Разгадаць загадкі Вердзі і Мдзівані

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Мінулы год для кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Андрэя МДЗІВАНІ быў папраўдзе знакавым. Адбылася прэм’ера яго оперы “Маленькі прынц” на лібрэта Вадзіма Яканюка паводле аднайменнай аповесці Антуана дэ Сент-Экзюперы. Яна была пастаўлена музычнай капэлай “Санорус” і паказана не толькі мінчанам і гасцям сталіцы, але і жыхарам некаторых рэгіёнаў, паўсюль атрымала захопленыя водгукі дарослых і дзяцей. Крыху ж раней публіка Беларускай дзяржаўнай філармоніі горача вітала кампазітара пасля прэм’еры яго сімфоніі-балета “Шчыгрын”. Для знаўцаў жа яго творчасці нечаканым стаўся прыход гэтага буйнога кампазітара-сімфаніста, вядомага па мудрагелістых вакальна-сімфанічных партытурах, да музыкі надзвычай меладычнай, запамінальнай, зразумелай самым шырокім слухацкім масам.

 /i/content/pi/cult/190/2052/Mdzivani.jpg
— Здараецца, — распавёў Андрэй Юр’евіч, — прафесійныя якасці кампазітарскай працы мы ставім на першае месца, не дбаючы пры гэтым пра накіраванасць музыкі на слухача. А гэта ж вельмі важна!
І часта бывае так: трэба спачатку ад чагосьці адмовіцца, каб потым да яго вярнуцца. Іншымі словамі, прайсці адзін круг і, распачаўшы другі, зразумець: ты прыйшоў, шмат чаго назапасіўшы, таму ён стане не паўторам, а новым вітком спіралі. Ці ўсе сёння ведаюць, да прыкладу, што той жа Карл Орф, перш чым стварыць свой шэдэўр — сцэнічную кантату “Карміна Бурана”, шмат пісаў эксперыментальных твораў. А потым назваў тыя свае авангардныя спробы “дэкадэнцкай лухтой”, і справай жыцця для кампазітара стала вяртанне даўніны. Тым не менш, ствараючы на аснове сярэднявечнага рукапісу сваю “Карміну Бурана”, ён напоўніцу выкарыстаў увесь свой ранейшы вопыт.
— Прыклад, мабыць, красамоўны, але асабіста я ўспрымаю ваш цяперашні “новы меладызм” не рэзкім паваротам у супрацьлеглы бок, а далейшым развіццём ранейшых тэндэнцый у вашай творчасці. Свае самыя складаныя сімфанічныя творы вы заўсёды завяршалі яркім меладычным фрагментам — менавіта вакальным (сольным ці харавым), які і заставаўся ў памяці слухачоў. Так было ў Пятай сімфоніі “Памяць зямлі”, Шостай “Полацкія пісьмёны”, у балеце “Жарсці (Рагнеда)”. На пэўным этапе творчасці гэтая “меладычная кульмінацыя” стала лідзіраваць, адсунуўшы ўбок працяглыя “падыходы-ўступы”.
— Можа, і так. Але чым далей, тым больш я задумваюся над тым, як доўга яшчэ нам, сучасным кампазітарам, трэба спасцігаць веліч Чайкоўскага. І як нам разгадаць загадку Вердзі, бо і сёння не зачаравацца яго мелодыкай, прыдатнай для прыгожых спеваў, немагчыма.
— Тым не менш, для кампазітара вельмі важны не толькі чужы вопыт, але і свой, уласны. І назапасіць яго “завочна”, ствараючы партытуры “ў стол”, без уласнага слухацкага аналізу напісанага, немагчыма.
— Вы маеце рацыю. Таму для кампазітараў кожнае новае выкананне іх твораў — гэта не проста радасць, але і магчымасць далейшага самаўдасканалення, асэнсавання таго, што атрымалася, а што, можа, і не. У тым жа “Шчыгрыне” частка “Баркарола” з’явілася раптоўна. Паслухаўшы яе на рэпетыцыі Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра на чале з Аляксандрам Анісімавым, я яе дапрацоўваў, зразумеўшы, што патрэбна прыгожае гучанне нізкіх медных духавых. А колькі зрабіў для нас, кампазітараў, кіраўнік капэлы “Санорус” Аляксей Шут! У тым жа “Маленькім прынцы” менавіта ён скіраваў пастаноўку так, каб яна была зразумелай нават дзятве.
— Чула, пасля “Маленькага прынца” вашы оперныя задумы памножыліся.
— Сапраўды, яшчэ ўлетку распачаў камічныя оперныя сцэны “Пярэпалах” на лібрэта Таццяны Мушынскай. Гэта, так бы мовіць, “опера пра оперу”: за два дні да прэм’еры ў тэатры знікае дырыжор і, галоўнае, ноты. Адкласці спектакль? Але ўжо запрошаны мэр, іншыя ганаровыя госці. І тут з’яўляецца нікому не вядомая дэбютантка… Не, гэта трэба слухаць, бо музыку пераказваць дарэмна. І зараз я “даводжу” сваю партытуру: ніжэй за папярэдні ўзровень ствараць папросту нельга. Таму да ўзнагарод стаўлюся нават з некаторай асцярожнасцю, бо яны патрабуюць далейшага развіцця. Але, разам з тым, яны ж і стымулююць творчасць, прыносяць той творчы парыў, тыя душэўны запал і натхненне, без якіх працаваць немагчыма.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА