“Калядоўшчыкі” ў Карэі

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Артысты Беларускага балета, паводле традыцыі, ездзілі “калядаваць” у Карэю: не з казой, а са сваімі фірмовымі “лялькамі” — персанажамі балета “Шчаўкунок”. Ды так паспяхова, што акрамя 20-ці запланаваных спектакляў іх папрасілі правесці некалькі дадатковых. Вядучыя музычныя крытыкі прызналі пастаноўку В.Елізар’ева лепшай з тых, што калісьці паказваліся ў Карэі, а нашым салістам прадказалі сусветную вядомасць.

 /i/content/pi/cult/190/2064/Kalyadouschyki.jpg
Гастролі патрабавалі падвойнага складу ўдзельнікаў. У вобраз майстра-чараўніка Драсельмеера па чарзе пераўвасабляліся Канстанцін Кузняцоў і Дзяніс Клімук. Машай і Прынцам — Людміла Кудраўцава з Ігарам Артамонавым, Ірына і Алег Яромкіны.
— Гэтае турнэ ў Карэю, — расказала Ірына, — было для нашай трупы пятым. Я ўдзельнічала ў ім чацвёрты раз, прычым трэці — у “Шчаўкунку” і другі — у партыі Машы. Гэта мой любімы спектакль! Вабіць, найперш, яркая, адметная, шмат у чым нечаканая харэаграфія Валянціна Елізар’ева. Увасабляць яе складана, але вельмі цікава: увесь час знаходзіш штосьці новае, што не заўважалася раней. А пра партыю Машы я марыла, яшчэ калі выходзіла ў гэтым спектаклі ў кардэбалеце — у знакамітым Вальсе, дарэчы, ужо тады — разам з Алегам. Ён — мой любы Прынц! І таму для нас гэты спектакль — яшчэ і штосьці асабістае, што немагчыма, мабыць, перадаць словамі, а толькі позіркам, дотыкам, яднаннем постацей і душ. Увогуле, “Шчаўкунок” настолькі багаты і разнастайны! Рамантыка, каханне? Калі ласка! Карнавал, лялькі-маскі? А як жа без іх! Фантастыка, барацьба дабра са злом? І гэта ёсць! Кожны можа знайсці ў нашым спектаклі тое, што шукае. Карэйцы добра знаёмы з гэтым балетам — ён паказваўся ў іх у розных пастаноўках, у Сеуле ёсць і свая ўласная. Але да нашага спектакля — увага небывалая.
Прымалі нас цудоўна, на паклоны выклікалі не менш за тры-чатыры разы запар. А Танец персідскіх лялек увогуле заўсёды ішоў пад няспынныя апладысменты. Мелі гастролі і сваю “разыначку”: у некалькіх спектаклях паміж танцамі іспанскіх і персідскіх лялек з’яўляўся ўстаўны нумар. Яго выконвалі карэйскія танцоўшчыкі: у ролі Матухны выходзіў мужчына, а з-пад ягонай спадніцы выскокваў з дзесятак дзяцей — ад трох да сямі гадоў.
Ну чымне сумесны праект?
Надзея БУНЦЭВІЧ