Найстарэйшая і... наймаладзейшая

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Найстарэйшая “скарбонка ведаў” краіны Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Карскага атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая стала заслужаным прызнаннем высілкаў супрацоўнікаў установы. Іх сутнасць можна ахарактарызаваць адной фразай: адпавядаць імклівым патрабаванням часу.

 /i/content/pi/cult/190/2060/Najstarejshaja.jpg
У далёкім 1830 годзе, калі паўстала бібліятэка, для яе гэта было значна лягчэй. Тады на рабочых сталах жыхароў Гродна яшчэ не месціліся камп’ютэры, падключаныя да “сусветнага павуціння”, якія сталі сур’ёзнымі канкурэнтамі традыцыйным “чытальням”. Ды, зрэшты, кваліфікаваных спецыялістаў не здатная замяніць ніякая тэхніка. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што кожнага дня бібліятэку імя Карскага наведвае пад тысячу чалавек. І сярод іх нямала прадстаўнікоў самай актыўнай (у тым ліку і ў плане камп’ютэрызацыі) часткі грамадства — моладзі.
— Моладзь сёння прыходзіць у бібліятэку ўжо не проста па якуюсьці кнігу, а менавіта па веды, бо атрымліваць іх у нас куды зручней, чым самастойна, — кажа дырэктар бібліятэкі Лідзія МАЛЬЦАВА. — Скажам, звярнуўшыся ў наш інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел, студэнт можа задаць тэму свайго рэферата або дыпломнай работы, і ўжо праз лічаныя хвіліны ён атрымае змястоўны спіс літаратуры па актуальнай для яго праблематыцы.
Патлумачыць такую аператыўнасць можна вельмі лёгка: сёння электронны каталог бібліятэкі ахоплівае ажно 97% яе фондаў, і па гэтым паказчыку яна ўжо доўгі час лідзіруе ў краіне. Бедаваць не выпадае і ў тым выпадку, калі патрэбная кніжка ў гэтым каталогу (і, адпаведна, ва ўласных фондах бібліятэкі) не знойдзецца, — яго карыстальнік мае доступ і да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
— Мы правялі невялічкае сацыялагічнае даследаванне, каб даведацца, якімі катэгорыямі чытачоў запатрабаваны наш Цэнтр прававой інфармацыі, — распавядае Лідзія Мальцава. — Прызнацца, я была трохі здзіўлена, даведаўшыся, што больш як траціна яго аўдыторыі — гэта студэнты і навучэнцы. Прычым зусім не толькі юрыдычных спецыяльнасцей.
Адчуванне рэальных патрэб моладзі падштурхнула бібліятэку зрабіць асаблівы акцэнту сваёй працы на вывучэнне замежных моў. Тут усе ахвотныя могуць спасцігаць іх як самастойна, атрымліваючы належную літаратуру і парады бібліятэкара, так і на адмысловых курсах — дарэчы, ці не найтаннейшых у горадзе. Яны сталі адным з самых запатрабаваных відаў платных паслуг — агулам іх, між іншым, каля 30!
На нізкія паказчыкі ў гэтай сферы бібліятэцы скардзіцца не выпадае, але… Адкрываючы ўсё новыя і новыя крыніцы пазабюджэтных фінансавых паступленняў, яе супрацоўнікі не забываюцца і на іншыя свае задачы.
— Заўсёды падкрэсліваю: галоўная наша задача — выхаванне духоўна багатай асобы, сапраўднага грамадзяніна нашай краіны, — кажа Лідзія Мальцава.
Запатрабаванасць ролевай гульні “Суд над жорсткасцю” пераўзышла ўсе чаканні. У выніку атрымалася сапраўднае турнэ па розных навучальных установах Гродна, якое ўключала больш за 30 выступленняў. Напэўна, свой складнік у поспех гэтай ініцыятывы прыўнесла і тое, што да яе спрычыніліся не толькі бібліятэкары, але і праваслаўныя святары, і праваахоўныя структуры, і медыцынскія работнікі.
Адметна, што менавіта бібліятэка становіцца цэнтрам такога “Саюза неабыякавых” — такую назву меў “круглы стол” па маральным выхаванні моладзі, які нядаўна прайшоў у яе сценах.
Увогуле, разнастайных мерапрыемстваў у сценах бібліятэкі праходзіць процьма: і краязнаўчыя “Гарадзенскія чытанні”, і выстаўкі, і літаратурныя сустрэчы. Паколькі пры бібліятэцы дзейнічаюць чатыры разнапрофільныя аб’яднанні аматараў прыгожага пісьменства, яе цалкам можна назваць найважнейшым цэнтрам літаратурнага жыцця горада.
— Як толькі ў нас у Гродне публікуецца новы паэтычны зборнік або кніга прозы, аўтар прыходзіць да мяне, і мы разам мяркуем, як зрабіць гэтую падзею вядомай шырокаму колу чытачоў. Асабліва прыемна, што на такія імпрэзы ахвотна прыходзіць моладзь.
Кіраўніцтва бібліятэкі спадзяецца, што ўжо ў наступным месяцы, па сканчэнні рамонту яе юнацкага філіяла, які месціцца ў знакамітым “дамку Элізы Ажэшкі”, маладых чытачоў прыкметна паболее. Балазе, грунтоўным рамонтным работам, кошт якіх перавысіў 900 мільёнаў рублёў, спадарожнічала і абнаўленне “начыння”: утульныя інтэр’еры, мэбля, сучасныя стэлажы…
Сума, якую выдаткаваў на гэтыя мэты Гродзенскі аблвыканкам, больш чым прыстойная — каля 300 мільёнаў рублёў. Таму супрацоўнікі бібліятэкі вераць у тое, што з часам спраўдзяцца і іншыя намеры губернатара Уладзіміра Саўчанкі, датычныя развіцця іх установы, — у тым ліку і аб’яднанне яе аддзелаў пад адным прыгожым дахам спецыяльна прызначанага для гэтай мэты будынка.
— На матэрыяльную базу нам сёння скардзіцца не выпадае, — кажа Лідзія Мальцава. — Дзякуючы няспыннай увазе да бібліятэчнай сферы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які разумее яе важнасць для жыцця грамадства, нашы патрэбы задавальняюцца. Але мы разумеем, што ўжо ад нас, ад нашай працы залежыць тое, наколькі эфектыўна гэтыя рэсурсы будуць працаваць.
Ілля СВІРЫН