Паэт знішчае вершы?

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар ШНІП здавён закаханы ў пісьменніцу Людмілу Рублеўскую, а ўлюбёны ў Паэзію. Першая стала жонкай, спасціжэнне другой ператварылася ў мэту творчасці, а значыць — жыцця... Стараннае “габляванне” радка прыносіць плён. За кнігу “Страла кахання, любові крыж” паэт уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне мастацкай літаратуры.

 /i/content/pi/cult/190/2055/Paet.jpg
Кніга Шніпа, 15-я па ліку, — незвычайная па змесце. Апрача вершаў, у ёй змешчаны тры аповесці пра каханне: “Першы папяровы снег”, “Лісты і залатое лісце”, “Вечаровы дождж і слёзы”. Усе творы напісаны цягам апошніх гадоў. Усе адметныя шчырым гучаннем.
Але не ў гэтым галоўная адметнасць кнігі, што на пачатку 2008 года выдадзена “Мастацкай літаратурай” у серыі “Залатое пяро”.
Аўтар не атаясамлівае свае аповесці з традыцыйнай прозай. У канву “Першага папяровага снегу”, напрыклад, упісана 70 лірычных вершаў. Выразная эпізадычная проза — толькі фон для зарыфмаванай летуценнай думкі.
Герой “Першага папяровага снегу” рве дзённік суперніка, закаханага, як і сам персанаж. Паколькі гаворка ў аповесці вядзецца ад першай асобы, Шніпу час ад часу тэлефануюць усхваляваныя чытачкі: “Ці ж варта паэту знішчаць вершы?” Шніп цярпліва даводзіць, што вершы не зніклі — інакш і кніжкі не было б, а атаясамлівасць лірычнага героя з аўтарам — справа, бадай, бессэнсоўная...
А яшчэ ў зборніку змешчаны балады. І ўсе яны, натуральна, прысвечаны Жанчыне: ад Рагнеды да мадоннаў сённяшняга дня.
Кніжка — запатрабаваная чытачом. У гэтым пераконваюць сустрэчы аўтара з аматарамі паэзіі ў Маладзечне, Старых Дарогах, Мар’інай Горцы, Любані...
— Настрой у гэтыя калядныя дні, — распавядае “К” Віктар Шніп, — надзвычай цудоўны! Дый навіна пра спецыяльную прэмію вельмі парадавала. Прыемна, што мая літаратурная праца высока ацэнена.
— Над чым цяпер працуеце?
— Над новай кнігай. Нават назву ўжо прыдумаў: “Проза і паэзія агню”...
— А якім клопатам жывеце ў якасці галоўнага рэдактара “Мастацкай літаратуры”?

— Клопату, як і заўжды, хапае... Рыхтуемся да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, што, па традыцыі, ладзіцца ў лютым... Прэзентуем новыя выданні. Днямі выходзіць кніга мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака пра мастака Уладзіміра Тоўсціка. Неўзабаве з’явіцца кніжка Наталлі Шаранговіч пра Гаўрылу Вашчанку.

Яўген РАГІН
Фота Юрыя ІВАНОВА