Не толькі партрэты , або Татарнікавы — гэта...

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

У выставачнай зале Брэсцкай арганізацыі БСМ з вялікім поспехам нядаўна прайшла “сямейная” выстаўка маці і сына — Валянціны і Паўла Татарнікавых. Экспазіцыя змясціла больш за 30 твораў кожнага з аўтараў.

 /i/content/pi/cult/190/2061/Tatarnikau.jpg
 П.Татарнікаў. “Сем цудаў Беларусі”.
У першую чаргу падкрэслю структуру і арганізацыю выстаўкі як своеасаблівае параўнанне, а часам нават проціпастаўленне ў творчым дыялогу дзвюх яркіх індывідуальнасцей. Тонка прадуманую экспазіцыю можна вызначыць афарызмам: “Дом — свет Жанчыны, свет — дом Мужчыны”.
Буйныя, манументалізаваныя пастэльныя і акварэльныя аркушы Валянціны — размашыстыя, сакавітыя, актыўныя і эмацыянальна бурныя. Іх ураўнаважвае камерная, амаль што мініяцюрная, ювелірна апрацаваная, каларыстычна стрыманая філасофская кніжная графіка Паўла.
Валянціна — гэта як партрэты асоб, так і дакладныя “партрэты” кветак, яблыкаў, птушак. Блізкія планы і глыбокая, густанаселеная прастора, мітусня і радасць імгнення, шчыльныя маляўнічыя слаі…
Павел — гэта маштабная гісторыя Айчыны, яе легендарныя асобы, усведамленне і суб’ектыўнае праламленне глыбокіх і шырокіх пластоў сусветнай культуры, асацыяцыі, спасылкі і цытаты з мастацкай спадчыны — ад архаікі, Дзюрэра, Босха ды Брэйгеля да англійскай акварэлі XVII стагоддзя. Карпатлівая ўвага Паўла Татарнікава да фактур, складаных узораў і дэталей, празрыстыя, амаль што бясколеравыя заліўкі і шматслойныя лесіроўкі, бяздонная разнастайная прастора.
Павел Татарнікаў — знакавая фігура не толькі ў сучаснай беларускай кніжнай графіцы, але і ў еўрапейскай, пра што “К” ужо неаднаразова пісала. Яго працы выстаўляліся шмат разоў у Беларусі і за яе межамі. Але менавіта ў Брэсце ў такой колькасці і разнастайнасці ён, бадай, выстаўляецца ўпершыню.
Валянціна Татарнікава-Панок — вядомая ў горадзе мастачка, афарміцель, дызайнер з багатым вопытам і вялікай колькасцю твораў. Партрэты вугалем і пастэллю, напісаныя ёй амаль што ў натуральную велічыню, удала прадстаўлены ў экспазіцыі на ўзроўні вачэй гледача. Такі прыём стварае ўражанне прамога дыялога і эмацыянальнай сувязі з натурай, акцэнтуе нашу ўвагу, зацягвае ў прастору адлюстраванага суразмоўніка. Партрэты — буйныя, але “змест” іх вельмі асабісты, інтымны: блізкія людзі, сябры, родныя. Работы створаны з цеплынёй і пяшчотай. Творчае крэда мастачкі — імгненнае захапленне і здзіўленне, схопленыя шчаслівыя іскры ў штодзённым калейдаскопе быцця. Сёння, тут, зараз — гэта галоўнае і сапраўднае...
Выстаўка дуэтам, безумоўна, удалася. У непарыўнай повязі пакаленняў кожнае звяно — унікальнае, каштоўнае, непаўторнае. Тым яна, бадай, і моцная...
Алена ДЗІЧЭНСКАЯ
Брэст