У.Качан. “Беларусь”. |
Асабістыя эстэтычныя прыярытэты мастак накіроўвае да спадчыны выдатных творцаў розных эпох. Апелюючы да знакамітага Босха, трансфармуючы фрагмент яго палатна “Нясенне крыжа”, У.Качан смела ўводзіць у вядомую кампазіцыю фігуру “Art”-Месіі з крыжам, утвораным дошкамі падрамніка карціны. Да актуальнай ва ўсе часы тэмы творцы аўтар звяртаецца і ў рабоце “Экуменізм стварэння”, дзе падкрэслівае дыялектычнае ўзаемадзеянне супрацьлеглых сутнасных праяў духоўнага свету мастака. Захапленне Веласкесам У.Качан выказвае, спалучаючы на палатне свой аўтапартрэт з пазнавальнай выявай інфанты Маргарыты, выкарыстаўшы мастацкі прыём Сальвадора Далі ў “Аўтапартрэце з Джакондай”. Такім чынам, У.Качан імкнецца спасцігнуць таксама культурныя коды вялікага сюррэаліста, сцвярджаючы візуальную магчымасць сузірання падсвядомасці ў кампазіцыях “Сон”, “Сад”.
Работа “Эміграцыя” прымушае ўспомніць “Эмігрантаў” Ф.Рушчыца ці “Шляхам жыцця” П.Сергіевіча, дзе ўвасоблены адвечныя пошукі людзьмі лепшай долі.
Словам, экспазіцыя дае магчымасць убачыць Уладзі- міра Качана як асобу шырокага інтэлектуальнага поля з філасофскімі алегорыямі, экспрэсіўнымі стылізацыямі, пошукамі звышнатуральнага ў паўсядзённай рэчаіснасці.
У рэшце рэшт — як творцу, што мадэлюе пазітыўны свет, дзе гарманічнай дамінантай выглядае постаць “Беларусі” — маладой жанчыны ў нацыянальным уборы — такой, падаваласяб, старажытнай і такой сучаснай!
Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна
Гродна