Духоўнасць — у раёне маладых

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Прэмію “За духоўнае адраджэнне” сёлета атрымаў протаіерэй Аляксандр ШЫРЫТОН, настаяцель рэлігійнай абшчыны “Прыход храма Серафіма Сароўскага” Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы”, якая знаходзіцца ў сталічным мікрараёне “Малінаўка”.

 /i/content/pi/cult/190/2050/Duhounasc.jpg
Айцец Аляксандр распавёў нашаму карэспандэнту:
— Так атрымалася, што асвячэнне нашага прыхода, дзвюх цэркваў было прымеркавана да Услаўлення Прападобнага Серафіма Сароўскага — 3 жніўня 2003 года. Мы яшчэ даволі малады прыход, але ў нас ёсць ужо і нядзельная школа, і маладзёжны цэнтр, і праваслаўнае сястрынства.
— Маладзёжны цэнтр пры праваслаўным храме? Гэта нешта новае. Якія мерапрыемствы ў ім адбываюцца?
— Сюды прыходзяць, у асноўным, юнакі і дзяўчыны, якія жадаюць паступаць у ВНУ. Таму і накіроўваем іх на развіццё камунікацыйных навыкаў, узаемадапамогу ў самых розных справах. Напрыклад, сябруем з моладдзю са Швецыі. А яшчэ мы шэфствуем над дзецьмі — выпускнікамі інтэрната № 7: займаемся з імі, дапамагаем, каб пасля заканчэння інтэрната падлеткі не разгубіліся, сябравалі сем’ямі.
— Гэта цікава! А ці шмат дзетак у нядзельнай школе? Усё ж “Малінаўка” — раён досыць малады і, адпаведна, раён маладых.
— Так, маеце рацыю. У нас займаецца 150 дзяцей у шасці вучэбных групах. Акрамя асноўных заняткаў, ёсць яшчэ духоўны хор. А наогул у прыходзе тры духоўныя хоры. Цяпер пасля праваслаўнага Ражджаства самы час ладзіць канцэрты.
— Айцец Аляксандр, колькі ж у вас клопатаў! А сястрынства чым занята?
— Гэта і прыборка храма пасля богаслужэння, арганізацыя самых розных духоўных сустрэч. Але галоўнае наша паслушэнства для сястрынства — дапамагаць цяжкахворым у Маскоўскім раёне Мінска. Гэта вялікая і карпатлівая праца.
— Як правіла, у сястрынстве збіраюцца жанчыны. А можа, ёсць хоць адзін мужчына сярод іх?
— Адкуль вы ведаеце? Так, сапраўды, ёсць і адзін брат, па імені Іван. Сціплы вельмі. Сам прыйшоў і прапанаваў свае паслугі, сваю дапамогу.
— Я чула, непадалёк ад храма ў імя Опцінскіх Старцаў, дзе вы служыце, будзе будавацца яшчэ адзін вялікі сабор у гонар Прападобнага Серафіма Сароўскага.
— Гэта вялікая радасць для нас. Гэтай вясной будзем храм закладваць, месца ж ужо вызначана.
— Што для вас сімвалізуе прэмія?
— Прэмія “За духоўнае адраджэнне”, лічу, дадзена не толькі нам, але і ўсім праваслаўным святарам, праваслаўным вернікам. Гэта сведчыць пра ўмацаванне веры ў народзе, аб ролі Царквы ў нашым грамадстве.
— Прабачце, айцец Аляксандр, за асабістае пытанне: ці ёсць у вас дзеткі? Якой вы жадалі б бачыць іх будучыню?
— У мяне трое дзяцей: Дашы — 14, Ганне — 12 і Серафіму — 7 гадоў. Вядома, я б хацеў бачыць кагосьці з іх прадаўжальнікамі майго служэння, нашага агульнага служэння Богу. Калі не непасрэдна ў храме, то ў свецкім жыцці.

Вольга ЯГОРАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА