійным страхаванні” (далей — Закон). У адпаведнасці з указаным Законам катэгорыі работнікаў, якія маюць права на прафесійную пенсію, падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню.

Артыкулам 11 Закону вызначаны асобы, якія маюць права на датэрміновую прафесійную пенсію, у ліку якіх асобныя катэгорыі артыстаў тэатраў і іншых тэатральна-відовішчных арганізацый, а таксама калектываў мастацкай творчасці пры прафесійным стажы не менш за 20, 25 альбо 30 гадоў (у залежнасці ад характару творчай дзейнасці).
Пералік катэгорый артыстаў тэатраў і іншых тэатральна-відовішчных арганізацый, калектываў мастацкай творчасці для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2008 г. № 1490 “Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання” (далей — пастанова № 1490).
У адпаведнасці з указаным пералікам права на прафесійную пенсію раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 15 гадоў маюць артысты балета, некаторыя артысты цырка, артысты-выканаўцы танцавальных нумароў у прафесійных калектывах мастацкай творчасці, артысты, якія выконваюць ролі хлопчыкаў, падлеткаў, дзяўчынак, артысткі, якія граюць на духавых інструментах, салісткі тэатраў оперы і балета, музычных, музычна-драматычных тэатраў, канцэртных арганізацый, прафесійных калектываў мастацкай творчасці, тэлерадыёарганізацый.
Права на прафесійную пенсію раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 10 гадоў маюць салісты тэатраў оперы і балета, музычных, музычна-драматычных тэатраў, канцэртных арганізацый, прафесійных калектываў мастацкай творчасці, тэлерадыёарганізацый, каскадзёры, артысты прафесійных харавых калектываў, якія выконваюць сольныя партыі, артысты, што граюць на духавых інструментах у прафесійных калектывах мастацкай творчасці, артысты тэатраў лялек і юнага гледача.
Артысты хору прафесійных калектываў мастацкай творчасці маюць права на прафесійную пенсію раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзростуна 5 гадоў.
Пастановай № 1490 вызначаны крытэрыі ацэнкі ўмоў працы для артыстаў тэатраў і іншых тэатральна-відовішчных арганізацый, калектываў мастацкай творчасці для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання.
Такімі крытэрыямі з’яўляюцца:
занятасць на працягу поўнага працоўнага дня (у межах яго працягласці, устаноўленай заканадаўствам);
занятасць на адпаведных пасадах не меней чым на поўную стаўку;
выкананне норм занятасці прафесійнай творчай дзейнасці (удзел у выступленнях), устаноўленых наймальнікам у парадку, вызначаным заканадаўствам;
для артыстаў цырка з ліку дрэсіроўшчыкаў драпежных звяроў — непасрэдная занятасць з драпежнікамі і паўзунамі, што адносяцца да ліку небяспечных жывёл.
Варта звярнуць увагу, што страхавальнікам пры прафесійным пенсійным страхаванні з’яўляецца працадаўца з ліку юрыдычных асоб, іх прадстаўніцтваў, філіялаў, што прадастаўляе работу ў асаблівых умовах працы па працоўных дагаворах. Страхавальнік павінен выплачваць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь узносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне.
Тарыфы ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне, дыферэнцыраваныя ў залежнасці ад катэгорыі работнікаў, што падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню, а таксама парадак выплаты такіх узносаў устанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Парадак падліку прафесійнага стажу для вызначэння права на датэрміновую прафесійную пенсію зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2008 г. № 1488.
Падлік прафесійнага стажу застрахаванай асобы праводзіцца Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на аснове даных страхавальніка (страхавальнікаў) аб перыядах работы гэтай застрахаванай асобы ў асаблівых умовах працы, за якія выплачаны ўзносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне, шляхам падсумоўвання іх працягласці з узрастаючым вынікам. Пры гэтым кожныя 30 дзён прафесійнага стажу прымаюцца за поўны месяц, кожныя 12 месяцаў — за поўны год.
Пры падліку прафесійнага стажу застрахаванайасобы на розных пасадах, прадугледжаных Пералікам катэгорый артыстаў тэатраў і іншых тэатральна-відовішчных арганізацый, калектываў мастацкай творчасці для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання, адбываецца ўзаемны залік перыядаў работы на гэтых пасадах.

Алена ВЕШТАРТ,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь



Паважаныя чытачы!
Калі ў вас маюцца пытанні, звязаныя з “юрыдычнымі тонкасцямі” ў галіне культуры, накіроўвайце іх на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або на электронную скрыню: kultura@tut.by .