Абсалютна ўсё пра беларусаў

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

За шматтомнік “Беларусы”, першы том якога “Беларуская навука” выдала ў 1994 годзе, прэміяй “За духоўнае адраджэнне” адзначаны аўтарскі калектыў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 /i/content/pi/cult/190/2048/Absalutna.jpg
Дырэктар інстытута Аляксандр ЛАКОТКА ўпэўнены, што выданне “Беларусы” па маштабнасці не ведае аналагаў у межах СНД.
— А чым праца вашага калектыву, Аляксандр Іванавіч, адрозніваецца ад аднайменнага выдання Яўхіма Карскага?
— Адрозненне — прынцыповае! Стагоддзе таму Карскі разглядаў асаблівасці беларускай мовы і гіпотэзы аб паходжанні беларускага народа. Мы ж бралі пад першарадную ўвагу этнагенез і этнагісторыю Беларусі, напоўніцу выкарыстоўваючы пры гэтым усе магчымыя крыніцы, не выключаючы, да прыкладу, геаграфію, антрапалогію і гэтак далей...
Па-другое, ахоп тэм — непараўнальна шырэйшы. Скажам, асобны том “Беларусаў” прысвечаны дэталёваму і глыбокаму аналізу сямейнага і грамадскага побыту. Гаворка тут вядзецца пра станаўленне і сталенне нашых сямейных і грамадскіх традыцый.
Па-трэцяе, досыць грунтоўна разглядаюцца здабыткі нашай матэрыяльнай культуры: народнага дойлідства, прамысловасці, рамесніцтва. Шматстайна прадстаўлена і духоўная культура беларусаў: фальклорныя песні, паданні...
— Не абышлося пры гэтым, напэўна, без экспедыцый?
— Першы том цыкла, прысвечанага народна-традыцыйнай культуры Беларусі, выйшаў у 1994 годзе, апошні, дзесяты, — у 2007-ым. Недзе паўгода пайшло на экспедыцыйныя даследаванні. У выніку іх значна павялічыўся спектр ведаў па ўладкаванні беларускага жылля, ткацтве, вышыўках і строях, у першую чаргу — з раёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай навалы. Сярод новых збораў — і песні, якія раней не запісваліся.
— На якога чытача разлічана выданне?
— На гісторыкаў, этнолагаў, культуролагаў, філолагаў, што займаюцца этналінгвістыкай. А ўвогуле — на тых, хто цікавіцца Бацькаўшчынай.
— Першы дзесяцітомны цыкл завершаны. Што ў перспектыве?
— Мяркуем, што другі цыкл “Беларусаў” будзе прысвечаны нашай прафесійнай культуры.
Яўген РАГІН
Фота Юрыя ІВАНОВА