Бондары і... “бандароўна”

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Адзіная на Беларусі школа бондарства была створана па ініцыятыве начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміра Шэляговіча ў 2000 годзе. “К” неаднойчы пісала пра гэтую унікальную ўстанову, якая асноўным клопатам лічыць зберажэнне і папулярызацыю старадаўніх нацыянальных рамёстваў. Адзін з пашанотных экспанатаў імправізаванага рэдакцыйнага музейчыка — зграбны дубовы кубельчык для захоўвання мёду, падораны газеце дырэктарам бондарскай школы Тамарай Голік.

 /i/content/pi/cult/190/2057/Bondary.jpg
Да стварэння ўстановы больш, як хто іншы, спрычыніўся муж Тамары Іванаўны — знаны майстар Васіль Голік (ён, на жаль, рана пайшоў з жыцця). Менавіта ён распрацаваў адметныя праграмы навучання юных бондараў. Энтузіяст быў прадбачлівы і неабыякавы да лёсу мясцовай традыцыйнай культуры. Справа ў тым, што навучальныя праграмы прадугледжваюць захаванне мастацкіх адметнасцей краю і даюць тутэйшай моладзі магчымасць займець добрую прафесію. Таму недахопу ў будучых бондарах у незвычайнай школе няма...
Традыцыі захаваны і прадоўжаны. Адным з першых выкладчыкаў у школу быў запрошаны бондар з вёскі Рылавічы, якая славілася сваім умельствам па ўсёй Беларусі. Сённяшнія настаўнікі Іванаўскай школы ў пэўнай меры — вучні таго рылавіцкага майстра.
Як распавядае кіраўнік школы Тамара Голік, за гады існавання ўстановы было ўжо шэсць выпускаў прафесійных бондараў (ледзь не 120 чалавек). На сёння ў школе займаюцца 58 вучняў — сямікласнікі-дзевяцікласнікі агульнаадукацыйных школ Іванава. Навучанне бондарству — трохгадовае. Шэсць дасведчаных педагогаў выкладаюць тэхналогію вырабу адпаведнага посуду, чарчэнне, малюнак і жывапіс, матэрыялазнаўства, кампазіцыю, віды мастацкіх рамёстваў, ладзяць вытворчае навучанне. Пасля поўнага курса бондары атрымліваюць адмысловае пасведчанне, якое дае ім пэўную перавагу пры паступленні ў Кобрынскі мастацкі і Пінскі будаўнічы каледжы...
А галоўны спецыяліст аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык паведаміла “К”, што мясцовая школа бондарства адметная і актыўнай выставачнай дзейнасцю. Толькі ў 2008 годзе юныя майстры дэманстравалі свае вырабы на трох рэспубліканскіх, шасці абласных выстаўках. Натуральна, і кожнае раённае мерапрыемства не абыходзіцца без дзейснага ўдзелу школы. Надзвычай уразіў бондарскі посуд гасцей з Польшчы, Ізраіля, Францыі, Галандыі, што бралі ўдзел у леташнім гастранамічным фестывалі “Мотальскія прысмакі”.
Даведзены план па аказанні платных паслуг Іванаўская бондарская школа ў 2008 годзе выканала, зарабіўшы амаль 6 мільёнаў рублёў. Сёлета, як зазначае Тамара Голік, мяркуецца наладзіць працу кіёска па рэалізацыі народных сувенірных вырабаў, у тым ліку і бондарскага посуду, без якога ніводная руплівая гаспадыня проста не абыдзецца.

Я.Р.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА