Неўтаймоўныя і непадзельныя

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Салісты Беларускага балета, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юлія ДЗЯТКО і Канстанцін КУЗНЯЦОЎ — артысты папраўдзе унікальныя. І на сённяшні дзень адзіныя ў нас, хто мае больш за дзесятак лаўрэацкіх-дыпламанцкіх узнагарод і, галоўнае, так удала ды паспяхова сумяшчае розныя стылі і харэаграфічныя тэхнікі — ад класікі да мадэрна. Так што іх званне заслужаных артыстаў сапраўды заслужанае.

 /i/content/pi/cult/190/2063/Neutamounyja.jpg
Шмат гадоў артысты працавалі ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, потым пачалі з’яўляцца ў асобных спектаклях Вялікага тэатра нашай краіны. Нарэшце, іх канчатковы пераход у наш Вялікі даў старт для далейшых вялікіх ідэй і творчага палёту. Бо “Косцік і Юлік” — людзі надзвычай прагныя. Толькі не да грошай — да працы. Ім заўсёды хапала звыклага тэатральнага рэпертуару, яны ўвесь час рыхтавалі штосьці яшчэ: шукалі, знаходзілі, а часам нават замаўлялі новыя нумары, а то і цэлыя спектаклі, разлічаныя на іх дуэт (сольна ці з калегамі), ладзілі свае творчыя вечары, ездзілі на конкурсы, фестывалі, дзе можна набрацца новых ведаў і замежнага вопыту. А іх творчае супрацоўніцтва з маладым харэографам Раду Паклітару, выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе народнага артыста СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева, прывяло да ўзнікнення важкай сакавітай гронкі бліскучых харэаграфічных мініяцюр і аднаактовак, неаднаразова адзначаных на розных конкурсах і фестывалях.
Больш за тое: не было б Юлі ды Косці — не было б і пастановак Р.Паклітару, што дазволілі яму стаць харэогафам, запатрабаваным у розных краінах. Таму не будзе перабольшваннем сказаць, што нашы танцоўшчыкі зрабілі ўнёсак не толькі ў нацыянальную харэаграфію, але і ў сусветную. І параўнаць яго можна хіба з той касмічнай эрай, што наступіла ў беларускім харэаграфічным выканальніцтве 30-годдзе таму, калі смелыя елізар’еўскія фантазіі пачалі ўвасабляць Юрый Траян і Людміла Бржазоўская. Яны сталі сімваламі мужчынскай брутальнасці і жаночай безабароннасці, якая, тым не менш, і кіруе мужчынскімі ўчынкамі. Калі б не яны, не было б і той харэаграфіі В.Елізар’ева, якую сёння ведае ўвесь свет, бо любая творчая ідэя, каб заваяваць прыхільнікаў, павінна мець годную “прэзентацыю”.
Ю.Дзятко і К.Кузняцоў сімвалізуюць новыя суадносіны вечнага “адзінства і барацьбы супрацьлегласцей”, заснаваныя на партнёрстве роўных. Іх артыстычны і сямейны дуэт — папраўдзе “саюз непарушны”.
А іх героі — не міфалагізавана рамантызаваныя “прынц і прынцэса” ці “рыцар і дама яго сэрца” (нават калі гэта, здавалася б, наканавана балетнай класікай), а рэальныя людзі, што абстрагуюцца ад побыту ў свет высокай духоўнасці.
І вельмі сімвалічна, што высокае званне яны атрымалі напярэдадні светлага свята Ражджаства Хрыстовага. Дык хай калядная зорка асвятляе іх шлях і надалей!

Надзея БУНЦЭВІЧ