Інтэлектуальная “Артэвалюцыя”

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Выстаўку “Артэвалюцыя” паказаў у гродзенскай галерэі Тызенгауза Уладзімір Качан. Прымеркаваны да 50-годдзя мастака, гэты праект храналагічна ўключыў у сябе знакавыя творы розных гадоў, па якіх можна прасачыць эстэтычна-светапогляднае развіццё асобы аўтара. Адметнасць яго манеры найбольш ярка праяўляецца ў работах 1990 — 2000-х гадоў, але адчуваецца ўжо ў палотнах, напісаных у 80-я.

 /i/content/pi/cult/190/2062/Intelectual.jpg
 У.Качан. “Беларусь”.
Выяўленчы лад твораў вызначаецца абагуленай манументалізаванасцю, амаль рэльефнай пластыкай жывапісных рашэнняў. Асацыятыўныя вобразныя структуры ляжаць на памежжы рэальных форм жыцця і па-аўтарску пераасэнсаваных сюжэтаў сусветнай міфалогіі, мастацтва, сакральнай гісторыі. Пачварныя вандроўкі з міфалагічнага паралельнага свету ў свет людзей у кампазіцыях “Вяртанне з містэрый”, “Тыя, каго вядзе прарок” прыцягваюць містыфікаванай таемнасцю і, разам з тым, выклікаюць неасэнсаваную трывогу, бо здольныя маўкліва адаптоўвацца ў чалавечым асяроддзі. А насельнікі “Ноевага каўчэга” ўспрымаюцца не столькі як прадстаўнікі пэўнага біялагічнага віду жывёл, колькі як напаўфантастычныя сімвалы звяроў увогуле.
Асабістыя эстэтычныя прыярытэты мастак накіроўвае да спадчыны выдатных творцаў розных эпох. Апелюючы да знакамітага Босха, трансфармуючы фрагмент яго палатна “Нясенне крыжа”, У.Качан смела ўводзіць у вядомую кампазіцыю фігуру “Art”-Месіі з крыжам, утвораным дошкамі падрамніка карціны. Да актуальнай ва ўсе часы тэмы творцы аўтар звяртаецца і ў рабоце “Экуменізм стварэння”, дзе падкрэслівае дыялектычнае ўзаемадзеянне супрацьлеглых сутнасных праяў духоўнага свету мастака. Захапленне Веласкесам У.Качан выказвае, спалучаючы на палатне свой аўтапартрэт з пазнавальнай выявай інфанты Маргарыты, выкарыстаўшы мастацкі прыём Сальвадора Далі ў “Аўтапартрэце з Джакондай”. Такім чынам, У.Качан імкнецца спасцігнуць таксама культурныя коды вялікага сюррэаліста, сцвярджаючы візуальную магчымасць сузірання падсвядомасці ў кампазіцыях “Сон”, “Сад”.
Работа “Эміграцыя” прымушае ўспомніць “Эмігрантаў” Ф.Рушчыца ці “Шляхам жыцця” П.Сергіевіча, дзе ўвасоблены адвечныя пошукі людзьмі лепшай долі.
Словам, экспазіцыя дае магчымасць убачыць Уладзі- міра Качана як асобу шырокага інтэлектуальнага поля з філасофскімі алегорыямі, экспрэсіўнымі стылізацыямі, пошукамі звышнатуральнага ў паўсядзённай рэчаіснасці.
У рэшце рэшт — як творцу, што мадэлюе пазітыўны свет, дзе гарманічнай дамінантай выглядае постаць “Беларусі” — маладой жанчыны ў нацыянальным уборы — такой, падаваласяб, старажытнай і такой сучаснай!
Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна