Білет у жыццё даў Якуб Колас

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Якуб Колас быў не толькі славутым паэтам, навукоўцам, настаўнікам, але і духоўным апекуном таленавітых асоб. Для адных тое выразілася ў дарэчы “выстаўленай” ацэнцы, для іншых набывала і матэрыяльнае выражэнне. Сярод тагачаснай творчай моладзі, каму паспрыяў народны паэт, — скульптар Заір Азгур, мастак Янка Лабкоўскі, літаратар Уладзімір Корбан…

Як вылепіць з натуры Песняра? Якім чынам квіток паштовага перавода стаў талісманам? Якуб Колас паўстае такім, якім мы яго не ведаем, у фондавых матэрыялах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

«Спакойна, тады будзе добра»
Упершыню Заір Азгур пазнаёміўся з Якубам Коласам тады, калі быў студэнтам Віцебскага мастацкага тэхнікума. У 1924 годзе ён адправіўся разам з загадчыкам гарадскога музея Васілевічам выконваць “пачэсны і нялёгкі” заказ установы: малады скульптар павінен быў вылепіць Песняра з натуры. Азгур узгадваў: “Першая сустрэча з Якубам Коласам і работа над яго партрэтам засталіся глыбока ў маёй памяці… Ён ахвотна пазіраваў мне ў 1928 і 1939 гадах”.
 /i/content/pi/cult/185/2036/Kolas1.jpg
 Якуб Колас у майстэрні Заіра Азгура.
Заір Ісакавіч прыгадваў дапамогу майстра слова, яго задушэўнасць і сардэчнасць: “Я на працягу трох гадоў (1925 — 1928), калі вучыўся ў Ленінградзе, штомесячна атрымліваў па 40 рублёў, якія высылаліся мне з Мінска дзядзькам Сашам, Марыяй Дзмітрыеўнай ці Якубам Коласам”. Аднак адзін выпадак запаў у душу скульптара больш за ўсё. Як толькі ён прыехаў на канікулы з Ленінграда ў Мінск, адразу ж завітаў да Коласа, якому расказаў пра сваю вучобу. А на наступны дзень знайшоў у кішэні аж 200 рублёў! Прыгадаем, што з 1921 па 1927 гады Міцкевічы не мелі ўласнай хаты. У гэты час яны здымалі кватэру ў колішнім доме пана Русецкага (цяпер — вуліца Кісялёва). Якраз у 1926 годзе нарадзіўся трэці сын паэта — Міхась. “Я доўга дапытваўся, адкуль яны трапілі. Пытаўся ў дзядзькі Сашы і Марыі Дзмітрыеўны. Яны нічога не сказалі… Потым я даведаўся, што Канстанцін Міхайлавіч дапамагаў пачынаючым пісьменнікам і многім студэнтам, якія вучыліся ва універсітэце”, — распавядаў Азгур.
Вядомы беларускі скульптар успамінаў параду майстра слова, пачутую будучы студэнтам мастацкага тэхнікума. Гэтыя словы дапамаглі зняць хваляванне ў час першай, але знакавай работы: “Прафесія скульптара — складаная. Спяшацца тут нельга. Спакойна, тады будзе добра… Літаратура — гэта такое мастацтва, калі трэба сядзець спакойна. Мабыць, і ў скульптара так павінна быць…”
З першай сустрэчы творцаў прайшло шмат часу. У 1949 годзе Колас пакідае дарчы надпіс на рускамоўным выданні паэмы “Рыбакова хата” ўжо сталаму мастаку: “Дарагому Заіру Ісакавічу, “Беларускаму маэстра-скульптару”. Якуб Колас. 25.VІІ.1949 г.” У 1952 годзе святкуецца 70-годдзе класіка нацыянальнай літаратуры. З гэтай нагоды яму была падорана карціна “Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны” ад сям’і мастака, якую намалявала спадарожніца жыцця Заіра Азгура Галіна Гаўрылаўна. Сёння гэтае жывапіснае палатно з’яўляецца аздобай мемарыяльнай часткі коласаўскага музея. Зрэшты, цёплыя ўзаемаадносіны сем’яў працягваліся да апошніх дзён паэта. Сведчыць пра гэта і тое, што кожнае свята Заір і Галіна Азгуры высылалі віншавальныя тэлеграмы, поўныя павагі і шчырай падзякі.
Перапіска на адвароце квітка
Спрыянне Якуба Коласа маладым талентам цесна звязана і з імем Івана Лабкоўскага. Ён нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і сельскага настаўніка. Маці рана памерла, таму малодшых дзяцей узялі на выхаванне сваякі. Такім чынам хлопчык Янка апынуўся ў Магілёве ў сям’і настаўнікаў Дубовікаў. Да іх заходзіў, бывала, і Якуб Колас. Песняр, убачыўшы малюнкі падлетка, заўважыў, што той валодае мастацкімі здольнасцямі. З таго часу пачаў народны паэт дапамагаць Янку: кожны месяц рабіў грашовы перавод, які суправаджаў тэкстам на адваротным баку квітка. 11 красавіка 1928 года такім арыгінальным чынам з Мінска ў Магілёў Якуб Колас пісаў: “Мілы Янка! Пасылаю дзесяць руб. Купі самае патрэбнае. Не смуткуй. Ад школы не адрывайся. Вучыся. Трэба школу скончыць, а там паглядзім. Можна будзе падумаць аб Віцебскім мастацкім тэхнікуме. У цябе ёсць мастацкія здольнасці. Бывай здаровы. Якуб Колас”.
Паэт ведаў: галоўнае — вучыцца! Нават насуперак бязлітасна-суроваму лёсу. Словы гэтыя абудзілі юнака да дзеяння: Янка Лабкоўскі стаў студэнтам Віцебскага мастацкага тэхнікума. Неапублікаваныя ўспаміны яго дачкі Галіны Іванаўны, што захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, сведчаць: “Песняр дапамагаў яму ўвесь час да сканчэння тэхнікума. Бацька з трапятлівасцю захоўваў усе квіткі ад Якуба Коласа. Удзячны, намаляваў у падарунак партрэт Коласа. Ды так добра намаляваў, што Пясняр быў усхваляваны і назваў фотаздымкам”.

 /i/content/pi/cult/185/2036/Kolas2.jpg
 Іван Лабкоўскі ў гады знаёмства
з Якубам Коласам.
У 1932 годзе Іван Лукіч паступіў у Ленінградскую мастацкую акадэмію. Правучыўшыся год, неўзабаве кінуў вучобу па стане здароўя. Да 1939 года працаваў у Доме народнай творчасці Магілёва, пасля пераехаў у Беласток, дзе сустрэў вайну. (Поруч з Іванам Лабкоўскім, дарэчы, змагаўся з ворагам іншы беларускі творца — Павел Масленікаў.)
На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны большая частка творчай спадчыны і асабістых рэчаў мастака была знішчана. Галіна Іванаўна сведчыць: “Застаўся адзін квіток… Бацька насіў яго ў кішэні заўсёды з сабой як талісман”.
Пасля вайны мастак вярнуўся ў Магілёў, дзе выкладаў у тэхнікуме і сярэдняй школе. Працягваў ён і браць прыклад з Якуба Коласа: дапамагаў дзецям-сіротам, купляў для іх алоўкі і фарбы. Вядома, болем адгукнулася ў сэрцы Івана Лукіча вестка пра смерць чалавека, які вывеў яго на “прасторы жыцця”. Дачка памятае: “Калі ў 1956 годзе не стала Якуба Коласа, бацька вельмі перажываў. Паехаў праводзіць дарагога яму чалавека ў апошні шлях”.
Варта папрацаваць!
Да Якуба Коласа звяртаўся і пачынаючы паэт Уладзімір Корбан. У фондах коласаўскага музея захоўваюцца 2 лісты і 2 сшыткі баек, якія даслаў Корбан у 1940-я гады класіку, каб той даў ацэнку яго творчасці. 4 лютага 1946 года Уладзімір Іванавіч піша: “Уважаемый т. Якуб Колас! Знаю, что свободного времени у Вас не так уж много, и отлично понимая, что злоупотреблять не следовало бы, все же посылаю Вам свои стихи и жду Вашего слова. Знаю и то, что Вас бомбят своими стихами подобные мне поэты. Но все же прошу Вашего внимания.” 3 сакавіка 1946 года Колас піша адказ: “Уважаемый товарищ! Прочёл я Ваши стихи. В общем они произвели на меня хорошее впечатление. Тема очень актуальна в нынешние дни… Конечно, они нуждаются в более тщательной обработке стиха, отдельных образов, выражений… Во всяком случае, Вам, кажется мне, стоит поработать в этой области”.
Свой працоўны шлях Уладзімір Іванавіч прайшоў ад токара на Ленінградскім суднабудаўнічым заводзе да дырэктара цвіковага завода ў Лідзе. А літаратурную дзейнасць пачаў “во второй половине жизни”. Аднак накірунак абраны быў правільны: пра гэта сведчаць шматлікія зборнікі вершаў, баек і фельетонаў Уладзіміра Корбана. Якуб Колас падтрымаў цёплым словам яшчэ адзін талент.
Сэрца паэта не стала чэрствым.
Яскравым доказам пра клопат аб людзях сведчыць наступнае: у фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея захоўваецца больш як 300 квітанцый грашовых пераводаў, адпраўленых Коласам у пасляваенны час. Геаграфія адрасоў — Масква, Ленінград, Кіеў, Ташкент, Каўнас, Архангельск, Мікалаеў, Ліпецк, Віцебск, Магілёў, Полацк...
Таццяна МАКАРАНКА,
старшы навуковы супрацоўнік
навукова-фондавага аддзела Дзяржаўнага
літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа