Неад’емны складнік творчасці

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры і вольнага часу добра ведаюць не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за межамі краіны. Цягам дзесяці гадоў свайго існавання ён папулярызуе нацыянальную песенную творчасць, дэманструе напаўзабытыя ўзоры ткацтва і народнай творчасці і дорыць сваім слухачам магчымасць дакрануцца да скарбніцы беларускага народнага мастацтва. На пытанні карэспандэнта “К” адказала мастацкі кіраўнік “Гасцінца” Лізавета ПЯТРОЎСКАЯ.

 /i/content/pi/cult/190/2067/Neadjemny.jpg
— Гастрольны графік “Гасцінца” насамрэч уражвае…
— Так, мы шмат удзельнічаем у фестывалях, выязджаем у складзе вялікіх канцэртаў за мяжу, дэманструем сольныя праграмы, ды і на родны Валожынскі раён не забываемся. Толькі за апошні час правялі некалькі каляндарных праграм у Ракаве, пабывалі на рэгіянальным фестывалі “Памежжа”, удзельнічалі ў раённых і абласных “Дажынках”, святкаванні юбілею Мінскай вобласці, ладзілі “Купалле” ў Маскве. А на Міжнародным фестывалі народнай творчасці ў Мурманску не толькі расказалі аб Беларусі, але і прывезлі дадому Гран-пры!
Калектыву запомнілася і паездка ў рамках культурнага абмену ў Германію. Для немцаў беларускі фальклор — незнаёмы культурны пласт. Яны з захапленнем слухалі каляндарныя, пасляабрадавыя і абрадавыя песні, распытвалі аб семантыцы арнаментаў на касцюмах.
Я рада, што з нашай дапамогай дзесяткі іншамоўных людзей змаглі далучыцца да жыватворнай крыніцы беларускай культуры.
— Ці займаюцца ўдзельнікі калектыву этнаграфічнай працай?
— Мы не ставілі гэтае патрабаванне да людзей, аднак само жыццё выводзіць нас да падобных пошукаў. У першую чаргу мы імкнёмся выконваць музычны і харэаграфічны матэрыял, уласцівы нашаму рэгіёну, таму часцяком адпраўляемся ў экспедыцыі па дамах старажылаў, занатоўваем цікавыя звесткі, тэксты. Нічога з тога скарбу не прападае, бо, каб канцэрт быў цікавым, уключаю ў праграму кампазіцыі рознай жанравай накіраванасці: балады, жартоўныя песні, абрадавыя напевы.
Вылучаецца наш калектыў і тым, што мы максімальна набліжаем сцэнічныя касцюмы да аўтэнтычных строяў. Прычым не толькі нашага строю, але і тых мясцовасцей, дзе часта выступаем, прыкладам, кобрынскага, маларыцкага, ваўкавыскага, камянецкага, калінкавіцкага, краснапольскага. Такім чынам, мы распавядаем гледачам і гісторыю адзення, якое насілі іх продкі. Спярша на даматканыя тканіны самі наносілі вышыўку, цяпер заказваем у спецыяльнай майстэрні, але абавязкова па рэканструяваных эскізах. Сястра Крысціна навучылася ткаць паясы па старадаўнім узоры, зараз перадае сваё майстэрства ахвотным.
— Такі багаты досвед шкада страчваць. Ці перадаяце яго моладзі?
— Так, сем гадоў таму мы заснавалі дзіцячы калектыў-спадарожнік “Вянок”, які сёння ўжо носіць званне ўзорнага. Ён двойчы ўдзельнічаў і ў значных фестывалях, і кожны раз прывозіў на Валожыншчыну ўзнагароды: Першае месца — на Рэспубліканскім фестывалі традыцыйнай культуры “Берагіня” і Гран-пры — на леташнім фестывалі “Напеў зямлі маёй”. Дзеці на занятках спасцігаюць і спецыфіку народных спеваў, і сакрэты традыцыйных рамёстваў: саломкі, выцінанкі, керамікі, вышыўкі. Я ганаруся, што нашы дзеці ўсебакова вывучаюць спадчыну дзядоў.
— Якія пачуцці выклікалі ў вас звесткі пра атрыманне “Гасцінцам” спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва?
— Узрасло пачуццё адказнасці перад слухачом. Ужо тое, што “Гасцінец” вылучылі на ганаровую прэмію, прымусіла нас больш строга падысці да якасці працы. А сама ўзнагарода стала лепшым стымулам заняцца пашырэннем творчай дзейнасці. Дзякуючы перамозе мы зможам закупіць новы камплект сцэнічных касцюмаў і абутку, бо пры нашай актыўнай дзейнасці ўсё гэта хутка знашваецца. Неабходна нам і сезоннае адзенне, бо ўзімку цяжка выступаць на вуліцы без валёнкаў ды цёплых світак. Зможам ажыццявіць даўнюю мару: набыць цымбалы, бо сёння мы бяром іх у музычнай школе. Калектыў пашырыўся — зараз удзельнічае больш за 15 чалавек, таму спадзяёмся набыць якасныя мікрафоны.
Але я адчула гонар нават не столькі за калектыў, колькі за тое, што дзяржавай падтрымліваецца народная творчасць. На мой погляд, праца фалькларыста — адна з самых цяжкіх, паколькі фалькларыст павінен мець глыбокія веды матэрыялу, здолець адрозніць нюансы выкананняў кожным куточку, адрадзіць тыя традыцыі, што схаваліся ад сучаснікаў за заслонай часу і паказаць гэта ўсё ў такім свеце, каб новае пакаленне ўспрыняло этнаграфічную спадчыну неад’емным складнікам свайго сучаснага жыцця.

Настасся ПАНКРАТАВА