2009: год у гонар роднай зямлі

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

У Беларусі 2009 год аб’яўлены Годам роднай зямлі. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Правядзенне Года роднай зямлі будзе садзейнічаць захаванню і прымнажэнню нацыянальнага духоўнага і культурнага здабытку, гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў краіны, самабытных традыцый беларускага народа, выхаванню моладзі ў духу любові да Айчыны.
Тэматыка Года арганічна спалучаецца з важнай гістарычнай падзеяй — святкаваннем 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сведчыць аб пераемнасці патрыятычных традыцый пакалення пераможцаў, гатоўнасці нашых сучаснікаў берагчы родную зямлю, прымнажаць яе прыродныя багацці, духоўныя і культурныя скарбы.
Кіраўнік дзяржавы даручыў Савету Міністраў зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2009 годзе Года роднай зямлі і забяспечыць каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый па яго выкананні, а іншым рэспубліканскім органам дзяржкіравання, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму — падрыхтаваць і рэалізаваць галіновыя і рэгіянальныя планы.