На пачатку “Дарогі дадому”

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Наталля ШАРАНГОВІЧ, мастацтвазнаўца, рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва часопіса “Мастацтва”, старшыня секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі Беларускага саюза мастакоў, была намініравана на атрыманне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне крытыкі і мастацтвазнаўства за цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных памяці выдатнага беларускага мастака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міколы Селешчука.

 /i/content/pi/cult/190/2058/Sharangovich.jpg
— Мікола Селяшчук — адна з найбольш значных асоб у беларускім выяўленчым мастацтве ХХ ст. Мастак заўжды з гонарам падкрэсліваў свае цёплыя і шчырыя адносіны да беларускай спадчыны, надаючы ёй сучаснае метафарычнае, сімвалічнае прачытанне. А трагічная смерць дзесяць гадоў таму пад час падарожжа ў Італію надала ягонай постаці таямнічасці і загадкавасці.
На жаль, большасць карцін Міколы Селешчука захоўваюцца ў прыватных зборах у Беларусі і за межамі краіны. Зусім невялікая колькасць графічных адбіткаў і жывапісных палотнаў належыць мастацкім музеям. Пры жыцці Селяшчук не паспеў выдаць альбом. Некаталагізаваныя, яго карціны паступова пачалі забывацца. Сабраць і вывучыць творчую спадчыну гэтага знакавага для айчыннай культуры майстра — задача для шырокага мастацтвазнаўчага даследавання. Але я рада, што распачала гэтую высакародную справу. Адбылася выстаўка “Дарога дадому” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, выдадзены кніга “Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў” у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і альбом-каталог “Мікола Селяшчук” у Рэдакцыйна-выдавецкай установе “Культура і мастацтва” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры краіны. Яны засведчылі, што лепшыя станковыя лісты, ілюстрацыі да дзіцячых кніг, жывапісныя палотны майстра цалкам натуральна існуюць у прасторы сучаснага мастацтва.
— У мінулым годзе вы сталі лаўрэатам конкурсу “Беларусь — Расія. Крок у будучае” за 2007 г. у намінацыі “Матэрыялы аб культуры, мастацтве, спорце, ахове здароўя і адукацыі ў Саюзнай дзяржаве”, што праводзіўся Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Якія, на ваш погляд, тэмы актуальныя сёння ў галіне выяўленчага мастацтва?
— Мастацтвазнаўцы ўжо не адно дзесяцігоддзе спрабуюць вызначыць, што ёсць сучаснае мастацтва, якія яго прыярытэтныя накірункі, якім павінна быць яго існаванне ў сённяшнім хуткаплынным свеце. Цяпер даследчыкі, крытыкі спрабуюць зразумець механізмы творчасці, заканамернасці эстэтычнага ўспрымання работ. Важна атрымаць адказ на пытанне не толькі аб межах і логіцы мастацтва, але і пра каардынаты пачуццёвасці, якая гэтую логіку змацоўвае. Сучаснаму мастацтву зноў цікавы чалавек, яго духоўны свет.
— Якой павінна быць сёння мастацкая крытыка?
— Беларуская крытыка вельмі тактоўная ў адносінах да творцаў. І правакаваць яе на большую жорсткасць, магчыма, і не варта. Калі крытыка не заўважае нейкую з’яву, гэта азначае, што сама з’ява не “дарасла” да ўвагі. А навешваць ярлыкі, займацца “кастапраўствам” — не цікава. Адметная ж тая крытыка, дзе можна знайсці жывую думку, дослед прафесійнага нацыянальнага мастацтва, клопат пра паўнавартаснасць успрымання нашай культуры ў міжнародным кантэксце. Гэта цяжкі шлях. Можна напісаць дзесяць-дванаццаць артыкулаў і толькі ў адным з іх нешта “намацаць”.
— Ці вернуцца калі-небудзь публічныя дыскусіі ў сцены Палаца мастацтва?
— Яны ўжо вяртаюцца. Быў час, калі рэдка праводзіліся “круглыя сталы” і абмеркаванні пасля выставак. Словы з дзіцячага мультфільма: “Хто пахваліць мяне лепш за ўсіх — той атрымае салодкую цукерку” — сталі лейтматывам адносінаў творцы да мастацтвазнаўцы. Крытыкі заняліся хто выкладаннем, хто даследчыцкай і музейнай працай, хто журналістыкай, а хто і ўвогуле змяніў прафесію. Аднак сёння па жывых прафесійных дыскусіях засумавалі ўсе, у тым ліку і самі даследчыкі сучаснага мастацтва.
Ініцыятарамі абмеркаванняў і канферэнцый выступаюць сябры секцыі мастацтвазнаўства і крытыкі Беларускага саюза мастакоў, а творцы шчыра адгукаюцца на прапанову пагутарыць аб творчых дасягненнях і няўдачах. Яны разумеюць, што кожная падзея, не зафіксаваная каталогам, артыкулам, абмеркаваннем, зрэшты, кампетэнтным мастацтвазнаўчым словам, таксама становіцца віртуальнай. А пацерпіць ад гэтага паражэнне ўрэшце наша выяўленчае мастацтва.
— Што для вас прэмія, якую ўручыў Кіраўнік дзяржавы?
— Гэта, на мой погляд, доказ таго, што крытычная думка і мастацтвазнаўчая навука на Беларусі падтрымліваюцца дзяржавай, запатрабаваны грамадствам і робяць пасільны ўнёсак у духоўнае адраджэнне краіны.