Феерверк на вуліцы Культуры

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

— Як ласкавае слова і котцы прыемна, так і артысту, нягледзячы на ўзрост і званні, любое прызнанне штодзённай творчай працы — у радасць, — сказаў на самым пачатку сустрэчы з карэспандэнтам “К” народны артыст СССР, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь АЎСЯННІКАЎ. — Асабліва мяне прываблівае, што нават у няпросты эканамічны час наша дзяржава не забываецца на мастацтва і стварае сапраўднае свята на вуліцы Культуры.

 /i/content/pi/cult/190/2056/Feerverk.jpg
— Тэатральны сезон 2007/2008 года стаў для мяне запамінальным перыядам дзякуючы выдатнаму драматургічнаму матэрыялу. “Вечар” Аляксея Дударава, “Дзеці Ванюшына” па п’есе Сяргея Найдзёнава, “Прыгоды Заранкі і Янкі” Вольгі Бяловай — ролі ў гэтых пастаноўках мне асабліва блізкія, бо драматургамі выпісаны сапраўдны Лёс чалавека. А калі створаны характар, бачна ў дынаміцы станаўленне асобы, акцёр зможа прымусіць задумацца і суперажываць яго персанажу як сталага гледача, так і новыя пакаленні тэатралаў.
Яркі прыклад — мінулагодняя прэм’ера “Дзеці Ванюшына”. П’еса напісана больш за сто гадоў таму, аднак моцна выпісаны канфлікт бацькоў і дзяцей сёння гучыць сучасна і асабліва балюча. На жаль, сітуацыя, калі сыны ці дочкі “адмахваюцца” ад старэйшых, — маўляў, не загаджвайце, вы хутка памраце, а нам яшчэ жыць ды жыць, — паўтараецца і ў XXI стагоддзі. Змяніліся толькі спосабы. Таму я рады, што наш спектакль можа паўплываць на змяненне несуцяшальнай тэндэнцыі.
Дарэчы, пасля закрыцця заслоны да акцёраў ідуць гледачы, супрацоўнікі тэатра і гавораць, што ўвечары абавязкова патэлефануюць бацькам. І гэта шыкоўна! Я не люблю літаратурны выраз аб тым, што калі нават адзін чалавек у зале задумаецца — і тое добра. На мой погляд, вось і дрэнна — калі толькі адзін унікне ў глыбінную філасофію пастаноўкі. Неабходна дайсці да сэрца, як мінімум, паловы залы, як казаў некалі Аляксандр Пушкін, трэба паказаць “правду чувств и искренность страстей”. Гэта самае складанае ў прафесіі акцёра — увасобіць на сцэне сапраўднае жыццё жывога чалавека.
Спектаклі для дзяцей я люблю яшчэ і за цудоўную магчымасць пафантазіраваць і “падурэць”. За сваё жыццё я шмат сыграў такіх роляў: Лесуна ў “Пунсовай кветачцы”, Ворана ў “Снежнай каралеве”, Трэцяга сына Падзішаха ў “Сляпым падзішаху”, Панядзелка ў “Беласнежцы і сямі гномах”. Таму з задавальненнем узяўся рэпеціраваць Дзядка-Веселунка ў новым спектаклі “Прыгоды Заранкі і Янкі”. Спадабалася і сустрэча з Аляксеем Ляляўскім (шмат чуў аб яго пастаноўках у сталічным тэатры лялек, за мяжой): гэта быў сапраўды цікавы вопыт работы з рэжысёрам-лялечнікам на драматычнай сцэне.
Зараз з нецярплівасцю чакаю рэпетыцый чэхаўскага “Вяселля”. У расійска-беларускай пастаноўцы заняты маскоўскія рэжысёр, хормайстар, балетмайстар, мастак і акцёры-купалаўцы. Сам праект узнік напярэдадні 150-годдзя з дня нараджэння Антона Чэхава. Мяркуецца, што гэтым спектаклем Купалаўскі тэатр заявіць пра сябе на Міжнародным тэатральным чэхаўскім фестывалі, які адбудзецца ў 2010 годдзе.
Па-мойму, у нас павінен атрымацца спектакль-феерверк, грандыёзнае шоу. Шчыра кажучы, для мяне гэта абсалютна новы жанр, таму вельмі цікава паглядзець, як успрымуць беларусы класіка ў такім фармаце. У любым выпадку, гэта будзе карысны вопыт для нашага тэатра. Упэўнены: сцэне патрэбны розныя жанры, галоўнае, каб у іх “чыталіся” характары. Вядучы акадэмічны тэатр павінен быць “радзільным домам” нацыянальнай драматургіі. А яе патрэбна шукаць менавіта ў народных характарах.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА