Пашырыць кругагляд у рытме сальсы

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву студыі сучаснага бальнага танца “Мара” Лідзія КАЦ-ЛАЗАРАВА літаральна праз пару дзён пасля святкавання Новага года дасканаліла з вучнямі новыя рухі для танцаў. За шматлікія перамогі працавіты калектыў быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Аматарская мастацкая творчасць”. Карэспандэнт “К” завітаў да Лідзіі Пятроўны, каб даведацца, чым жыве “Мара” сёння.

 /i/content/pi/cult/190/2065/Salsa.jpg
— Як вы лічыце, якімі якасцямі павінен валодаць лідэр, каб вывесці калектыў на арбіту поспеху?
— Трэба любіць тое, што робіш, тых, з кім гэта робіш, любіць тое, на што спадзяешся. Прырода ўзнагародзіла мяне такім пачуццём: я люблю жыццё, кожнае яго імгненне. Для дасягнення добрых вынікаў вялікай каманды трэба шмат любові, памкненняў, старанняў, і ў мяне іх, на шчасце, хапае. Але прэмія — гэта гонар не толькі клуба, але і адміністрацыі Палаца культуры МТЗ, нашага раёна, горада, Федэрацыі танцавальнага спорту, нават журналістаў. Увогуле ўсіх, хто робіць унёсак у папулярызацыю танца.
— І роля “Мары” ў гэтым—немалая...
— Вельмі важнымі я лічу нашы выступленні на канцэртах, якія праходзяць у Палацы Рэспублікі пад час галоўных святаў краіны. Таксама сур’ёзна ставімся да спартыўных вынікаў: мы дасягнулі перамог, якія можна назваць вынікам года.
На Чэмпіянаце свету па еўрапейскай праграме ў Малдове ў верасні наша пара заняла 6 месца, а на Чэмпіянаце свету па лацінаамерыканскіх танцах у лістападзе ў Аўстрыі—8-е. Але больш важнымі перамогамі мне падаюцца перамогі, так бы мовіць, для сябе. Калі людзі могуць выканаць тыя рухі, на якія раней не былі здатныя, паказаць гледачам сваю прыгажосць, прыцягнуць і захапіць іншага, усталяваць цесныя ўзаемаадносіны ў пары, каб быў сапраўдны кантакт. Калі яны раскрываюць адно ў адным асабістыя якасці.
— Сёння “Мара” — гэта...
— Па-першае, мы запрашаем да сябе людзей спасцігнуць азы танца і адчуць яго прыгажосць. Наша сістэма — масавая, яе можна потым выкарыстаць у сябе дома, на святах, на танцавальнай пляцоўцы. Неабходна, каб чалавек ведаў, што такое танга, што такое сальса, таму наша дзейнасць неабходна для пашырэння кругагляду. Другі кірунак— для самаўдасканалення, дасягнуўшы якога, можна падарыць часцінку свайго ўмення іншым людзям— на канцэртах. Трэці накірунак — самы складаны: калі прымаецца рашэнне выступаць на спаборніцтвах, жаданне дасягаць канкрэтных вынікаў.
— Ці шмат людзей праходзяць гэтыя тры ступені?
— Першая ступень прыцягвае, другая захапляе, а трэцяя патрэбна, каб даказаць, на што ты здатны. Не ўсе вытрымліваюць. Сёння ты можаш быць першым, а заўтра — апошнім. Быць у добрай творчай форме — вельмі складана. Патрэбна своечасова задаць сабе пытанне: што ты можаш, а што — не пад сілу. Беларускі дзяржаўны універсітэт фізкультуры і спорту ды Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў ужо маюць спецыяльнасць “спартыўныя танцы”, і я думаю, што з цягам часу яны “абрастуць” навуковай базай, дзе будуць сур’ёзныя работы. Патрэбна вызначыць праблемы фізіялогіі, псіхалогіі з пункта погляду спорту і мастацтва.
Мне вельмі хацелася б, каб кожная з трох ступеней была паўнацэнна развіта. А з асабістых жаданняў — каб гэты від спорту ішоў у масы і быў больш даступны для гледачоў!
Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Фота Юрыя ІВАНОВА