“М-м-м, смаката!” або “паўночнае ззянне”

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

У працяг бульбяной тэмы карэспандэнт “К” вырашыў пацікавіцца, як ставяцца вядомыя творчыя асобы Беларусі да бульбы як міжнароднага сімвала нашага народа і краіны.

Генадзь АЎСЯННІКАЎ, народны артыст СССР і Беларусі:
— Мы павінны ганарыцца, таму што гэта “другі хлеб” не толькі для беларусаў,— аднымі караваямі сыты не будзеш. Хочацца, каб была і бульбачка ў мундзіры, і смажаная, і вараная — розная… Ёсць такая кніжка: “200 страў з бульбы”, і вось што я падумаў пра яе. Тэлебачанне запрасіла цікавага чалавека Барыса Бурду, які вучыць тэлегледачоў, як рабіць клёцкі, гатаваць баклажаны ды іншыя стравы, а я думаю: няўжо няма ніводнага чалавека ў Беларусі, каб ён распавёў пра стравы з бульбы? Гэта ж дзвесце страў ужо ёсць — амаль цэлы год можна выпускаць кулінарную перадачу! Штодня — новая страва.
Асабіста я люблю дранікі, вельмі даспадобы бабка, з вайны яе памятаю. А калі яна яшчэ ў гаршчочку гліняным, са шкваркамі, са смятанай, з усім, чым хочаш, — м-м-м, смаката!
Максім ПЯТРУЛЬ, скульптар:
— Калі ўжо выбіраць культурны брэнд — ім можа стаць, думаецца, Марк Шагал, віцебская авангардная школа, “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча. Беларусь — гэта не толькі лапці, скокі ды бульба, але і туман, балоты, прыгожае неба, бела-блакітныя агні ліхтароў — гэткае “паўночнае ззянне”… Гэта асабіста мае асацыяцыі.
Анатоль ЯРМОЛЕНКА, народны артыст Беларусі:

— Бульба, на мой погляд, — “гэта наша ўсё”: наш каларыт, нашы карані, наша радзіма. Вось вы мне зараз тэлефануеце, а я знаходжуся ў Санкт-Пецярбургу, і акурат ем бульбу з рыбай. У мяне ўсе ў сям’і любяць бульбу, і “Сябры” не абыякавыя да яе. У нас ёсць цудоўная песня з такой назвай: “Бульба”. І я напярэдадні Новага года ўсім беларусам хачу сказаць: “Бульбашы, трымайцеся!”
Святлана ЗЕЛЯНКОЎСКАЯ, актрыса Купалаўскага тэатра:
— Прызнацца, я не ем бульбу, але з-а гэтага не перастаю лічыць сябе беларускай. У нашай зямлі шмат талентаў, і мне, калі шчыра, здаецца, што атаясамліваць беларусаў толькі з бульбай — несправядліва.
Аксана ВОЛКАВА, салістка Беларускай оперы:
— Я стаўлюся да гэтага як да належнага. Але само слова, яго мелодыка
мне не вельмі падабаюцца. Урэшце, усёй сваёй працай на сцэне я імкнуся
даказаць, што беларусы — гэта не толькі бульба, але і штосьці значна большае.
А ў цэлым, бульбу ем, і лічу яе прадуктам карысным і смачным.
Д.А.