Вядучая школа з маштабным характарам

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Уганараванне Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за выхаванне творчай моладзі каменціруе галоўны спецыяліст аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама Іна Ахраменка: “Школа гэтая — вядучая ў раёне, сапраўдны наш гонар і бліскучы ўзор для іншых устаноў у справе выяўлення і развіцця юных талентаў. Сярод больш чым 400 сённяшніх выхаванцаў Дзяржынскай ДШМ — 12 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Досыць пераканаўчы доказ таго, што ўстанова плённа працуе ў напрамку развіцця культурна-асветніцкай і педагагічнай дзейнасці, творчага досведу”.

 /i/content/pi/cult/190/2066/Vyaduchaja.jpg
Пра мінуўшчыну, яву і перспектывы Дзяржынскай ДШМ распавядае “К” дырэктар установы Анатоль ГІРЭЛЬ:
— У маі гэтага года школе — 50 гадоў. Ад 60 да 70 выпускнікоў штогод — даволі ўнушальны паказчык для навучальнай установы раённага маштабу. Лічу, што ў нас вельмі магутны педагагічны склад. Удзел нашых выхаванцаў у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах даўно стаў трывалай традыцыяй. Яшчэ адна, не менш брэндавая, характарыстыка школы — наяўнасць шасці ўзорных і народных ансамбляў, у тым ліку Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Пастараль”, які выконвае беларускую старадаўнюю музыку... Уяўляеце, якімі маштабнымі і прадстаўнічымі абяцаюць быць юбілейныя ўрачыстасці?!
— Наколькі ведаю, Анатоль Уладзіміравіч, школай вы кіруеце вось ужо тры дзесяткі гадоў, у свой час скончылі наш Інстытут культуры, па адукацыі — музыкант-духавік... Музычнае аддзяленне ДШМ — самае блізкае па духу?
— Безумоўна, тут ёсць унікальныя дзеці. Адна толькі цымбалістка Віка Смірнова чаго вартая! Неаднаразовая пераможца рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, а летась стала лаўрэатам і міжнароднага, што ладзіўся ў Харкаве... Але як кіраўнік школы не стаў бы, натуральна, вылучаць нейкае адно аддзяленне. Усе яны, на мой погляд, паўнавартасныя творчыя калектывы, дзе выкладчыкі і навучэнцы — саюзнікі і аднадумцы... Харэаграфічнае аддзяленне, дзе 74 вучні, узначальвае, напрыклад, вельмі вопытная спецыялістка Галіна Пятроўна Пак. А педагогі-харэографы з поспехам удзельнічалі ў міжнародных конкурсах у Беларусі, Расіі, Украіне, Літве, Турцыі... Аддзяленне выяўленчага мастацтва дзейнічае з 1986 года. З дванаццаці сённяшніх стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — 9 юных мастакоў. Аня Лабановіч стала ўладальніцай Гран-пры гэтага фонду. Творы нашых выхаванцаў можна сустрэць у прыватных калекцыях Германіі, Югаславіі, Галандыі, Польшчы, ЗША, у пасольствах і ў калекцыянераў Мінска і Санкт-Пецярбурга. Дадам, што выкладчыкі аддзялення выяўленчага мастацтва — уганараваныя міжнароднымі ўзнагародамі творцы: графік-плакатыст Уладзімір Шчэрбін і архітэктар Наталля Ермаловіч.
— Школа месціцца ва ўтульным, але невялічкім будынку колішняга гаркама партыі... Пашырацца не збіраецеся?
— Не хапае плошчаў для паўнацэннага харэаграфічнага класа. Грошы для гэтага выдаткаваны. Вельмі хацелася б адкрыць і тэатральнае аддзяленне. Так што перспектывы цалкам канкрэтныя. Пастараемся іх рэалізаваць.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
На здымку: Заслужаны аматарскі калектыў
старажытнай музыкі “Пастараль”
выкладчыкаў Дзяржынскай ДШМ.