Класіка ў саюзе з тэмпераментам

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Нават не будучы адданым прыхільнікам балета, які не прапускае ніводнай прэм’еры, не ведаць заслужаную артыстку Беларусі Вольгу ГАЙКО немагчыма. Як сапраўдная балетная прыма, што аддала тэатру 12 гадоў жыцця, яна занята ледзь не ва ўсіх спектаклях бягучага рэпертуару, а ў некаторых выконвае адразу некалькі партый: Аўрора і Фея бэзу ў “Спячай прыгажуні”, Адэта — Адылія ў “Лебядзіным возеры” П.Чайкоўскага, Медора ў “Карсары”, Нікія ў “Баядэрцы” Л.Мінкуса, Распусніца ў “Карміне Бурана” К.Орфа, Нэле ў “Легендзе аб Цілі Уленшпігелі” Я.Глебава, Рагнеда ў “Жарсцях” А.Мдзівані, Фрыгія ў “Спартаку” А.Хачатурана, Зарэма ў “Бахчысарайскім фантане” Б.Асаф’ева і многія-многія іншыя. А яшчэ ўдзельнічае ў канцэртах, саліруе на замежных гастролях. Адной з цэнтральных падзей мінулага сезона стала пастаноўка “Пахіты” Л.Мінкуса, дзе Вольга выканала вядучую партыю

 /i/content/pi/cult/190/2053/Klasika.jpg
— Шкада, што ў нашым тэатры пастаўлены толькі вясельны акт гэтага балета. Так замацавалася ў сусветнай практыцы яшчэ з канца ХІХ стагоддзя, калі спектакль быў адноўлены не цалкам, а ўсяго адным фрагментам: мабыць, гісторыя папраўдзе захавала для нас лепшае з колішняй пастаноўкі.
Але мне, да прыкладу, было б цікава паказаць на сцэне пераўвасабленне Пахіты з цыганкі ў свецкую даму. Там жа сюжэт быў — ну проста “бразільскі серыял”! Дзяўчынку скралі цыгане, выхавалі яе ў сваіх традыцыях, — і раптам яна даведваецца пра сваё знатнае паходжанне і бярэ шлюб з каханым. Уяўляеце, колькі розных пачуццяў і адценняў можна “ўкласці” ў гераіню? А калі мы сустракаемся з ёй толькі пад час вяселля, на якім звычайна “ўсе шчаслівыя пары шчаслівыя аднолькава”, стварыць запамінальны вобраз бывае вельмі цяжка.
— Тым не менш, вам гэта ўдалося. У вашай Пахіты, у адрозненне ад безлічы ранейшых увасабленняў гэтай гераіні, застаюцца рысы цыганкі. І гэта прытым, што класічная харэаграфія быццам бы не дае для гэтага ніякіх магчымасцей. Думаю, калі б вам раптам давялося танцаваць увесь колішні спектакль, дык у першых актах ваша Пахіта-цыганка, несумненна, утрымлівала б нейкі “генетычны код” свайго высокага паходжання. Але ў тым, з якой лёгкасцю вы зараз балансуеце на мяжы класічнага танца і характарнага, “вінавата”, мабыць, яшчэ адна ваша партыя — Мерсэдэс у балеце “Дон Кіхот”.
— Мне заўсёды цікава працаваць над чымсьці новым, яшчэ нязведаным. А потым — працягваць удасканальвацца ў гэтым. Таму бывае, што мае гераіні з цягам часу змяняюцца: я ж і пасля прэм’еры працягваю шукаць і ўдасканальваць адценні знойдзенага вобраза.
Што ж да Мерсэдэс, дык калі мне прапанавалі партыю гэтай тэмпераментнай іспанкі, спачатку былі сумневы. Ці маё гэта? Ці здолею? І ці змагу я, у рэшце рэшт, перайсці з пуантаў на чаравікі? У мяне ж усе партыі былі — выключна класічныя, неакласічныя. Але ўжо ад самой працы атрымала каласальнае задавальненне. Іспанская пастаноўка корпуса і рук узбагаціла мяне як балерыну, захацелася нават яшчэ штосьці падобнае паспрабаваць.
— Непадробнай Мерсэдэс яшчэ некалькі гадоў таму была салістка тэатра, а цяпер педагог-рэпетытар Таццяна Шаметавец. Пэўна, яна і працавала з вамі над гэтай партыяй?
— Так, і я ёй вельмі ўдзячная. Звычайна я працую з Людмілай Генрыхаўнай Бржазоўскай — гэта проста чалавек-легенда, я ў яе не толькі ўсяму вучуся, але і атрымліваю асалоду ад саміх стасункаў.
Партыя ж Мерсэдэс прынесла мне магчымасць больш шчыльна пасупрацоўнічаць з Таццянай Рамуальдаўнай: яна таксама вельмі многа дала не толькі як педагог-рэпетытар, але і як надзвычай яркая асоба. Так што ў маёй узнагародзе ёсць і важкая доля іх таленту і нястомнай працы, а таксама — усяго тэатра. Бо ніводзін саліст не існуе ў беспаветранай прасторы — яго фарміруе сама атмасфера, энергетыка ўсіх тых калег, хто быў да яго і хто яго акружае цяпер. Дзякуючы гэтаму ўзнікае пераемнасць традыцый, так неабходная для мастацтва. Для нас, артыстаў, вельмі важна яе бачыць — і гэтак жа важна атрымліваць знакі прызнання. Асабліва для артыстаў балета, сцэнічная кар’ера якіх завяршаецца куды раней, чым спевакоў ці акцёраў. І тое, што наша праца адзначаецца на самым высокім дзяржаўным узроўні — вялікі гонар і шчасце.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА