Крама рукачынных цудаў у кантэксце раённых інавацый

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Сем цудаў з Дуброўна… Так, яны існуюць і вызначаны культасветработнікамі гэтага ўсходняга беларускага раёна. У лік тутэйшых цудаў, распавялі карэспандэнту “К” жыхары раёна, уваходзяць бернардзінскі манастыр і гарадзішча непадалёк ад вёскі Вежкі, 17-метровы дуб-волат у Быстрыёўцы і святая крыніца ў Кірэёве, царква Святой Жывапачынальнай Троіцы і Дняпро, што прыгожым выгінам працякае праз усё мястэчка, а таксама Міжнародны фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які сёлета прашумеў-праспяваў пятнаццаты раз! А да сямі цудаў краю наш спецыяльны карэспандэнт паспрабаваў дадаць яшчэ адзін: справу шчырых рупліўцаў на ніве культуры раёна. А яшчэ аказалася, што нібы чакала нашага журналіста абсалютна неверагодная гісторыя ў кантэксце зімовых святаў…

“Эканомім зусім не на феерверках!”
Інтэрв’ю нашаму карэспандэнту дала намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Людміла АКУНЯВЕЦ. Вядома ж, як адразу зазначыла суразмоўніца карэспандэнта “К”, рэгіён — усходнія вароты нашай рэспублікі. Але, натуральна, першае пытанне журналіста не магло не быць пра паходжанне назвы мястэчка і пра тыя самыя цуды рэгіёна:
 /i/content/pi/cult/189/2042/Kultasv2.jpg

Раённы дом культуры ў Дуброўне.

— Так, некалі тут былі магутныя
дубровы на дзесяткі кіламетраў. З пасяленнем людзей гушчар расступаўся. Найбольш жа старажытным гістарычным помнікам лічыцца стаянка чалавека эпохі мезаліту каля вёскі Чыжоўка. Зрэшты, і тыя самыя сем цудаў нашага краю — таксама гісторыя. Цяпер, напрыклад, ад бернардзінскага манастыра захавалася толькі двухпавярховая прыбудова — помнік XVIII — XIX стст., дзе адбываецца рэстаўрацыя. Там мяркуецца адкрыць гісторыка-краязнаўчы музей. Раскопкі на месцы гарадзішча ў вёсцы Вежкі ў сярэдзіне 1990-х паказалі, што паселішча было заснавана ў другой палове І тысячагоддзя да н. э. прадстаўнікамі дняпроўска-дзвінскай культуры, і адносіцца яно да жалезнага веку. Тая ж царква Святой Жывапачынальнай Троіцы, хоць і пабудавана ў пачатку ХХ стагоддзя, але занесена ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
— Гісторыя сапраўды багатая. А як выконваеце сучасныя дзяржаўныя праграмы?
— Найперш гаворка, вядома, пра аграгарадкі. Пабудаваны і ўведзены яны ў Святошчыцах, Ерамееўшчыне, Станіслававе, Будзе, Баброве, Сіпішчаве, Лядах, а непасрэдна сёлета — у Калінаўцы, Якубаве, Чырыне, Зарубах. Да 2010 года мае з’явіцца яшчэ сем аграгарадкоў.
Каб якасць жыцця відавочна змянілася, дапамагаюць вясковым жыхарам і культасветработнікі. У кожным з названых аграгарадкоў — невялікі ўтульны клуб, папярэдне адрамантаваны і прыстасаваны практычна для любога мерапрыемства. Арганізацыяй адпачынку ў нашым раёне займаецца больш за 50 устаноў культуры.
Аднымі з асноўных напрамкаў культурнай дзейнасці ў рэгіёне з’яўляецца клопат пра людзей сталага веку і пра моладзь. Райвыканкам — ініцыятар мясцовых акцый “За Беларусь!”, “Моладзь — за здаровы лад жыцця!”, “Падзяліся цяплом душы сваёй”. Праводзім шэраг конкурсаў: “Маладая маці”,“Сям’я года”, “Маладзёжны падворак”, “Міс Дуброўна”, “Міс Дзюймовачка”.
— Колькі слоў пра найбольш адметныя калектывы раёна.
— Народных калектываў — 10, прычым сярод іх — 2 узорныя. “Візітоўкай” раёна з’яўляецца народны ансамбль песні і музыкі “Крыніца”, які нядаўна адзначыў пятнаццацігоддзе. Глядач любіць народны жаночы хор ветэранаў “Надзея”. Заўжды шматлюдна на пасяджэннях народнага Клуба ветэранаў вайны і працы “Сардэчныя сустрэчы”.
Сапраўдным папулярызатарам мясцовай кухні стаў народны клуб “Дубровенскія прысмакі”. Запатрабаваны і рэпертуар народнага калектыву народнай песні “Калінаўскія маладзіцы”.
— А як працуеце з адзінокімі людзьмі сталага веку?
— Існуе аддзяленне кругласутачнага прыбывання. Сюды прыходзяць добраахвотна, калі няма сіл і блізкіх, хто мог бы паклапаціцца.
— Цяпер, напярэдадні Новага года, не магу не запытацца: ці эканоміце на феерверках?
— Навошта? Якраз на атрыбутах святочных дзён і не эканомім. Але, разумеючы падтэкст вашага пытання, адкажу: маем кацельныя на дровах, ёсць і газ. Рамонты ідуць з улікам тэхналогій энергазберажэння і эканоміі. Гэта датычыць замен вокнаў і дзвярэй, устаноўкі новага асвятлення. Ну і, вядома, каб Новы год прайшоў ярка, не забываемся на названы аспект гаспадарання цягам усяго года.
— Не магу не адзначыць, што, знаходзячыся на памежжы з Расіяй, Дуброўна здолела стаць цэнтрам прыцягнення творчых сіл шэрагу краін усходнееўрапейскага рэгіёна…
— Так, штогадовы фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” ўжо мае пятнаццацігадовы стаж і статус міжнароднага. Прадстаўнікі Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі прыязджаюць да нас. Дарэчы, не забываюцца на раён і ўдзельнікі “Славянскага базару ў Віцебску” — прывозяць вялікія сольныя праграмы. І гэта, мяркую, таксама заслуга дубровенскага фестывалю.
Рамяство ці мастацтва?
У Дубровенскім раёне даўняя традыцыя развіцця розных рамёстваў. Вось і пад Новы год — цудоўная выстаўка ў РДК: зала на першым паверсе аддадзена майстрам і майстрыхам. Тут і традыцыйны дубровенскі касцюм, і ручнікі, і лазовы плот, і карціны са скуры, і цэлая калекцыя ўпрыгожанняў з бісеру, і саламяныя лялькі… Хочацца як мага даўжэй пастаяць каля гэтых работ. Нават думаецца: чаму для гэтага майстэрства прыдумалі такое, падавалася б, празаічнае слова — рамяство?
 /i/content/pi/cult/189/2042/Kultasv4.jpg

 Свята-Духаў сабор у Лядах.


Не адразу ўзнік творчы цэнтр — Дом рамёстваў. Спярша шмат давялося паездзіць па вёсках, шукаць майстроў. А цяпер ва ўстанове працуюць дзяўчаты з адукацыяй: і ганчар ёсць прафесійны, і вышывальшчыца. Напрыклад, малады спецыяліст Кацярына Сярдзечкіна толькі прыехала ў верасні, але на яе маюць вялікія спадзевы ўсе, хто цікавіцца ганчарствам.
А вось у вышывальшчыцы Надзеі Цэдрык ужо ёсць вопыт — яна вядомы ў раёне педагог. Багата народных майстроў, тых, хто вышывае па ўзорах розных часоў. Тамара Іванцова, да прыкладу, займаецца вышываннем ручнікоў, а яшчэ — лозапляценнем, цікавіцца фларыстыкай, ды і бісер ёй скарыўся.
Пацікавілася, ці ідзе рэалізацыя вырабаў раённых майстроў. І адказ быў сапраўды станоўчы: жыхары раёна зацікавіліся творчасцю мясцовых рамеснікаў. А продаж здзяйсняюць у Доме рамёстваў праз выстаўкі-продажы, кірмашы. На апошніх майстры могуць выставіць сваю цану. Спадзяюцца ў Дубровенскім ДР, што ў 2009-м здолеюць адкрыць першую краму, каб распачаць традыцыю продажу вырабаў народнай творчасці ў стацыянарных пунктах.
Вядома, на Віцебшчыне немагчыма абмінуць “Горад майстроў”, які працуе пад час “Славянскага базару ў Віцебску”. Вось і Надзея Цэдрык прывезла трэці прыз у намінацыі “Развіццё нацыянальнай вышыўкі”. Ды і шэраг кантактаў на міжнародным узроўні наладжаны.
Да прыкладу, РЦР і Клуб нацыянальнай кухні прадстаўлялі творчую дэлегацыю Віцебшчыны на традыцыйным кірмашы Лодзьскага ваяводства ў Польшчы. 90 майстроў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці наведвалі Оршу пад час сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі”.
А насамрэч цудаў…31, або Ёлка з інавацыямі
— Гэтая ёлка не простая, а — бібліяграфічная, — пачала свой расповед Валянціна УСЦІНАВА, загадчык дзіцячай бібліятэкі. — Цацкі на ёй — гэта звесткі пра новыя кніжкі, парады пра тое, што варта пачытаць, навагоднія рэцэпты.
Мо дзякуючы такім, простым на першы погляд, новаўвядзенням установа заняла першае месца ў вобласці якраз па інавацыйных формах працы:
— Мы абаранілі свой праект “Сем цудаў Дубровеншчыны”, які ўключае і працу па краязнаўстве, і экскурсійны маршрут. Каб вылучыць тую сямёрку з 31 варыянта, мы праводзілі “гарачую лінію”, разглядалі розныя праекты, у абмеркаванні ўдзельнічала мясцовая прэса.
 /i/content/pi/cult/189/2042/Kultasv3.jpg
Насця Гаеўская з лялькамі ў бібліятэцы.
Чым яшчэ адметная дзіцячая бібліятэка?
Дапамогай дзецям-сіротам у клубах “Тусоўка” і “Уют-компания”. Адкрываецца літаратурны клуб “На прызбе”.
Ёсць ва ўстанове і ўласная сцэна, праўда, лялечная: гаворка — пра ўзорны тэатр “Церамок”. Якраз пад час наведвання бібліятэкі дафарбоўваліся новыя самаробныя лялькі да навагодняга спектакля “Калиф-аист” паводле Гауфа. А вось і адданыя гледачы: Насця Гаеўская яшчэ толькі пойдзе ў школу, а ўжо сталая чытачка бібліятэкі і глядачка “Церамка”.
“Першыя ластаўкі” кнігавыдання
Наступная сустрэча адбылася ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе экскурсаводам стала загадчыца ўстановы Валянціна АСІПЕНКА:
— У нас каля 240 тысяч кніг, — распавяла Валянціна Уладзіміраўна. — Чытачоў — блізу 13 тысяч. Пагадзіцеся, для невялікага рэгіёна лічба немалая. Атрымліваецца, кожны другі жыхар — чытач раённай бібліятэкі. У бібліятэках раёна рабілі рамонт, мяркуецца правесці шэраг работ і ў новым годзе.
Маецца ва ўстанове камерцыйны фонд, працуе капіравальны апарат. Цяпер распрацоўваем ламініраванне, якое карыстаецца павышаным попытам у школьнікаў: адна вокладка для рэферата — 1800 рублёў.
— А вось тут у нас, так бы мовіць, мазгавыцэнтр, — распавядае Вольга ВЯРБІЦКАЯ, загадчык аддзела маркетынгу. — Абагульняем вопыт лепшых работнікаў, праводзім вучобу кадраў, семінары… Мы ж з’яўляемся і выдаўцамі ўсяго новага, што сабралі з практыкі і ў дзіцячай, і ў дарослай бібліятэках. Былі ўжо і брашуры, і невялікія кнігі, напрыклад, пра знакамітых людзей нашага краю. І, ведаеце, нашы выданні, дарма што “першыя ластаўкі” ў гэтай справе, карыстаюцца попытам школьнікаў і настаўнікаў.
Новы тып культурнай установы
Разам з начальнікам аддзела культуры Кацярынай ЛАБУКА едзем да новага, толькі сёлета здадзенага, аграгарадка “Калінаўка”. “Амаль 100 мільёнаў рублёў выдаткавана на рэканструкцыю гэтага СДК”, — кажа начальнік аддзела культуры.
На парозе ўстановы нас сустрэла мастацкі кіраўнік Ала Капцерава. Дарэчы, яе сястра Антаніна — дырэктар СДК. Вядома, першае, што спяшаюцца паказаць, — рэпетыцыю пад навагодняй ялінкай. Кіраўнік “Калінаўскіх маладзіц” Міхаіл Шлег грае на баяне, а народны ансамбль народнай песні выконвае творы са свайго рэпертуару. Сабрала калектыў былы дырэктар СДК Зоя Прусава, якая і цяпер запявае ў “Калінаўскіх маладзіцах”, а таксама зберагае стары рэпертуар.І ў аграгарадку “Ляды”, дзе мы пабывалі, цёпла і ўтульна. Толькі што адрамантаваная зала СДК чакае гасцей. Таму і не хочацца пакідаць такія ўтульныя ўстановы культуры.— За апошні час сапраўды багата зроблена для культуры на вёсцы, нібы чытае мае думкі Кацярына Лабука. — У шасці аграгарадках адрамантаваны і забяспечаны сучасным абсталяваннем клубы і бібліятэкі. Адкрылі і ўстановы новага тыпу: бібліятэка-музей ільну ў аграгарадку “Баброва”, філарманічная пляцоўка ў аграгарадку “Ерамееўшчына”, створаны аўтаклуб.
За год работнікі культуры даюць да 200 канцэртаў, прычым 140 з іх — на сяле. У 2008-м правялі 60 святаў вёсак.
Сёлета зазнаў пераўтварэнні і РДК: які фасад, якая танцавальная зала! Сяргей Гарбачоў, дырэктар РДК, таксама адзначае гэтыя навінкі ўстановы. Яго жонка — рэжысіруе пастаноўкі ў Раённым доме культуры, а васьмігадовая дачка Варвара чытае, спявае, вучыцца граць на фартэпіяна. Дарэчы, дзяўчынка — сёлетняя “Міс Дзюймовачка” Дубровеншчыны.Адметная ва ўстановенародная студыя эстраднай песні “Ліра”, створаная Сяргеем Гарбачовым. Удзельнікі адразу вызначыліся з рэпертуарам: найперш спяваюць лепшыя творы ХХ стагоддзя. Акрамя “Ліры”, у РДК яшчэ 20 разнастайных калектываў, прычым з іх 4— народныя і адзін— узорны.
Ёсць у Доме культуры і ўласны тэатр моды “Стыль”.
Святочныя планы і будзённыя развагі
На савет сабраўся ўвесь склад Раённага метадычнага цэнтра на чале з Таццянай Гарзуевай. Абмяркоўвалі навагоднія і калядныя вечарыны, наогул — перспектывы на 2009-ы. З найбліжэйшых святочных планаў — парад Дзедаў Марозаў, начныя гулянні, феерверкі.
Метадыст па фальклоры Настасся Красоўская распавядае пра новыя пастаноўкі па названай тэме. Дарэчы, яна працуе культасветработнікам каля 40 гадоў.
У метадычным цэнтры было выдадзена мноства буклетаў, зборнікаў песень, прыказак і прымавак, апісанняў народных танцаў, а таксама знакамітых дубровенскіх рэцэптаў.
— Думаем мы і пра новых людзей у сістэме культуры, пра маладых спецыялістаў,— разважае начальнік аддзела культуры. — Я ўжо для сябе адзначыла: дзяўчаты ў нас затрымліваюцца больш, чым на абавязковыя два гады. І гэта радуе! 40 чалавек навучаюцца на завочным аддзяленні, 9 маладых спецыялістаў прынялі ў гэтым годзе. Нямала, падавалася б, ды не стае пакуль выкладчыка па тэорыі музыкі, акампаніятара, харэографа і нават інжынера па святлогукавым абсталяванні.
Чым аздобіць салавейку?
І яшчэ адзін штрых да партрэта Дубровеншчыны. “Няхай песня яднае нашы народы!”, — такі дэвіз вялікага Міжнароднага фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Прыдумаў яго зямляк з вёскі Дзяцель — начальнік абласнога ўпраўлення культуры Мікалай Пашынскі. І калі ў першым фестывалі ўдзельнічала 250 артыстаў, то цяпер — да 700!
 /i/content/pi/cult/189/2042/Kultasv1.jpg
Народны ансамбль народнай песні“Калінаўскія маладзіцы”.
— Як невялікае Дуброўна прымае
так шмат выступоўцаў і гледачоў? Тут ужо напрацавана гадамі сістэма. Не стае гасцініцы— ёсць інтэрнат каледжа з еўрарамонтам. Увогуле, на правядзенне фестывалю асвойваецца каля 200 мільёнаў рублёў. Збольшага сродкі райвыканкама, дапамагае шчодра і вобласць, — зазначае Кацярына Лабука.
А прыз дубровенцы прыдумалі свой: керамічны салавей — штогод у розным абрамленні. Віктар Кавальчук, віцебскі кераміст, аздабляў птушку званочкам, шапачкай жолуда, скрыпкай і лірай...
Так, правядзенне фестывалю такога высокага ўзроўню проста вымагае наяўнасці ў мястэчку годнай гасцініцы. Варта падумаць і пра каляфестывальнае забеспячэнне — тыя ж турыстычныя маршруты па сямі цудах Дубровеншчыны…
***…Калі пакідала Дуброўна, бачыла, як упрыгожвалі ёлку ў самым цэнтры. І ў мяне спецыяльна для яе застаўся невялічкі шарык. Маленькі сіні шар для Дуброўна!..

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Дубровенскі раён — Мінск
Фота аўтара