Як гучаць лыжкі з дубу?

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Сярод сёлетніх лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — не толькі тытулаваныя і праслаўленыя сталічныя калектывы ды творцы, але і былы настаўнік фізкультуры з маленькай вёскі Валканосава, што на Кругляншчыне. Гэта сімптаматычна і справядліва: без такіх энтузіястаў, як Аляксандр ХАРКЕВІЧ, у сугуччы нашай культуры бракавала б многіх адценняў, істотных і непаўторных.

 /i/content/pi/cult/190/2054/Jak guchac.jpg
Адценняў яго творчасці надзвычай багата, і паўсюль ёсць свой сакрэт. Аказваецца, лыжкі з дубу гучаць зусім іначай, чым, напрыклад, з бэзу, а дудку трэба вырабляць менавіта з крушыны — прычым, паводле старадаўняй тэхналогіі, дрэва павінна сохнуць не меней за два гады. Іначай — зусім не тое гучанне.
Майстар можа распавядаць пра гэтыя нюансы зусім просценькіх, падавалася б, народных інструментаў гадзінамі, і слухаючы яго разумееш, што Аляксандр Харкевіч стварае не толькі гэтыя драўляныя вырабы, гукі якіх заўсёды так лёгка “заводзяць” залу, — ён стварае цэлы мікрасусвет народнай культуры.
Заспець Аляксандра Антонавіча дома не надта проста: большасць свайго часу ён праводзіць у майстэрні. Паважны век — усё ж, семдзесят з гакам — зусім не перашкода для імпэтнай працы. Да таго ж, ахвоты надае запатрабаванасць яе вынікаў.
Скіраваўшыся летась у Мінск на Рэспубліканскі злёт народных умельцаў, майстар прыхапіў з сабой некалькі валізаў уласных вырабаў. Вярнуўся — “пусты”. Бо драўляныя ўдарныя і шумавыя інструменты, што называецца, адрывалі з рукамі — упрасіўшы прадаць нават тое, што для продажу напачатку не прызначалася. Цяпер вось трэба аднаўляць калекцыю, бадай, з нуля. А справа гэта няпростая: кожны выраб даводзіцца ствараць уручную.
— Працую так, як у даўніну працавалі. Прамысловым чынам я нічога не раблю, — кажа Аляксандр Харкевіч. — Бо тады ўжо не тое будзе, не той гук!
Да таго ж, у Аляксандра Антонавіча багата спраў і па-за сценамі майстэрні. Узяўшы ўдзел у працы Круглянскага аўтаклуба, ён давёў, што не толькі вырабляць свае інструменты ўмее, але і граць на іх — прычым зухавата і папраўдзе віртуозна. І дапамог аўтаклубу заняць прызавое месца на абласным аглядзе. Самабытныя народныя інструменты і сапраўды здатныя скарыць любую публіку!
— Пад час канцэртаў бывае, што людзі ажно на сцэну выскокваюць і самі танчыць пачынаюць, — распавядае Аляксандр Антонавіч. — Забываюцца на свой век, ужо зусім немалады, на розныя праблемы…
Настаўнікаў у майстра, па сутнасці, не было — само жыццё яго вучыла. Сакрэты ўмельства ён засвойваў па драбніцах: часам — дзякуючы добрым людзям, часам — праз тэлеперадачы, прысвечаныя народнай творчасці, але часцей за ўсё —
на ўласным вопыце.
— Тут, напэўна, гены спрацавалі, — адказвае майстар на пытанне адносна крыніцы яго захаплення. — Бо ў маім родзе было мноства здольных музыкаў. Памятаю: на вячорках дарослыя граюць на гармоніку і спяваюць, а я, малы, ім на бубне падгрукваю… Калі мне было гадкі тры, я настолькі захапіўся ваенным аркестрам, які маршыраваў па вуліцы Магілёва, што міжволі рушыў услед за ім. Бацькі не ўпільнавалі і потым ледзьве мяне знайшлі. А ў сёмым класе пайшоў на Вялікдзень валачобнікам — бо песень народных багата ведаў, імі ў мяне былі цэлыя сшыткі спісаны. Дык у камсамоле як дазналіся — нават са школы мяне выключылі, уяўляеце!
Высокая прэмія — красамоўнае сведчанне таго, што часы даўно змяніліся. Сёння самабытныя народныя звычаі ніхто ўжо не лічыць “перажыткам мінуўшчыны”, наадварот, — з высокай дзяржаўнай трыбуны можна пачуць, што за іх зберажэннем — будучыня. Будучыня нашай роднай зямлі, любові да якой прысвечаны гэты год.
— Уручэнне гэтай прэміі для мяне — бы ўзыход на Алімп. Але, адначасова, і прызнанне важнасці той справы, якую можна назваць справай майго жыцця, — лічыць майстар.
Можа, гэтую справу многія лічаць пакуль не вельмі прэстыжнай. Аляксандр Антонавіч са скрухай у голасе дзеліцца сваёй праблемай: цяжка яму знайсці дбайных вучняў, якія б старанна, па драбніцах, засвойвалі сакрэты яго ўмельства, не шкадуючы ні часу, ні высілкаў. Але хочацца верыць, што высокае дзяржаўнае прызнанне майстра значна павысіць аўтарытэт яго справы — у тым ліку і ў вачах моладзі. І тады мара Аляксандра Харкевіча спраўдзіцца.
Ілля СВІРЫН
Фота аўтара